Філія Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа ў Шацілавічах

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Філія Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа ў Шацілавічах — установа агульнай сярэдняй адукацыі, якая дзейнічала ў 1993—2001 гадах; першы ліцэй у Гомельскай вобласьці. Да 1998 году называлася «Філія Беларускага гуманітарнага адукацыйна-культурнага цэнтру ў Шацілавічах» (філія БГАКЦ у Шацілавічах).

Зьяўлялася часткай Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа (да 1998 — Беларускі гуманітарны адукацыйна-культурны цэнтар, БГАКЦ), Менск. Паводле дамовы паміж БГАКЦ і Шацілавіцкім гарадзкім аддзелам адукацыі, філія фінансавалася з гарадзкога бюджэту[1]. Адбылося 5 выпускаў (1997—2001). У 2001 годзе гараддзел адукацыі спыніў фінансаваньне, тлумачэньне — Міністэрства адукацыі не ўключыла ў новае «Палажэньне аб ліцэях» пункт пра філіі. Выкладчыкі і навучэнцы праводзілі пікеты і іншыя акцыі за захаваньне ліцэйскага навучаньня[2]; філія была рэарганізаваная ў ліцэйскія клясы школы № 1 Шацілавічаў, якія былі выпушчаныя ў 2002—2003 гадах.

Мела агульнагуманітарны ўхіл навучаньня: паглыблена выкладаліся беларуская і замежныя мовы, літаратура, гісторыя; шэраг курсаў па выбары: другая і трэцяя замежныя мовы, уводзіны ў лёгіку, псыхалёгію, правазнаўства і г. д. Навучаньне вялося з 8—9 да 11 клясы. Навучэнцы — зь Шацілавічаў і раёну, іншых раёнаў Гомельскай вобласьці. Дырэктар — Т. В. Масьлюкоў, выкладчыкі — Л. І. Лазко, Я. П. Мухін, М. В. Цясёлкіна і іншыя[3]. Выпускнікі паступалі пераважна на спэцыяльнасьці грамадазнаўчага кірунку ў вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі і іншых краінаў, у тым ліку ў Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Францішка Скарыны, БДУ, Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, ва ўнівэрсытэты Гановэру (Нямеччына), Масачусэтсу (ЗША)[4], у Сарбону (Парыж) і іншыя[5].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Колас У. Г. Лёс ліцэя. СПб. 2006. — ISBN 5-94716-086-2.
  2. ^ http://www.charter97.org/eng/news/2001/09/17/11
  3. ^ Сонечная галактыка ў светлым горадзе // Чырвоная змена. 1999. № 89.
  4. ^ Раманцоў В. Амерыканскі дыплом для нашай зямлячкі // Гомельская праўда. 2004. 15 ліпеня. С. 5.
  5. ^ Раманцоў В. Нашы людзі ў Сарбоне // Ранак-плюс: светлагорская газета. 2005. № 2. С. 1, 6, 7.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]