Уборкі (Менск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уборкі, 1941—43 рр.

Уборкі — гістарычная мясцовасьць Менску, разьмешчаная на поўдзень ад Віленскага вакзалу (цяперашні Менск-Пасажырскі) абапал палатна Маскоўска-Берасьцейскай чыгункі і далей да скрыжаваньня Новазахараўскай (Маскоўскай) вуліцы і Койданаўскага шляху. Гістарычныя Ўборкі — раён сучасных вуліцаў Магілёўскай — Вакзальнай — Рабкораўскай — Талстога і іншых. Гэтыя вуліцы паўсталі ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў у зьвязку з пракладкай чыгуначнай лініі і будаваньнем двух вакзалаў[1].

На захад ад Уборак пачынаюцца Грушаўка і Добрыя Мысьлі, на поўнач — Пляшчанка, на ўсход — Ляхаўка, на паўднёвы ўсход — Серабранскія Млыны, на поўдзень — Сенажаны[2][3].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чыгуначны мост ува Ўборках

Прадмесьце пачало актыўна забудоўвацца ў 70-я рокі XIX ст. у зьвязку з будаваньнем чыгункі. Паблізу знаходзіўся Немаршанскі гай, які разам зь вялікім Ляхаўскім гаем, паводле падарожніка і краязнаўцы Паўла Шпілеўскага, меў вядомасьць сваімі маёўкамі (травеньскімі гуляньнямі)[4]. Мяркуецца, што менавіта адсюль і пайшла назва ўрочышча «Боркі» або «Ўборкі», што значыць каля бору, лесу[5].

Чыгуначны мост, 1897 р.

У пачатку XX ст. Уборкі ўваходзілі ў чацьвертую паліцэйскую частку места. Паміж чыгункамі ўва Ўборках праходзілі Вакзальная (захавалася яе траса), Малаюраўская (Льва Талстога), 2-я Сяргееўская (Рабкораўская). Сёньня можна ўбачыць кавалкі вуліцаў прадмесьця і за чыгункамі: гэта — вуліцы Прыгожая, Слонімская, Барысаўская (Студэнцкая)[6].

Прадмесьце вельмі хутка забудоўвалася, і мескія ўлады не пасьпявалі правяраць адпаведнасьць новых будынкаў і вулачак праектаваму пляну. У выніку чаго зьявіліся пэўныя праблемы з праездам тэрыторыяй раёну[5].

Да нашага часу мескія ўлады зьнесьлі большасьць драўляных будынкаў, аднак захаваліся асобныя пабудовы канца XIX — пачатку XX стагодзьдзяў. Тапонім Уборкі ніяк не пазначаецца на сучаснай мапе Менску, арыентырамі межаў колішняга прадмесьця зьяўляюцца сучасныя вуліцы Талстога, Маскоўская і Магілёўская[7].

Старыя адрасы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Віленскі вакзал з боку Ўборак
  • Вакзальная 7. Склад газы манапалістычнага аб’яданьня «Нобель». Разьмяшчаўся за чыгуначнымі рэйкамі насупраць Віленскага вакзала. Дакладнае месцазнаходаньне застаецца нявызначаным.
  • Вакзальная 10. Управа камэнданта. Будынак стаяў за чыгуначнымі рэйкамі, насупраць Віленскага вакзала. Побач зь ім знаходзіўся зборны пункт навабранцаў, адкуль салдатаў чыгункай перавозілі да месца будучай службы.
  • Малаюраўская, 12, дом Рэдзькі. У гэтым драўляным будынку ў 1915—1918 роках жыў Зьмітрок Бядуля. Тут жа, у пісьменьніка, у верасьні 1916 року пасяліўся Максім Багдановіч. Будынак захаваўся і пэўны час стаяў на сваім ранейшым месцы, у сярэдзіне 1980-х рокаў яго перанесьлі на Рабкораўскі завулак.
  • Новазахараўская 9, дом Дунэра. Пецярбурская фатаграфія «Эскандэр». Працавала з 1891 року. Знаходзілася налева ад чыгуначнага шляхаправоду, паблізу цяперашняга Заходняга моста насупраць Дабрамысьленскага завулку.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.
  2. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 196—197.
  3. ^ Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. C. 550—551.
  4. ^ Шпилевский П. М. Путешествие по Полесью и белорусскому краю. — Минск, 1992.
  5. ^ а б Гісторыя Мінска. — Менск, 2006. С. 228.
  6. ^ Сацукевіч І. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
  7. ^ Лакотка А. Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры. — Мінск: Полымя, 1991. С. 70.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Менск: БелЭн, 2006. — 696 с. ISBN 985-11-0344-6.
  • Лакотка А. Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры. — Менск: Полымя, 1991.
  • Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1.
  • Шыбека З., Шыбека С. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада / Пер. з рускай мовы М. Віжа; Прадмова С. Станюты. — Менск: Полымя, 1994. — 341 с. [1] асобн. арк. карт.: іл. ISBN 5-345-00613-X.
  • Боровой Р. Минские пригороды XVI — начала XX века [1](недаступная спасылка) // Архитектура и строительство. — 2008. — № 11. — С. 46—50.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]