Фэрдынанд Рушчыц

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Фэрдынанд Рушчыц
Дата нараджэньня 10 сьнежня 1870(1870-12-10)[1][2][3]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 30 кастрычніка 1936(1936-10-30)[1][2][3] (65 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак мастак-пэйзажыст
Навуковая сфэра малярства[4], графіка[d][4] і сцэнаграфія[d][4]
Месца працы
Жанры пэйзаж
Плынь сымбалізм
Узнагароды
Кавалер ордэна Ганаровага легіёну
Кавалер ордэна Ганаровага легіёну
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Рушчыц.

Фэрдына́нд Ру́шчыц (Фэрдынанд Эдуардавіч Рушчыц; па-польску: Ferdynand Ruszczyc; 10 сьнежня 1870, маёнтак Багданава, Ашмянскі павет, цяпер Валожынскі раён — 29 кастрычніка 1936, тамсама) — мастак, графік, тэатральны дэкаратар і пэдагог. Яскравы прадстаўнік культурных супярэчнасьцяў сваёй эпохі. Аказаў пэўны ўплыў на далейшае разьвіцьцё жанру пэйзажу ў польскім мастацтве. Матэрыялізаваў магутны нацыянальна-патрыятычны імпульс, характэрны для польскага мастацтва ў цэлым і для мастацтва мяжы ХІХ—XX стагодзьдзяў у прыватнасьці. Яго вельмі цэльная па духу творчасьць мела непасрэднае дачыненьне да фармаваньня польскага нацыянальна-рамантычнага пэйзажу канца ХІХ — пачатку XX стагодзьдзя і найбольш ярка адлюстроўвала яго мастацкую праблематыку.[5]

У яго творчасьці знайшлі адлюстраваньне жыцьцё і побыт беларускага народу, праламіліся традыцыі беларускага рэалістычнага жывапісу. Дачка мастака Яніна Рушчыц сьцьвярджае, што яе бацька заўсёды лічыў сябе «тутэйшым», г. зн. беларусам.[6]

Продкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Род Рушчыцаў паходзіў з-над Бугу і належыў да гербу «Ліс». Дзед і бабуля, Фэрдынанд і Ганна з Чаховічаў мелі 9 дзяцей. Бацька, Эдвард, капітан царскай арміі, абсальвэнт берасьцейскага Кадзецкага корпуса. Маці, Альвіна з дому Мюнхаў, была датчанкай. Нарадзілася ў Нексё на востраве Борнгальм. Яе бацька Маркус Мюнх быў уладальнікам гандлёвага карабля. Бацькі Фэрдынанда сустрэліся ў Лібаве (Латвія), дзе служыў Эдвард. Родавым гняздом Рушчыцаў быў маёнтак Багданаў, які яны былі вымушаны пакінуць на нейкі час у выніку здушэньня паўстаньня Кастуся Каліноўскага. Вярнуліся ў свой маёнтак зь Менску толькі ў 1888 годзе. У Рушчыцаў было пяцёра дзяцей, чатыры дачкі і малодшы сын Фэрдынанд.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства і вучнёўства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дзяцінства і юнацтва будучага мастака прайшло ў Менску. У 1883 годзе 13-гадовы Фэрдынанд паступіў у менскую клясычную гімназію, якую скончыў у 1890 годзе з залатым мэдалём. Тут жа ён атрымаў пачатковую мастацкую адукацыю ў выкладніка Кузьмы Якаўлевіча Ермакова, выхаванца Пецярбурскай Акадэміі мастацтваў.[7]

Бацька, Эдуард Рушчыц, не ўхваляў захапленьне сына, лічачы, што маляваньнем не заробіш на жыцьцё, і настойваў, каб той пайшоў па сьлядах дзеда. Увосень 1890 году Фэрдынанд паступіў на юрыдычны факультэт Пецярбурскага ўнівэрсытэту, дзе на працягу двух гадоў старанна вучыўся і толькі ў 1891 годзе падаў прашэньне ў Пецярбурскую Акадэмію мастацтваў з просьбай залічыць яго вольным слухачом на аддзеле жывапісу.[7]

«Вясна»

У 18921897 гг. навучаўся жывапісу ў Пецярбурскай імпэратарскай Акадэміі мастацтваў(ru) спачатку пад кіраўніцтвам Івана Шышкіна, а пасьля таго, як той пакінуў акадэмію — у Архіпа Куінджы, вучнямі якога таксама былі Аркадзь Рылоў, Мікалай Рэрых, Вільгельм Пурвіт, Канстанцін Урублеўскі. У сваім дзёньніку Рушчыц пісаў:

Я паказаў свае этуды Куінджы. Напэўна, ён ведаў, што я вучань Шышкіна, ва ўсякім разе, судзіў ён іх далёка стражэй за працы іншых вучняў.

У час вучобы Рушчыца як калярыста вельмі высока ацаніў Ільля Рэпін. У Акадэміі пасябраваў з А. Рыловым і іншымі вучнямі, якія вызнавалі рэалізм, узбагачаны вопытам францускіх імпрэсіяністаў. У час вучобы зьдзейсніў некалькі паездак у Крым і на Балтыку[8]. У 1897 годзе з посьпехам дэбютаваў на дыплёмнай выстаўцы, прадставіўшы тры вялікія карціны — «Вячэрняя зорка», «Трытоны» і «Вясна», апошнюю набыў сам Павал Трацякоў.

Творчы шлях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

4 лістапада 1897 году Рушчыц скончыў акадэмію і атрымаў званьне мастака. У 1898 годзе, на вясновай выстаўцы ў Акадэміі маскоўскі калекцыянэр і мецэнат Сава Марозаў купіў карціну «Зімовы млын», што дазволіла маладому мастаку зьдзейсьніць доўгае падарожжа па Заходняй Эўропе. За два месяцы ён наведаў Бэрлін, Дрэздэн, Кёльн, Парыж, Брусэль, Мілян, Вэрону, Вэнэцыю, Вену. Пасьля доўгі час жыў у сядзібе Багданава, якую пасьля шматгадовага заняпаду давёў да ладу яго бацька, зрэдку падарожнічаў па Беларусі і Расеі. У 1899 годзе прайшла першая выстаўка ў Вільні. Браў удзел у грамадзкім і культурным жыцьці гораду, супрацоўнічаў з тэатрам.[7][9]

Прымаў эпізадычны ўдзел у аб’яднаньні «Сьвет мастацтва» (між іншым, удзельнічаў у выстаўцы ў Маскве ў 1902 годзе). У 1900 годзе ў Кракаве ўвайшоў у кола ўдзельнікаў таварыства польскіх мастакоў мадэрнісцкай арыентацыі «Штука» (па-польску: Sztuka; «Мастацтва»).

«Зямля», 1898, Нацыянальны музэй у Варшаве
«Ля касьцёла», 1899, Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі

Тым часам Рушчыц стварыў своеасаблівую эпічную сагу пра лёс простых людзей. Першым у гэтай сэрыі лічыца палатно «Зямля» (па-польску: Ziemia; 1898), якую праз выхад за звыклыя рамкі ня прынялі ў Пецярбургу, другім — «Ля касьцёла» (па-польску: Koło kościoła; 1899), дзе сяляне, якія быццам вырастаюць з той самай зямлі, нясуць у храм свае нягоды і беды. Яшчэ адно палатно «Ў сьвет» (па-польску: W świat) пра тых, хто вымушаны сыйсьці з абжытых родных месцаў, шукаць працу ў далёкім краі, было створана ў 1901 годзе. Працягам і магутным завяршэньнем тэмы нарэшце сталі «Эмігранты» (1902), дзе зьнясіленыя людзі пакідаюць радзіму ў пошуках лепшай долі. Тэма палатна, верагодна, была навеяная масавай эміграцыяй беларусаў у Амэрыку напачатку XX стагодзьдзя. Карціны Рушчыца экспанаваліся ў Варшаве і Пецярбургу, крытыкі адразу заўважылі яго выключны дарунак калярыста. [10]

З 1904 прафэсар Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. У 1907 годзе Рушчыца запрасілі на пасаду загадчыка катэдрай пэйзажнага жывапісу ў Кракаўскую акадэмію мастацтваў(pl), але інтрыгі ў акадэміі і разлады сярод кракаўскіх мастакоў вымусілі яго ўжо ў 1908 годзе адмовіцца ад яе. У тым жа годзе пераязджае з Кракава ў Вільню, каб у меру сваіх «сіл служыць справе ўздыму мастацкай культуры гэтай частцы краю».[7]

У 1908 годзе ў знакамітага мастака зьявілася ідэя стварыць беларускі нацыянальны скансэн, але пляны перакрэсліла Першая сусьветная вайна.[11]

У 1910 годзе ў Вільні памірае бацька мастака, Эдуард Рушчыц. Яго сьмерць усклала на мастака новыя абавязкі, зьвязаныя з апекай гаспадаркі ў Багданаве. Ён быў вымушаны дзяліць свой час паміж Вільняй і Багданавам.[7]

У 1912 годзе мастак пазнаёміўся з сваёй будучай жонкай Гінай Рэуцкай (Gina Rouck), якая была малодшай за мастака на 22 гады, і 25 лістапада 1913 году ажаніўся зь ёй. У шлюбе з Гінай нарадзілася шасьцёра дзяцей (Фэрдынанд, Яніна — 1914, Багдан — 1915, Оскар — 1917, Эва — 1922, Барбара — 1925). Ад вялікіх філязофскіх абагульненьняў, якімі былі адзначаныя яго работы раньняга пэрыяду, пераходзіць да пошукаў каляровых і кампазыцыйных эфэктаў. Піша інтэр’еры сваёй багданаўскай сядзібы, робіць замалёўкі і этуды любімых куткоў прыроды.[7]

Першая сусьветная вайна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Віленскі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 19191932 — прафэсар аддзяленьня прыгожых мастацтваў Унівэрсытэта Стэфана Баторыя ў Вільні.

У 1921 годзе стаў арганізатарам першай афіцыйнай выстаўкі польскіх мастакоў у Гран-Пале ў Парыжы. У сувязі з гэтым быў узнагароджаны ордэнам Ганаровага легіёна.

Рушчыц пастаянна збіраў і вывучаў беларускае народнае прыкладное мастацтва. Напрыклад, у 1925 годзе пры яго непасрэдным удзеле ў Варшаве выйшаў часопіс «Wieś ilustrowana», прысьвечаны менавіта беларускай фальклёрнай творчасьці.[12]

Працаваў старшынёй камісіі па ахове помнікаў старажытнасьці, наведваў руіны замкаў у Крэве, Міры, Лідзе і інш., збіраў гістарычныя зьвесткі пра іх, і рабіў замалёўкі, этуды.

Апошнія гады жыцьця[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля таго, як ў 1930-х гадах камісія была ліквідаваная, пакінуў унівэрсытэт і канчаткова пераехаў у Багданава ў 1932 годзе.

У 1935 годзе прэзыдэнт Польшчы Ігнацы Масьціцкі ўдастоіў яго званьня ганаровага прафэсара УСБ.

У 1930-я Рушчыц зрабіў другую спробу стварыць нацыянальны скансэн пад Вільняй, але далейшаму разьвіцьцю ягонай ідэі зноў перашкодзіла вайна.[11]

Памёр 30 кастрычніка 1936 году ў Багданаве, пахаваны на мясцовых могілках.

Творчасць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Млын узімку», 1897
« Як я мару, перш за ўсё, быць добрым сынам сваёй Радзімы, для яе працаваць, араць. І калі штосьці вырасьце, аддаць ёй у падарунак увесь плён, бо я люблю яе сэрцам і толькі ёй належу целам і душой… »
Асноўны артыкул: Сьпіс карцін Фэрдынанда Рушчыца

Рушчыц аддаваў перавагу пісаць сьветлыя матывы. Мастак любіў і любаваўся сваёй роднаю зямлёй. Майстра краявідаў, ён бачыў тэмы для сваіх прац у кожным фрагмэнце беларускай прыроды, так і называў свае карціны: «Млын», «Берагі Вілейкі», «Лясны ручай».[7] У пэйзажах, такіх як «Пустка» і «Стары млын», адчуваюцца жывыя чалавечыя перажываньні. Шматлікія пэйзажы Рушчыца адзначаны экспрэсіяй, драматызмам і манумэнтальнасьцю формаў, ім ўласьціва востра індывідуальная своеасаблівасьць; малюнак заўсёды выразны, плястыка аб’ёмаў аголена.[12] Кампазыцыі палотнаў Рушчыца простыя і ляканічныя, аднак у іх заўсёды ёсьць адчуваньне рэальнай прасторы. Яны вельмі матэрыяльныя, паветраныя.[10] Стары драўляны млын недалёка ад Багданава, касьцёлы ў Багданаве і Вішнева, роднае гняздо Рушчыцаў — упадабаныя матывы, да якіх Фэрдынанд ахвотна вяртаўся і пісаў у розны час дня і года, кожны раз адкрываючы ў іх штосьці новае. Любімай парой аўтара была ранняя вясна, калі прырода абуджалася ад зімовага сну. Сярод усёй творчасьці вылучаецца г. зв. багданаўскі цыкль.[7]

У такіх палотнах, як «Мост зімою», «З берагоў Вілейкі», «Зімовая казка», «Старыя яблыні», выразна адчуваецца сьвядомае прынцыповае жаданьне мастака адысьці ад празаічнага эмпірызму пэйзажаў-этудаў.[12]

Крытыкі адзначалі істотны ўнёсак Фэрдынанда Рушчыца як калярыста, а мастацтвазнаўцы завуць мастака «майстрам чатырох стыхіяў».[8]

Працаваў над кніжнай графікай. Стварыў ілюстрацыі ці аформіў звыш пяцідзесяці кніг. Сярод іх — даведнік па Вільні (па-польску: „Przewodnik po Wilnie“) Юльюша Клоса.

У 1910—1932 супрацоўнічаў з тэатрамі, аформіў 15 спэктакляў. Аўтар дэкарацый для пятнаццаці тэатральных пастановак, уключаючы «Баладзіна» Юльюша Славацкага (1914), «Вясельле» (1910) і «Лістападаўская ноч» (1930) Станіслава Высьпянскага; інсцэнаваў шэраг драматычных твораў (апроч пералічаных — Сыд П’ера Карнэля ў віленскім тэатры, 1924). Пісаў артыкулы пра помнікі даўніны Вільны.

Палотны захоўваюцца ў музэях Польшчы, Літвы, Расеі, а таксама эўрапейскіх і амэрыканскіх збораў, у тым ліку прыватных.

Творы ў беларускіх калекцыях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Беларусі доўгі час захоўвалася толькі адна карціна Фердынанда Рушчыца — «Ля касьцёла», набытая ў 1957 годзе па ініцыятыве дырэктаркі Мастацкага музэя Алены Аладавай у маскоўскага калекцыянэра Абрама Шустэра[13]. У лістападзе 2019 года Нацыянальны мастацкі музей набыў у сям’і мастака яшчэ тры невялікіх творы з раньняга пэрыяду творчасьці — «Менскі краявід» (1890), «Саборная плошча. Менск» (каля 1890), «Дахі Менска» (каля 1911).

У прыватнай калекцыі захоўваецца твор «Партал касьцёла» (пад якім апазнаецца партал касьцёла бэнэдыктынцаў у Тынцу, што дазваляе яго аднесьці да нешматлікіх твораў кракаўскага пэрыяду 1907/08 гадоў).

У 2015 годзе Белгазпрамбанк набыў у сваю карпаратыўныю калекцыю палотны «Пэйзаж. Вілія»[14] і «Пуня і азярод» (1899)[15], а таксама эскіз дэкарацыі «Заля Кіркора» да пастаноўкі «Балядына» Юльюша Славацкага (1914)[16]. У 2016 годзе дадаткова была набыта карціна «Сядзіба ў Багданава»[17].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя выявы
Мэмарыяльная шыльда Ф. Рушчыцу ў Менску
Мэмарыяльная шыльда ў двары Віленскай мастацкай акадэміі
Паштовая марка Беларусі, 1994 год

Імем Фэрдынанда Рушчыца названая вуліца ў Вялікай Сьляпянцы ў Менску, дзе 19 сьнежня 2002[18] году адбылося адкрыццё памятнага знака ў гонар жывапісца на доме № 1[19]. У пасёлку Багданаў каля школы, дзе знаходзіца музэй мастака, стаіць помнік Ф. Рушчыцу[20]. У Рудаміне (Літва) імем Рушчыца названая гімназія.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Skalska-Miecik L. Ferdynand Ruszczyc // Ruszczyc, Ferdynand (анг.) // Grove Art Online / J. Turner[Oxford, England], Houndmills, Basingstoke, England, New York: OUP, 2017. — ISBN 978-1-884446-05-4doi:10.1093/GAO/9781884446054.ARTICLE.T074715
  2. ^ а б Ferdynand Ruszczyc // Польскі біяграфічны інтэрнэт-слоўнік (пол.)
  3. ^ а б Архіў прыгожых мастацтваў — 2003.
  4. ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  5. ^ Колесникова Татьяна Анатольевна. Национально-романтический пейзаж конца XIX — начала XX века в творчестве Фердинанда Рущица : Дис. … канд. искусствоведения : 17.00.09 СПб., 2004 308 с. РГБ ОД, 61:05-17/147
  6. ^ Живопись Пейзаж (рас.) Праверана 2011-12-23 г.
  7. ^ а б в г д е ё ж Каролина ДЯТЛИКОВИЧ (11.04.2002) Фердинанд Рущиц, художник из Воложина (рас.). «Свободные новости». Праверана 2011-12-23 г.
  8. ^ а б Фердинанд Рущиц (1870—1936). К 140-летию со дня рождения художника (рас.). Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі БеларусьПраверана 28 сьнежня 2013 г.
  9. ^ РУЩИЦ, Фердинанд (рас.). Словарь терминов искусства. Праверана 2011-12-23 г.
  10. ^ а б Богданов П.С., Богданова Г.Б. Рущиц Фердинанд (рас.). Илья Клейнер. Праверана 2011-12-23 г.
  11. ^ а б Антон СІДАРЭНКА Як прыцягнуць інвестара на 150 гектараў спадчыны? (бел.). «Культура». Праверана 2011-12-23 г.
  12. ^ а б в Барыс КРЭПАК Богданаўская “святыня думання” Фердынанда Рушчыца (бел.). Культура. Праверана 2011-12-23 г.
  13. ^ Вусава Надзея. Нядзеля ля касцёла // Наша гісторыя. 2020. № 11. Сс. 48-51.
  14. ^ Пейзаж. Вилия
  15. ^ Сарай и прясло для сена
  16. ^ Зал Киркора. Эскиз декорации к спектаклю «Балладина» Ю. Словацкого(недаступная спасылка)
  17. ^ Поместье в Богданово
  18. ^ Пресс-центр Мингорисполкома (13 снежня 2002) Памяти художника (рас.) Праверана 2011-12-23 г.
  19. ^ Из страны забвения (рас.). Агенство «Минск-Новости» (3 студзеня 2003). Праверана 2011-12-23 г.
  20. ^ Музей Ф. Рушчыца ў Багданаўскай школе (бел.) Праверана 2011-12-23 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Архіў музея Ф. Рушчыца Багданаўскай сярэдняй школы (МФР). Цякучы архіў. Успаміны Я. Рушчыц
  • Аноп Л. Жыў на зямлі Мастак // ЛіМ. — 1989. — № 46. — С. 14-15.
  • Вітава Р. Вяртанне Ф. Рушчыца. // Культура. — 2000. — № 40. — С. 8-9.
  • Л. М. Дробаў. Гісторыя беларускага мастацтва. — Мн., 1989. — Т. 3. — С. 324—329.
  • Грамыка А. У кожнага «свой» Рушчыц // Мастацтва. — 2001. — № 4. — С. 26-29.
  • Л. М. Дробаў. У пошуках Рушчыца // Культура. — 1998. — №30. — С.10-15.
  • Л. М. Дробаў. «Беларускія мастакі XIX стагоддзя». Мінск, 1971.
  • Палікарпаў В. «Ля касцёла» // Дыялог. — 2000. — № 6. — С. 16-17.
  • Габрусь С. Памяць. Валожынскі раён. — Мн., 1996. — С. 139—143.
  • Прускі А. Узнімаючыся да Рушчыца // Мастацтва. — 2004. — № 5. — С. 43-44.
  • Рушчыц Ф. Дзённік. Да Вільні. — Мн., 2002. — С. 5-26.
  • Трыгубовіч В. З Багданава — у вялікі свет // Мастацтва. — 2000. — № 5. — С. 37.
  • Шаранговіч Н. Дзедавы сцяжынкі, або Беларускія стыхіі Фердынанда Рушчыца // Мастацтва. — 2004 — № 10. — С. 22-25.
  • Шунейка Я. Непатапляльная каравела // Мастацтва. — 2001. — № 2. — С. 35-39.
  • Харэўскі С. Энцыклапедыя гісторыі мастацтва. — Мн., 1990. — Т. 6. К. 1. — С. 147.
  • Aleksandrowiczowa M. Dzieje teatru wileńskiego // Wilno i Ziemie Wileńska. — Wilno, 1937. — Tom 2. — S. 168—175.
  • Aleksandra Giełdoń-Paszek. Ferdynand Ruszczyc jako pedagog i pejzażysta Wileńszczyzny. — Dailės istorijos studijos. 1 tomas: XX amžiaus pradžios Vilnius: modernėjančios kultūros židinys = Wilno początku XX wieku: ognisko modernizującej się kultury. Straipsnių rinkinys lietuvių ir lenkų k., sudaryt. L. Laučkaite, Vilnius: Kultūros, filosofijos ir meno institutas, sp. «Sapnų sala», 2004. ISBN 9986-638-48-8. S. 81—87.
  • Anna Bernat, Ferdynad Ruszczyc, Edipresse Polska, 2007, ISBN 978-83-7477-221-1.
  • Bułhak J., Dlaczego Ruszczyc przestał malować, Wilno 1936, s. 5
  • Bułhak J., Wiek męski Ferdynanda Ruszczyca, w: Ferdynand Ruszczyc. Życie i dzieło. Księga zbiorowa, Wilno 1935, s. 58
  • Hulewicz W. Artysta-obywatel. Z powodu jubileuszu Ferdydanda Ruszczyca // Kurier Wileński. — 1927. — № 122. — S. 2-7.
  • Jankowski C. Ruszczyc // Słowo. — 1927. — № 121. — S. 2-9.
  • Jankowski C. Powiat Oszmiański. — Petersburg, 1896. — Tom 1. — S. 228—248.
  • Morelowski M., Ferdynand Ruszczyc. Człowiek i dzieło. Wilno 1937, s. 13
  • Remer J. W służbie sztuki. U źródel twórczości Ferdynanda Ruszczyca. Alma Mater Vilnensis. -Wilno, 1927. — S. 28-31.
  • Ruszczys F. Wspomnienia Dni Mickiewiczowskich w Paryżu Liść wawrzynu i płatek róży.- Wilno, 1937. — S. 114—123.
  • Ruszczyc F., Dziennik, cz.I, Warszawa 1994.
  • Ruszczyc F., Dziennik, cz. II, Warszawa 1996.
  • Studnicki W. G. Rodowód Ferdynanda Ruszczyca // Ferdynand Ruszczyc — Życie i dzieło. — Wilno, 1939. — S. 349—360.
  • Tichy K. Wspomnienia o Ferdynandzie Ruszczycu // Ferdynand Ruszczyc — Życie i dzieło. — Wilno, 1939. — S. 3-7.
  • Widawski J. Ferdynand Ruszczyc wśród młodzieży uniwersyteckiej Wilno // Ferdynand Ruszczyc — Życie i dzieło. — Wilno, 1939. — S. 327—336.
  • Wileńskie środowisko artystyczne 1919—1945, Kazimierz Brakoniecki, Jan Kotłowski, Lech Lechowicz, Olsztyn 1989.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]