Уладзімер Фінькоўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Фінькоўскі
Род дзейнасьці сьвятар
Дата нараджэньня 13 лютага 1906
Месца нараджэньня Гальшаны
Дата сьмерці 26 студзеня 1988 (81 год)
Месца сьмерці Булёнь
Месца пахаваньня

Уладзі́мер Фінько́ўскі (13 лютага 1906, Гальшаны — 26 студзеня 1988, Булёнь) — беларускі праваслаўны сьвятар, архімандрыт (1947).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пастрыжаны ў манахі ў 1927 року, іерадыякан (1931), іераманах (1936)[1]. Быў асабістым сакратаром віленскага архіяпіскапа Феадосія. За супраціў палянізацыі Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў 1935 року высланы зь Вільні. Працаваў у Пінску, пасьля да чэрвеня 1941 року жыў і сьвятарыў у Пружанах[2].

Улетку 1941 року іераманах Фінькоўскі разам з часткамі нямецкіх войскаў прыбыў у Менск, дзе, выдаўшы сябе за ігумена, дамогся ад СД пасады сьвятара Прэабражэнскай царквы[3]. Адразу заняўся працай па ўзнаўленьні сьвятыняў у Менскай акрузе, узначаліў царкоўна-будаўнічы камітэт. Ужо ў жніўні ў Прэабражэнскай царкве адбылося першае набажэнства зь вялікай колькасьцю вернікаў, у тым ліку моладзі. Пазьней у ягонай царкве знайшоў сабе прытулак створаны Саюз беларускай моладзі[4].

З дапамогай СД узьведзены ў сан япіскапа Менскай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Карыстаючыся падтрымкай нямецкіх уладаў, прызначаў у адчыненыя цэрквы Ўсходняй Беларусі сьвятароў без узгадненьня з праваслаўнай герархіяй у Заходняй Беларусі[3]. Ягоны сучасьнік інжынэр Іван Касяк адзначыў, што іераманах Уладзімер паходзіў зь беларускай сялянскай сям’і[5], аднак ігнараваў заклікі беларускага актыву ў Менску (Радаслава Астроўскага і інш.) да беларусізацыі праваслаўнага жыцьця[6]. Ён ахвотна супрацоўнічаў толькі зь немцамі[7]: павесіў ва ўласным пакоі партрэт Гітлера і наказваў наведнікам хрысьціцца на яго; у адной з казаняў абвясьціў, што «Беларусь не павінна зрабіцца незалежнай дзяржавай, застаючыся назаўжды пад нямецкім сувэрэнітэтам»[8].

Пасьля таго, як БАПЦ ачоліў архіяпіскап Панцеляймон, Уладзімер Фінькоўскі адмовіўся саступіць займаны ім архірэйскі дом і напрыканцы 1941 року быў пазбаўлены права адпраўляць набажэнствы. Супраць яго таксама было высунутае абвінавачаньне ў прысабечаньні некаторых публічных рэчаў зь Дзяржаўнага музэю. Па выніках праверкі матэрыялы справы былі перададзеныя ў царкоўны суд, які прыгаварыў Уладзімера Фінькоўскага да турэмнага зьняволеньня, аднак нямецкія ўлады вызвалілі яго з умовай неадкладнага ад’езду ў Варшаву[7].

У 1944 эміграваў у Заходнюю Нямеччыну, пасьля ў Францыю, дзе таксама адпраўляў набажэнствы. Так, на сьвяткаваньне ўгодкаў абвяшчэньня БНР 25 сакавіка 1945 року ў Парыжы служыў імшу разам з айцом Францішкам Чарняўскім[9]. У 1947—1949 настаяцель прыходу правялебнага Серафіма Сароўскага ў Шале[10] ў юрысдыкцыі Маскоўскага патрыярхату[11].

Пры канцы 1950-х Уладзімер атрымаў годнасьць архімандрыта і 10 красавіка 1960 году (паводле іншых зьвестак — у 1958) пераехаў у Чыкага[9] (ЗША). Тут 5 лістапада 1958 року было абвешчана пра стварэньне яшчэ адной Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы (БАПЦ-2), нікім не прызнанай на эміграцыі. Уладзімер Фінькоўскі быў высьвечаны ў япіскапы гэтай царквы і стаў сьвятаром створанай парафіі сьв. Юрыя ў Чыкага (анг. Saint George Belarusian Orthodox Church). Браў удзел у беларускім нацыянальным руху.

Аднак у хуткім часе, пасьля ўмяшальніцтва сьвецкага і царкоўнага актыву, Фінькоўскі быў адхілены ад пасады сьвятара і вярнуўся ў Францыю. Парафія сьвятога Юрыя перайшла пад юрысдыкцыю канстантыпольскага патрыярха, а БАПЦ-2, якая фактычна складалася толькі з аднае гэтае парафіі, перастала існаваць.

Памёр у Булёні пад Парыжам, пахаваны на мясцовых Новых могілках.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Владимир (Финковский, Финьковский) // Российское зарубежье во Франции 1919—2000: биогр. слов.: в 3 т. / под общ. ред. Л. Мнухина, М. Авриль, В. Лосской. — М.: Наука; Дом-музей Марины Цветаевой, 2008—. — ISBN 978-5-02-036267-3; 978-5-93015-104-6
  2. ^ Лявон Юрэвіч. Асобы й рэаліі // Вырваныя бачыны: да гісторыі Саюзу Беларускае Моладзі. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. — (Бібліятэка часопісу «Беларускі Гістарычны Агляд»). — ISBN 985-6599-24-5
  3. ^ а б Вяртаньне ў Менск // Дз. Касмовіч. За вольную і сувэрэнную Беларусь…
  4. ^ Лявон Юрэвіч. Бачына трэцяя. «Вашая Дзіна…» // Вырваныя бачыны: да гісторыі Саюзу Беларускае Моладзі. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. — (Бібліятэка часопісу «Беларускі Гістарычны Агляд»). — ISBN 985-6599-24-5
  5. ^ Анатоль Грыцкевіч. Праваслаўная царква ў Беларусі ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны // Наша слова. — 2005. — № 37 (723).
  6. ^ Мікола Волаціч. 7. Падрыхтоўка й арганізацыя БАПЦ…
  7. ^ а б Силова С.В. Отношения православной церкви с нацистским оккупационным режимом и белорусской коллаборацией // Православная церковь в Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1945 гг.). — Гродно: ГрГУ, 2003. — ISBN 985417-508-4
  8. ^ Leonid Rein. The Kings and the Pawns: Collaboration in Byelorussia During World War II. — New York: Berghahn Books, 2011. — С. 202. — ISBN 978-1845457761
  9. ^ а б Панькоў Мікола. Хроніка беларускага жыцьця на чужыне // Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945—1984) / Гардзіенка Алег. — Мн.: Беларускі гістарычны агляд, 2001. — (Бібліятэка часопіса Беларускі Гістарычны Агляд).
  10. ^ Белорусский совет православных церквей в Северной Америке (рас.) Иерархия литургических церквей Праверана 28 верасьня 2012 г.
  11. ^ Архимандрит Владимир (Финьковский) (рас.) Религиозные деятели русского зарубежья Праверана 28 верасьня 2012 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]