Францішак Пяткевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Пяткевіч.
Францішак Пяткевіч
Род дзейнасьці лекар і беларускі нацыянальны дзяяч
Дата нараджэньня 6 лютага 1899
Месца нараджэньня Лепель, Віцебская губэрня, Расейская імпэрыя
Дата сьмерці 8 ліпеня 1980 (81 год)
Месца сьмерці Крынкі, Беластоцкае ваяводзтва, ПНР
Месца вучобы
Занятак лекар

Францішак Пяткевіч (пс. Франук Маркотны, 6 лютага 1899, Лепель — 8 ліпеня 1980, Крынкі, ПНР) — лекар і беларускі нацыянальны дзяяч.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паходзіў з каталіцкай шматдзетнай сям’і Станіслава Пяткевіча. Яго брат Язэп Пяткевіч вывучыўся на ксяндза ў Пецярбурзе (у 1937 годзе растраляны бальшавікамі). Таму ў 1912 годзе ў Пецярбург падаўся і Франак, дзе паступіў у царскую школу для сялянскіх дзяцей.

У беларускім руху[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яшчэ падлеткам далучыўся да беларускага руху. Ужо ў 2 нумары (19 студзеня 1913) газэты «Biełarus» Франак надрукаваў пад псэўданімам Маркотны:"Każuć tyje ludzi, szto jeździać pa świeci, bytcam kraj nasz Biełaruski sumny, dy ubohi. Może heta i prauda, szto jon sumny, dy ubohi, ale miły — bo swoj. Lublu ja naszaje soniejka, choć mo nie tak jasna — jak zahranicaj — świecie, — i miesiaczyk, szto u pahodnuju noczku pływie pa niebi miż chmarkami, i zoraczki, jak mihoczuć bytcam anielskija woczki... Lublu ja wiosku Biełaruskuju u dalincy nad reczkaju. Czornyje chaty, nizkije stadołki, razwaliuszyjesia płaty, miest sadu — biarozka, ci tapalinka. Lublu ja nasz wiaskowy narod. Ciomny jon, ubohi, ale taki swoj, brat... Skałaciusia jon, pamieszausia, padzialiusia, — tut polski, tut litouski, tam rasiejski, — katalicki, prawasłauny — i Boh wiedaje jaki — czuć nie zabyusia, szto jon białaruski... Wiedama — dobry, spakojny: u jakuju staranu pawiarnuli tam i paszou. Dy chacia roznaja mowa — rozna wiera, ale u chaci, u siabie, biełarusam być nie pierastau, — za heta-ż ja i lublu jaho. Dyk niachaj tam, chto chocze chwale czużoje, ja lublu swajo i ni żadaju czużoha. — Z wioski nie pajdu nawat u horad, bo tam ciesna, pałacau nie chaczu, bo mnie miłaja maja chatka, — a jak daść Boh padwuczusia, haspadarku papraulu — taj i budu-ż z żonkaju, dy dzietkami, szczaśliwy aż da śmierci. — A pa śmierci — dusza da nieba, a cieła u rodnuju biełaruskuju ziamielku, bo bolsz nihdzie... a nihdzie nie chaczu, bo mnie budzie nudna..."

30 кастрычніка 1913 у № 32 рэдакцыя дзякавала Пяткевічу за маркі, а ў № 35 зьмясьціла яго паведамленьні зь Пецярбургу, дзе ён апісаў беларускую вечарыну «U subotu 9-ho listapada adbyúsia tut biełaruski wieczar, ładżany artystam K. A. Drozdowym. Na scenie pakazwali jak adzin muż Paúluk swaryúsia sa swajej żonkaj za toje, szto jana złydnia ni chacieła rabić nijakaj raboty, dy jaszcze za czużymi mużami biehała. Paśla hetaho byli deklamacii biełaruskich wierszaú i piejali rodnyja pieśni. U kancy tancawali Lawonichu, Byczka i druhije biełaruskije tancy. Usie artysty, śpiewaki deklamatary i tancory byli adziety u biełaruskija wopratki. Narodu było mnoha, nawat try ksiandzy biełarusy byli na hetaj wieczaryncy. Dyk i radasna niejak było, szto my úżo daczakali taho, szto ú naszaj mowie adbywajucca prystaúleńnia, na katoryja sabirajecca hetak szmat ludziej. Ale z druhoj starany trochi sumna było, szto pamiż narodam hetym najbolsz biełaruskim, tolki dzie nia dzie czuć było można rodnuju hutarku, a bolszaja czaść tutejszych biełarusoú stydajecca swajej mowy»[1].

Навесну 1914 году вярнуўся на Беларусь. Працягваў супрацу зь «Беларусам». Пасьля пачатку І Сусьветнай вайны ў 1916 годзе працаваў на пошце ў Полацку.

Студэнцкія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля заканчэньня ў 1921 годзе Віленскай беларускай гімназіі, паступіў у Віленскі ўнівэрсытэт на мэдычны факультэт. Адзін з заснавальнікаў Беларускага студэнцкага саюзу. Прамаўляў ад імя студэнтаў беларусаў на прапольскім перадвыбарчым зьезьдзе прадстаўнікоў Заходняй Беларусі, які адбываўся 11 і 12 сьнежня 1921 году ў Вільні: «Мо для нас студэнтаў беларусаў выпала лепшая доля, як для другіх нашых братоў. Мы маем магчымасьць вучыцца. Але мы вышлі з народу, які цяпер яшчэ застаецца ў цемры і мы заўсёды будзем ісьці на перадзі, каб вывясьці наш народ да сонца, да сьвету. Жыцьцё ў нашым унівэрсытэце нармальнае. Німа такой грызьні паміж студэнтамі беларусамі і палякамі, як гэта ёсьць у Львоўскім унівэрсытэце паміж палякамі і ўкраінцамі. У нас зарганізаваны беларускі студэнскі саюз, які мае мэты нясьці нашаму народу асьвету і будзіць яго да сьвядомага нацыянальнага жыцьця. Цяпер, я хацеў-бы прасіць вас: высьвятліць справы аграрную і школьную…» Старшыня перарваў яго прамову, як пасьля і прамову яго сябра Антона Абрамовіча[2][3].

У 1922 годзе абраны намесьнікам старшыні Беларускага студэнцкага саюзу. 16 сакавіка 1922 разам з Антонам Абрамовічам, як прадстаўнікі БСС былі на аўдыенцыі ў начальніка Польскае дзяржавы Юзафа Пілсудзкага. Дарэчы Пяткевіч быў ужо знаёмы раней зь Пілсудзкім — карчаваў у таго лес, зараблячы на навуку[1].

Друкаваўся ў часопісе «Наш шлях» пад старым псэўданімам Франук Маркотны[4] .

У восень 1923 каб пазьбегнуць арышту польскіх уладаў быў вымушаны кінуць Віленскі ўнівэрсытэт. Пяткевіч перабраўся ў Прагу. Янка Станкевіч пісаў пра гэта: «Сёлета ўвосень прыехаў у Прагу студ. Віл. Унівэрсытэта Пяткевіч. Ня мог ён там балей вучыцца, бо перасьледавалі палякі за агітацыю пры выбарах у Сойм і наагул за беларускую працу. Баючыся, што яго арыштуюць (аб чым можна было быць пэўным), а то і вышлюць бальшавіком, ён нелегальна перабраўся ў Прагу, дзе паступіў на 5 сэмэстр мэдыцынскага факультэту й за якісь час дастаў стыпэндыю. Здаваласяб, што вучыся і ўсё. Але бачыце, не ў усіх аднолькавы характар. Чалавек страшна затужыўся па Бацькаўшчыне. У Заходнюю Беларусь ехаць ня можа, бо яго туды ня пусьцяць, тым балей, што ён зь Беларусі, што цяпер пад бальшавікамі, дзе й дагэтуль жывуць яго бацькі. Нашыя пераконаваньні, каб застаўся вучыцца ў Празе на нішто ні здаліся і ён канечна пастанавіў ехаць. Дык цяпер ходзіць толькі аб тым, каб гэты пераезд адбыўся як найразумнейшым спосабам. Ён шчыры сьвядомы Беларус (ці ляпей Крывіч), я яго добра знаю, гэта чалавек ад якога Бацькаўшчына можа шмат добрага спадзявацца. Ён пісаў у студэнскім журнале ў Вільні „Наш Шлях” і цяпер у „Крыніцы” пад псэўдонімам Франук Маркотны і некатор. іншымі. Але ён не камуністы і ніколі мусіць ім ня будзе. Дык вось дзеля таго, што на чале беларускіх студэнтаў камуністых у Празе стаіць маскаль Цьветков, які дасьць аб ім найгоршую рэкамэндацыю радавай місіі, яму з Прагі немагчыма выехаць у Радавую Беларусь. Дык ці ня можна было-б так зрабіць, што ён прыехаў-бы ў Коўню, а там выстарацца яму паварот у Радавую Беларусь. Калі можаце што ў гэтай справе памагчы, дык калі ласка памажэце. Выехалі Карабач і інш. з Коўні ў Менск. На дарогу ён у Вас грошай не прасіў-бы, бо патрапіў заашчадзіць з стыпэндыі на гэтае падарожжа, апрача таго ён выехаў-бы, дастаўшы падмогу на новы месяц. Калі ласка адпішэце і адкажэце» [5]. Нейкі час навучаўся ў Праскім унівэрсытэце.

На Савецкай зямлі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Якім даклада чынам Пяткевіч патрапіў у БССР невядома. У 1924 ён студэнт мэдычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Менску. Аднак пасьля аднаго з выступаў на сходзе студэнтаў ён быў арыштаваны і высланы на Салаўкі[6].

У 1927 годзе яго сустрэў тамака Францішак Аляхновіч і згадаў у сваёй кнізе. Пяткевіча пераводзілі на высылку ў Сыбір. Ён абяцаў адтуль уцячы. «П-віч дамогся свае мэты. Уцёк з высылкі. Трэба было камусьці расшчапіць лоб — расшчапіў. Дабраўся да Вільні. Скончыў унівэрсытэт. Думаў, што ўжо больш не спаткаецца з бальшавікамі. Спаткаўся аднак. У 1940 годзе. Праседзеў у астрозе адзінаццаць месяцаў. Вайна яго вызваліла» [7]

Паводле сьведчаньняў дачкі Пяткевіча — Барбары. Ён уцякаў разам са сваім братам Вацлавам. Прайшоў пешкі каля 3000 км. Да польска-савецкай граніцы два тыдні ехалі таварным цягніком, сярод бярвеньняў. Харчаваліся большасьць часу карой дрэваў. Вацлаў пад час падарожжа звар'яцеў і выкінўся пад колы цягніка. Францішак даехаў да мяжы, якую перайшоў «на жываце»[6].

Ізноў у Польшчы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адразу па вяртаньні ў 1933 Францішак аднавіўся ў Віленскім ўнівэрсытэце. 6 лістапада 1936 атрымаў лекарскі дыплём і пячатку. У 1938 працаваў лекарам у Зарудзьдзі Крамянецкага павету[8].

Прыкладна ў гэты час ажаніўся з настаўніцай са Слоніма Юліяй Жаромскай. Шлюб бралі ў эвангэлістычнай царкве, бо некалі Франак два гады быў жанаты на шляхцянцы, якая непрыязна ставілася да беларускай справы[6].

Другая сусьветная вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР, летам 1940 годзе арыштаваны бальшавікамі. Вызваліўся пасьля нападу фашыстаў на СССР у 1941 годзе. Пераехаў зь сям’ёю ў Моўчадзь, пад Баранавічамі, дзе і працаваў лекарам [9].

Тамака ў 1943 у яго нарадзіўся сын Станіслаў і адтуль у 1945 ён зь сям’ёю пераехаў у Польшчу.

Паваенны час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Затрымаўся ў Піш у Прусыі. Тамака працаваў кіраўніком павятовага шпіталя. Аднак хутка, каб працаваць сярод беларусаў, кінуў выгодныя дом і ўмовы і пераехаў у Дуброву-Беластоцкую. З 1948 году езьдзіў на працу ў Заблудаў[9].

Прыкладна ў 1951 пераехаў у Крынкі (пабудаваў дом па вуліцы Войска Польскага 16). Кіраваў тамака шпіталём. Стаўся знакамітым лекарам. Калі не памагалі дактары ў Беластоку, дык ехалі ў Крынкі да „Глухога”, як усе яго называлі[9].

У 1956 пасьля заснаваньня ў Беластоку заснавалася Беларускае Грамадзка-Культурнае Таварыства (БГКТ) далучыўся да яго дзейнасьці. Увайшоў у склад Галоўнага Праўленьня. Аднак хутка яго выключылі з кіраўніцтва даведаўшыся пра яго антысавецкае мінулае. На год быў пасаджаны ў вязьніцу. Жонка здолела зьезьдзіць у БССР і ў Моўчадзі знайсьці сьведкаў якія давялі, што Пяткевіч дапамагаў савецкім партызанам. Гэта паспрыяла выхаду на волю.

Аднак ён застаўся пад наглядам, напрыклад польскія спэцслужбы паведалялі, што Пяткевіч казаў «Сакрату Яновічу пра хуткі заняпад Савецкага Саюзу і пра адраджэньне Беларусі, пра ўмовы калхознага жыцьця ў БССР, пра камуністычную „Ніву”. Там таксама знаходзіцца вестка пра выпісваньне ім „Бацькаўшчыны” зь Мюнхэну, якая прыходзіла па пошце ў Крынкі»[9][10].

У 1961 памерла яго жонка. Пасьля яе сьмерці Пяткевіч праз пэўны час ажаніўся на жончынай сястры Фабіяне, якая і даглядала яго да сьмерці ў 1980 годзе.

Пахаваны на каталіцкіх могілках у Крынках ля адной з галоўных алеяў[9].

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Быў у нас такі дохтар...(недаступная спасылка) Лена Казлоўская // Czasopis Nr 03/2009
  2. ^ Стэнаграма З'езду Заходняй Беларусі. (Глядзі з 1 да 7 № «Раніцы»). // Раніца : газэта. — 1922, 10 студня. — № 5 (14). — С. 2.
  3. ^ М. К.. Па сьлізкай дарозе. (Нататкі і ўражаньні аб т. зв. «Зьезьдзе прадстаўнікоў Заходняй Беларусі»). // Беларускі звон : тыднёвая часопісь. — 1921, 16 сьнежня. — № 23. — С. 1—3.
  4. ^ Янка Саламевіч. Слоўнік беларускіх псеўданімаў (XVI—XX стст.). — Менск: Мастацкая літаратура, 1983. — С. 88, 194. — 207 с. — 4000 ас.
  5. ^ „Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі” (Вільня 1998, т. І, кн. 2, с. 1511—1512)
  6. ^ а б в Быў у нас такі дохтар... Лена Казлоўская // Czasopis Nr 04/2009
  7. ^ Францішак Аляхновіч «У кіпцюрах ГПУ» с. 303
  8. ^ „Polski Almanach Medyczny na 1956 r.” Варшава
  9. ^ а б в г д Быў у нас такі дохтар...(недаступная спасылка) Лена Казлоўская // Czasopis Nr 05/2009
  10. ^ * Krzysztof Sychowicz. «Parę złotych na wódkę i zagrychę».  (пол.) // DEBATA : часопіс. — 2009. — № 1(16). — С. 8—12.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]