Фабіян Акінчыц

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Ф. Акінчыц»)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Акінчыц.
Фабіян Акінчыц
Дата нараджэньня 20 студзеня 1886(1886-01-20)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 7 сакавіка 1943(1943-03-07) (57 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак публіцыст, палітык, юрыст
Месца працы

Фабіян Акінчыц (20 студзеня 1886, засьценак Акінчыцы Менскага павету, цяпер у межах Стоўпцаў7 сакавіка 1943, Менск) — беларускі грамадзка-палітычны дзяяч, публіцыст, рэдактар. Адзін з заснавальнікаў і старшыня Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі.

Раньнія рокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па адукацыі юрыст, скончыў Пецярбурскі ўнівэрсытэт (1913). У 1906—1917 чалец партыі эсэраў. З 1923 жыў на Стаўпеччыне: дырэктар пачатковай школы ў вёсцы Засульле, у 1926 адкрыў у Стоўпцах бюро юрыдычных парадаў.

Палітычная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жніўні 1926 уступіў у Беларускую сялянска-работніцкую грамаду, а ў верасьні таго ж року пераехаў у Вільню, дзе ўзначаліў юрыдычны аддзел Цэнтральнага сакратарыяту БСРГ. Сябра Галоўнай управы і Надзорчай рады Таварыства беларускай школы.

За сваю дзейнасьць у студзені 1927 арыштаваны польскай паліцыяй і ў траўні 1928 року асуджаны на 8 рокаў зьняволеньня. Але ў 1929 року тэрмін зьняволеньня быў скарочаны на 2 рокі. Прэзыдэнт Польшчы Ігнацы Масьціцкі сваім распараджэньнем датэрмінова вызваліў Акінчыца ў ліпені 1930 року.

Зь верасьня 1930 па сакавік 1931 року быў сябрам кіраўніцтва беларускае арганізацыі «Цэнтразьвяз». Пасьля няўдалай спробы стварэньня палянафільскай арганізацыі «Адраджэньне» вярнуўся зь Вільні ў Стоўбцы, дзе заснаваў Беларускае таварыства дабрачыннасьці, а ў 1934 як ягоны старшыня стаў чальцом Беларускага нацыянальнага камітэту ў Вільні[1].

Займаўся публіцыстыкай, уваходзіў у рэдкалегіі газэтаў «Наперад», «Народны звон», «Беларускі звон». З 1933 року выдаваў разам з Уладзіславам Казлоўскім часопіс «Новы шлях». У 1933 — адзін са стваральнікаў Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі, якую ў кастрычніку 1937 забаранілі польскія ўлады.

Калябаранцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У студзені 1938 году Ўправа замежнай выведкі і абароны Вярхоўнага камандаваньня Ўзброеных сілаў Нямеччыны накіравала ў Вільню для сустрэчы з Акінчыцам 2-х сваіх супрацоўнікаў пад выглядам навукоўцаў. Афіцэр выведкі Геруліс і латвійскі немец фон Энгельгарт, які быў адмыслоўцам у беларускіх справах, пераканалі яго пераехаць у Бэрлін і ўладкавацца на працу ў Міністэрства народнай асьветы і прапаганды Нямеччыны. 4 лістапада 1939 року ачоліў Беларускае прадстаўніцтва ў Бэрліне. Паводле Статуту, Беларускае прадстаўніцтва ў Бэрліне стваралася для «садзейнічаньня ва ўтварэньні самастойнай нацыянальный дзяржавы ў рамках этнічных граніц Радзімы, гуманітарнага папячыцельства над беларусамі»[2]. Напрыканцы 1939 року стаў галоўным рэдактарам газэты «Раніца».

У пачатку 1940 быў накіраваны старшынём ў Варшаву з мэтай арганізацыі мясцовага аддзяленьня Беларускае народнае самапомачы. Тут ён меў канфлікт з кіраўніком Беларускага камітэту Міколам Шчорсам, якога яму ўдалося зьмясьціць з пасады. Але ўжо ў сярэдзіне року гітлераўцы загадалі яму вярнуцца ў Бэрлін, дзе ён прадставіў кіраўніцтву НСДАП прапановы па дзейнасьці на акупаванай тэрыторыі Беларусі. Яны, аднак, не былі падтрыманыя, пра што сьведчыць адсутнасьць Фабіяна Акінчыца сярод беларусаў, адасланых улетку 1941 року на акупаваную тэрыторыю з мэтай арганізацыі дапамогі нямецкай адміністрацыі.

Спрабуючы здабыць большы ўплыў сярод беларусаў у Нямеччыне, Фабіян Акінчыц зладзіў у Бэрліне канфэрэнцыю «руху маладых актывістаў». Ягоная ініцыятывая была падтрыманая міністрам па справах акупаваных тэрыторыяў Альфрэдам Розэнбэргам, які ў канцы лета 1941 року дазволіў Акінчыцу абраць сабе зь лягероў палонных інтэлігентаў беларускага паходжаньня для прапагандысцкае працы на Беларусі.

Гэтая група (каля 70 чалавек) на чале з Акінчыцам прыбыла на тэрыторыю Беларусі ў лютым 1942 року. Аднак гаўляйтэр Генэральнае акругі «Беларусь» Вільгельм Кубэ і старшыня Беларускай народнай самапомачы Іван Ермачэнка крытычна паставіліся да іхняе дзейнасьці. У выніку Акінчыц напрыканцы 1942 року скрытыкаваў Ермачэнку і ягоную арганізацыю, дасылаючы на іх даносы ў нямецкія спэцслужбы. Сярод іншага, напісаў данос на каталіцкага сьвятара Вінцэнта Гадлеўскага, які быў галоўным школьным інспэктарам Генэральнай акругі Беларусі. Паводле гэтага абвінаваўчага даносу нямецкія акупанты закатавалі Гадлеўскага ў канцлягеры Трасьцянец[2].

Забойства[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

7 сакавіка быў забіты ў менскай кватэры Казлоўскага, празь некалькі месяцаў савецкія партызаны забілі й Казлоўскага[3].

Існуе дзьве вэрсіі забойства Акінчыца. Паводле першае, гэта справа рук савецкіх партызанаў. Паводле другое, Акінчыца маглі забіць актывісты Беларускае народнае партыі як помсту за данос Акінчыца на Вінцэнта Гадлеўскага (кіраўніка антынямецкага нацыяналістычнага руху), які быў арыштаваны немцамі і забіты ў 1942 року.

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Чаму гэта так сталася? (Да справы выезду за граніцу былых правадыроў Грамады). Вільня, 1931;
  • Правакацыя беларускага народа (Да справы б. старшыні Грамады Б.Тарашкевіча). Вільня, 1933;
  • Аграрна-кааператыўная палітыка будучыні. Вільня, 1936;
  • Jak Komintern organizował ruch białoruski. Wilno, 1936.

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]