Фрылянсэр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Фрылянсэр (па-ангельску: freelancer — вольны капейшчык, свабодны дзіданосец, найміт; ў пераносным значэньні — вольны мастак) — чалавек, які выконвае працу без заключэньня доўгачасовай дамовы з працадаўцам, наймаючыся толькі для выкананьня пэўнага пераліку работ (пазаштатны работнік).

Таксама фрылянсэрам зьяўляецца работнік, запрошаны для выкананьня работ у ходзе аўтстафінга. Будучы па-за штатам якой-небудзь кампаніі, фрылянсэр можа адначасова выконваць замовы для розных кліентаў. Тэрмін фрылянсэр ўпершыню ўжываецца Вальтэрам Скотам ў рамане «Айвенга» для апісаньня «сярэднявечнага наёмнага ваяра».

Фрылянсэр часьцей за ўсё сам прапануе свае паслугі — праз Інтэрнэт, газэтныя аб’явы або карыстаючыся асабістымі сувязямі. Фрылянс асабліва распаўсюджаны ў такіх галінах дзейнасьці, як журналістыка (і іншыя формы дзейнасьці, зьвязаныя з напісаньнем тэкстаў), кампутарнае праграмаваньне і дызайн ва ўсіх яго праявах (рэкляма, вэб-дызайн, дызайн інтэр’еру і г. д.), пераклад, рознага роду кансультацыйная дзейнасьць, прыватная фота-і відэаздымка.