Уку Мазінг

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уку Мазінг
Uku Masing
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Хуга Альбэрт Мазінг
Нарадзіўся 11 жніўня 1909(1909-08-11)[1][2][3]
Памёр 25 красавіка 1985(1985-04-25)[1][2][3] (75 гадоў)
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці філёзаф, перакладнік, тэоляг, фальклярыст, філёляг
Мова эстонская
Узнагароды Праведнік народаў сьвету

У́ку Ма́зінг (па-эстонску: Uku Masing), пры нараджэньні Хуга Альбэрт Мазінг (па-эстонску: Hugo Albert Masing; 11 жніўня 1909, хутар Ліпа Райкюльскай воласьці, Хар’юскі павет Эстляндзкай губэрні, Расейская імпэрыя — 25 красавіка 1985, Тарту, Эстонская ССР) — эстонскі філёзаф, перакладнік, тэоляг, фальклярыст, філёляг. Пачынальнік эстонскай аналітычнай філязофіі. Пісаў таксама вершы, у асноўным на рэлігійныя тэмы. Быў прызнаным дасьледнікам фальклёру, пісаў для міжнароднага даведніку Энцыкляпэдыя казак. Ляўрэат узнагароды Праведнікі народаў сьвету інстытуту Яд Вашэм (1969) за ўратаваньне жыдоў падчас Галакосту ў Эстоніі, прафэсар Тартускага ўнівэрсытэту.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хуга Мазінг нарадзіўся на хутары Ліпа (цяпер вёска ў воласьці Райкюла Раплаўскага павету Эстоніі) ў эвангельскай сям’і. Паказаў выдатныя вынікі ў вывучэньні моваў і да сканчэньня сярэдняе школы размаўляў на чатырох мовах. У 1926 пачаў вывучаць тэалёгію ў Тартускім унівэрсытэце. У 1930 скончыў унівэрсытэт са ступеньню магістра багаслоўя па Старым Запавеце і сэміталёгіі. Працягнуў навучаньне ў Цюбінгене і Бэрліне.

З 1933 пачаў выкладчыцкую практыку ў Тартускім унівэрсытэце, выкладаў тэалёгію і сэміцкія мовы.

18 студзеня 1937 року зьмяніў уласнае імя Хуга Альбэрт на Уку. У 1939 ажаніўся з Эхай Туулемаа.

У пэрыяд нямецкай акупацыі Эстоніі сям’я Мазінгаў хавала ва ўласнай хаце жыдоўскага студэнта Ізідара Левіна, будучага доктара філялягічных навук і прафэсара фальклярыстыкі. За гэты ўчынак Уку і Эха Мазінгі былі ўганараваныя званьнем Праведнікаў народаў сьвету[4].

Па вайне савецкія ўлады зачынілі факультэт тэалёгіі ў Тарту, і Уку Мазінг працаваў у розных месцах, перакладаў паэзію. Браў таксама ўдзел у расьсьледаваньні нацысцкіх злачынстваў, у прыватнасьці, у канцлягеры Клёага.

Дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Публікавацца зь вершамі, перакладамі і эсэ пачаў падчас навучаньня ва ўнівэрсытэце.

У 1938 далучыўся да ўплывовай суполкі эстонскіх паэтаў «Чараўнікі», заснаванай Антсам Орасам, куды ўваходзілі Хэйці Тальвік, Бэці Альвер, Паўль Війдынг, Бэрнард Кангра, Аўгуст Санг і Керсты Мэрылаас.

Аўтар працаў па фальклёры народаў сьвету. Большую частку напісаных за савецкім часам твораў распаўсюджваў самвыдатам.

Уку Мазінг валодаў 65 мовамі і перакладаў з 20 зь іх, у прыватнасьці з старажытнага іўрыту, санскрыту, грэцкай, арабскай, шумерскай і іншых.

Ён напісаў столькі твораў, што нявыдадзеныя рукапісы ацэньваюцца ў 10 000 старонак. Вывучэньнем, захаваньнем і распаўсюджваньнем ягонага даробку займаецца адмыслова створаная Калегія па спадчыне Уку Мазінга.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Uku Masing // Eesti biograafiline andmebaas ISIK (эст.)
  2. ^ а б Uku Masing // Store norske leksikon (бук.) — 1978. — ISSN 2464-1480
  3. ^ а б Masing Uku (1909 - 1985 ) // The Righteous Among the Nations Database (анг.)
  4. ^ Martin Gilbert. The Righteous: The Unsung Heroes of the Holocaust. — Henry Holt and Company, 2003. — С. 31. — ISBN 9780805062601

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]