Хаім Суцін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Хаім Суцін
Хаім Суцін. Партрэт працы Мадыльяні, 1916 год
Дата нараджэньня 13 студзеня 1893(1893-01-13)[1]
Месца нараджэньня Сьмілавічы
Дата сьмерці 9 жніўня 1943(1943-08-09)[2][3][4][…] (50 гадоў)
Месца сьмерці Парыж, Францыя
Прычына сьмерці Рак страўніка
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак маляр, артыст, архітэктурны чарцёжнік
Навуковая сфэра малярства
Жанры партрэтнае маляваньне[d][4] і пэйзаж[4]
Плынь экспрэсіянізм
Пад уплывам Рэмбрант
Подпіс Выява аўтографу

Ха́ім Суцін (13 студзеня 1893 — 9 жніўня 1943) — францускі мастак-экспрэсіяніст беларускага паходжаньня, адзін з найбольш славутых майстроў натурморту.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Беларускі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Сьмілавічах у сям’і беднага габрэйскага краўца. Маляваць пачаў у раньнім дзяцінстве крэйдай на прыпечку, за што атрымоўваў наганяй ад бацькі і старэйшых братоў.

У 1907 годзе зьбег у Менск, дзе працаваў памочнікам фатографа, рэтушорам, атрымаў першыя урокі маляваньня ад мастака Міхаіла Кікоіна. Першы мастацкі дэбют — партрэт мясьніка, сына мясцовага равіна. Раззлаваны дапушчаным аўтарам парушэньнем забароны на выяўленьне, а, галоўнае, той інтэрпрэтацыяй, якую займела яго аблічча ў партрэце, ён жорстка зьбіў Суціна. Той трапіў у шпіталь, а крыўдзіцеля прымусілі заплаціць штраф, які дазволіў маладому мастаку перабрацца ў Вільню ды паступіць у мясцовую мастацкую школу.

У 19101913 гадох Хаім пры падтрымцы Віленскага юдэйскага таварыства заахвочваньня мастацтваў вучыўся ў мастацкай школе.

Францускі пэрыяд[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1913 годзе, маючы у кішэні некалькі рублёў, Суцін прыехаў у Парыж. Там малады мастак пазнаёміўся з Маркам Шагалам, Фэрнанам Лежэ, Дыегам Рывэрам, Амэдэа Мадыльяні. Першыя гады ў Парыжы, дзеля таго, каб зарабіць на жыцьцё, працаваў землякопам, насільшчыкам на вакзале.

У часы першай сусьветнай вайны уладкаваўся на працу, на завод «Рэно», дзе была наладжана вытворчасьць снарадаў. Затым дзякуючы сродкам сяброў у мэтах паляпшэньня здароўя накіраваўся на поўдзень Францыі, на курорт Керэ, дзе пражыў да 1922 г.

У 19201921 гады мастак удзельнічаў у вялікіх выставах «47 з Парнаса» і «Сотня з Парнаса», а ў 1923 годзе — у групавой выставе расейскіх мастакоў «Удар». У канцы 1923 году Суцін пасьпяхова прадаў каля 200 сваіх карцін. З гэтага часу мастак зрабіўся знакамітым і матэрыяльна забясьпечаным. Ён заснаваў уласную студыю на плошчы Клема, адкуль адкрываўся прыгожы від на Сену. Цяжка хворы Амэдэа Мадэльяні перад сьмерцю сказаў: «Не хвалюйцеся, у асобе Суціна я пакідаю вам генія».

У 1925 годзе мастак перажывае моцны творчы крызіс, малюючы здыхлых быкоў і качак у разрэзе. Да 1928 года Суцін вялікую частку часу знаходзіўся у Парыжы. У гэты пэрыяд ён напісаў сэрыю партрэтаў «Слугі»: «Калідорнага» (1927—1928), «Парцье» (1927), «Слугу» (1928). У 1927 парыская галерэя Бінг правяла першую пэрсанальную выставу Х.Суціна. Пазьней вялікія выставы адбыліся ў Чыкага (1935 г.), Нью-Ёрку (1936, 1938, 1940 гг.), Лёндане (1937 г.).

У пачатку Другой сусьветнай вайны мастак атрымаў шэраг прапаноў паехаць у ЗША, аднак застаўся ў Францыі, нягледзячы на тое, што яго ў любы момант маглі арыштаваць як габрэя. У 1941 годзе пасьля непрацяглай адсутнасьці Суцін зноў вяртаецца ў Парыж, дзе піша пэйзаж Шампіньі, «Вялікае дрэва»(1942), «Сьвіней» (1942) — яго любімы нацюрморт, на якім выяўлены сьвіныя тушы на блюдзе.

У 1943 годзе у мастака абвастрылася язва страўніка. 9 жніўня 1943 году, на наступны дзень пасьля нясвоечасова праведзенай апэрацыі Хаім Суцін памёр. За яго труною, паводле паданьня, ішоў усяго адзін чалавек, але ім быў Паблё Пікаса[5].

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Хаім Суцін «Ева». Палатно, алей. 65x54 см. 1928. З карпаратыўнай калекцыі Белгазпрамбанка

Самыя раньнія творы Суціна, што захаваліся, адносяцца да 1916—1917 гадоў. На палотнах выяўленыя куханныя сталы са сьціплым натурмортам.

Яго творам, напісаным пераважна паміж 1920—1929 гадамі, уласьцівыя глыбока індывідуальныя бачаньне сьвету і тэхніка. Характэрныя наўмысныя скажэньні, ахвяраваньне кампазіцыяй і вымалёўкай дэталяў дзеля раскрыцьця ўнутранай сутнасьці прадметаў і зьяў. Карыстаўся інтэнсіўнай, часта падкрэсьлена пачварнай каляровай палітрай. Партрэты пекараў, слуг, прыбіральшчыкаў — бязьлітасныя псыхалягічныя характарыстыкі («Кандытар», 1922); натурморты (большая частка створаная ў 1924—1927), як правіла, прадстаўляюць мяса, бітую птушку, дзічыну, рыбу на розных стадыях разлажэньня — «Курыца і таматы» (1924), «Гавяжая туша» (1925); трывожныя пэйзажы з бягучымі аблокамі і нахіленымі дрэвамі («Злавесная вуліца», каля 1921). Часта перарабляў ці зьнішчаў свае раньнія працы і амаль нічога не маляваў пасьля 1930 году.

З-за таго, што мастак ня меў прамых нашчадкаў (афіцыйна Суцін ня быў жанаты і ня меў дзяцей), яго творчая спадчына перайшла ў рукі прыватных асоб і дзяржавы. Упершыню карціна Суціна зьявілася ў Беларусі у 2012, калі Белгазпрамбанк набыў яго «Вялікія лугі ў Шартры» для сваёй карпаратыўнай калекцыі. Пазьней калекцыю папоўнілі «Ева»[6] ды «Заснулая з кнігай. Мадлен Кастэн»[7]. Пры гэтым карціну «Ева» набылі на аўкцыёне амэрыканскага брокера «Сотбі» (Нью-Ёрк) за 1,86 млн даляраў[8].

Ушанаваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Сьмілавічах у 2008 годзе пры садзейнічаньні ЮНЭСКО створана музэйная экспазыцыя «Прастора Хаіма Суціна», якая дзенічае ў будынку мясцовага дому дзіцячай творчасьці.

Catalogues Raisonnés[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Жывапіс: Tuchman M., Dunow E., Perls K. Soutine: Catalogue Raisonne. Cologne/Köln, 2001. 780 p. ISBN 3-8228-1629-9. ISBN 978-3-8228-1629-5.
  • Жывапіс: Tuchman M., Dunow E., Perls K. Soutine: Catalogue Raisonne. Cologne/Köln, 1993. 780 p. (Папярэдняе выданьне 1993 у 2-х т., сплашная нумарацыя).
  • Гравюры: Lanthemann J. Soutine. Catalogue raisonné de l’oeuvre dessinee. Paris, 1981. 79 p.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]