Францішак Чарняўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Францішак Чарняўскі
Адукацыя
Дзейнасьцькаталіцкі сьвятар
Нарадзіўся3 лістапада 1893(1893-11-03)
Памёр31 траўня 1979(1979-05-31) (85 гадоў)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Чарняўскі.

Франці́шак Чарня́ўскі (3 лістапада 1893, в. Чухны, Ашмянскі павет — 31 траўня 1979, Амстэрдам, Нью-Ёрк, ЗША) — беларускі рэлігійны дзяяч.

Нарадзіўся 3 лістапада 1893 году ў вёсцы Чухны Ашмянскага павету. Скончыў вучэльню ў Ашмянах, з 1916 году навучаўся ў Віленскай духоўнай сэмінарыі. Пасьвечаны 30 траўня 1920 году, пачаў служыць у Сухаволі на пасадзе вікарыя. Служыў таксама ў Саколцы і ў Кузьніцы. Чытаў пропаведзі на беларускай мове і распаўсюджваў сярод вернікаў беларускія выданьні. У 1924—1927 навучаўся ў Рыме, у Грыгарыянскім унівэрсытэце і Ўсходнім Папскім інстытуце. Абараніў магістарскую дысэртацыю. У 1927 годзе вярнуўся ў Беларусь, паступіў у навіцыят у манастыры марыянаў у Друі, але пакінуў яго пасьля таго, як Фабіян Абрантовіч быў накіраваны ў Харбін. Прымаў удзел у складзе беларускай дэлегацыі ў 5-м уніяцкім кангрэсе ў Велеградзе (Чэхаславаччына). З 1929 году знаходзіўся на місіі сярод беларусаў і палякаў у Францыі, з 1933 году — у Бэльгіі, у 1953—1955 гадах жыў у бэнэдыктынскім кляштары. Рэдагаваў бюлетэнь «Божае слова». З 1957 году жыў у ЗША, дзе выдаваў беларускі рэлігійны часопіс «Siaŭbit».

Памёр 31 траўня 1979 году ў амэрыканскім горадзе Амстэрдаме (штат Нью-Ёрк).