Харчовая алергія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Высып на скуры пры алергіі на малако (2012 г.)

Харчо́вая алергі́я — звышадчувальнасьць імуннай сыстэмы арганізма да пэўных відаў ежы.

Узьнікае як на харчовы выраб у чыстым выглядзе, гэтак і на ўсе стравы, якія яго зьмяшчаюць, і вырабы з падобным бялковым складам. Для выяўленьня алергеннай ежы ставяць алергалягічную пробу ў стане поўнага здароўя і па-за абвастрэньнем хваробы ва ўзросьце з 4 гадоў. У іншым выпадку паводле харчовага дзёньніка зь ежы выдаляюць падазроныя стравы[1].

Папярэджаньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадухіленьню разьвіцьця хваробы спрыяе наданьне перавагі ежы, што найрадзей яе выклікае: пладам і ягадам сьветлай афарбоўкі — жоўтыя парэчкі і яблыкі, белая і зялёная гародніна (бульба, гарбуз, кабачок, белакачанная капуста, патысон і рэпа), крупы (аўсяныя і грачаныя), мяса (нятлустая бараніна, індычаціна, ялавічына, трусяціна і сьвініна), алей (аліўкавы і сланечнікавы), хлеб (жытні і пшанічны 2-га гатунку). Таксама карысна гатаваць на пары і адварваць. Пагатоў пры варцы мяса булён варта зьліваць. Бульбу і крупы карысна папярэдне замочваць на некалькі гадзінаў (да 12). Крупы найлепей перабіраць уручную[1].

Выдаленьню з харчаваньня падлягаюць вырабы з фарбавальнікамі: жуйка, зэфір, ліманад, макароны хуткага прыгатаваньня, пасьціла, пірожныя, сыропы, торты і шакаляд. Таксама карысна пазьбягаць страваў, што раздражняюць страўнік: наварысты булён, вострая і смажаная ежа, вэнджаныя прысмакі, кансэрвы, спэцыі і мясныя вырабы з органаў жывёлы. Урэшце варта ўнікаць харчаваньня, якое найчасьцей выклікае алергію: апэльсіны, арэхі, грыбы, ікра, какава, квас, кетчуп, клубніцы, маянэз, мёд, морапрадукты, рыба, суніцы, сыр і таматы[1].

Для прадухіленьня харчовай алергіі ў малечаў іх матулям яшчэ пры цяжарнасьці і падчас груднога кармленьня карысна ўжываць нізкаалергенную ежу і абмяжоўваць спажываньне солі і цукру, крупаў, макаронаў і пшанічнага хлеба. Таксама цяжарным жанчынам і кормячым маці варта ўжываць кісламалочныя вырабы, нявостры сыр і сьмятану замест ўласна малака. Грудное кармленьне варта працягваць да году з раньнім далучэньнем прыкормліваньня ў выглядзе пацёртай агародніны (з 3,5 месяцаў)[2].

Чыньнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Узьнікненьню хваробы спрыяюць захворваньні страўніка і кішачніка, якія садзейнічаюць кантакту алергенных бялкоў з імунакампэтэнтнымі вузамі і антыцеламі. У дзяцей хваробу найчасьцей выклікаюць недастаткова працяглае грудное выкормліваньне з раньнім пераходам на каровіна малако, неданошанасьць і хваробы жоўцевых шляхоў, печані і страўнікава-кішачнага тракту. У дарослых хваробе спрыяюць запаленьне страўніка (гастрыт), што прыводзіць да пранікненьня празь сьценкі страўніка нерашчэпленай ежы, і запаленьне падстраўнікавай залозы (панкрэатыт), што запавольвае ўсмоктваньне харчовых рэчываў у кроў, а таксама парушэньне рухавасьці жоўцевыводных шляхоў і кішачніка. Таксама хваратворна ўплываюць асобныя харчовыя дадаткі, асабліва кансэрванты (глютамат натру і саліцылат) і фарбавальнікі (нітрыт натру і тартразін). Найчасьцей харчовую алергію могуць выклікаць 9 наступных відаў харчаваньня: арэхі, каровіна малако, пшаніца, ракападобныя, рыба, соя, цытрусавыя, шакаляд і курыныя яйкі[3].

Праявы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хвароба выяўляецца праз высыпку на скуры (крапіўніца), сьверб і ацёк, закладзенасьць носа і чханьне, кашаль, удушша ў выніку ацёка гартані, сьлязьлівасьць і пачырваненьне вачэй, млоснасьць і ваніты, панос з прымешкай крыві і сьлізі, боль у жываце[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Сьвятлана Барысенка. Як жыць з алергіяй // Краіна здароўя. — 9 чэрвеня 2012. — № 3 (297). — С. 5.
  2. ^ І. Роўда. Прафіляктыка харчовай алергіі // Газэта «Нарачанская зара» (Мядзел), 17 чэрвеня 2014 г. Праверана 30 кастрычніка 2017 г.
  3. ^ а б Харчовая алергія // «Фільтрум» (АТ «Ава Рус»), 2017 г. Праверана 30 кастрычніка 2017 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Харчовая алергіясховішча мультымэдыйных матэрыялаў