Хвэронскі канцлягер

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Хверонскі канцлягер»)
Хвэронскі канцлягер № 22
кар. 회령 제22호 관리소
Наступнік Хвасонскі канцлягер № 16(en)
Дата ўтварэньня 1965
Дата спыненьня існаваньня Жнівень 2012
Тып Канцэнтрацыйны лягер
Месцазнаходжаньне Хверонская акруга(en), Паўночнахамгёнская вобласьць(en), Паўночная Карэя
Колькасьць супрацоўнікаў 1600 (2012)

Хвэронскі канцэнтрацы́йны ля́гер № 22 — пажыцьцёва-працоўны сямейны канцэнтрацыйны лягер для палітычных вязьняў у Паўночнай Карэі, заснаваны ў 1965 годзе. Адсутнічае на мапах, бо ўрад адмаўляе яго існаваньне. Пашырыўся ў часе пераводу вязьняў з зачыненых у Паўночнахамгёнскай вобласьці канцлягераў: Кёнсонскі № 11 (1989), Ансонскі(en) № 12 (1991) і Чанпёнскі № 13 (1992). Плошча 225 кв. км. абрамляўся ўнутраным плотам пад напругай 3300 вольт і зьнешнім — з калючага дроту, між якімі пасткі і ўтоеныя цьвікі. Кіраваўся 500—600 чыноўнікамі і меў 1000 узброеных аўтаматамі і гранатамі ахоўнікаў з сабакамі. На 1999 г. зьмяшчаў 50 тыс. вязьняў зь ліку крытыкаў ураду і падазраваных у ненадзейнасьці хрысьціянаў, паўднёвакарэйскіх ваеннапалонных, вяртанцаў зь Японіі і былых партыйных кіраўнікоў. Іх зьнявольвалі разам з бацькамі і дзецьмі — цэлымі сем’ямі, часам, згодна зь некаторымі сьведчаньнчямі, — таксама сваякамі іншых лініяў.

Лягер падзяляўся на працоўныя калёніі: 1) Хвэронская, дзе месьціліся сядзіба кіраўніцтва, харчовая і швейная фабрыкі, ізалятары, кварталы аховы і зьняволеных сем’яў; 2) Чунпонская — вугальная шахта, пагрузачнае дэпо, чыгуначная станцыя, кварталы аховы і халастых вязьняў; 3) Наксэнская, Савулская, Кулсанская і Намсоцкая — фэрмы, кварталы зьняволеных сем’яў.

У пачатку 2012 г. ад галадамору загінула 27 тыс. вязьняў. У сакавіку-чэрвені выжыўшых 3000 вязьняў перавялі ў Хвасонскі канцлягер № 16. Да жніўня ахоўнікі разбурылі ізалятар і вежы канцлягеру. На яго месцы пасялілі кунсімскіх шахтараў і сялянаў з Кёнвонскай(en) і Кёнхунскай(en) акругаў.

Умовы ўтрыманьня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дарослыя вязьні атрымлівалі 180 грамаў кукурузы двойчы на дзень амаль без гародніны. Адзіным спосабам здабычы ў ежу мяса былі лоў жабаў, зьмеяў і пацукоў. 1500—2000 новых вязьняў прыбывала штогод для замены загіблых ад галадамору. Дзеці атрымлівалі толькі асноўнае навучаньне і пераважалі сярод замораных голадам, бо працягвалі атрымліваць толькі 180 г. ежы на дзень нават пасьля прыцягненьня з 6 год да працы — збору гародніны, абіраньня кукурузы і сушкі рысу. У выніку істотная дзель дзяцей памірала ва ўзросьце да 10 год. Цяжкахворых зьмяшчалі ў карантын і пакідалі паміраць. У выніку зьбіцьця 30% вязьняў мелі цялесныя зьнявечаньні ў выглядзе адарваных вушэй, выбітых вачэй, паламаных насоў і пакрытых парэзамі і шнарамі твараў. У 2000 вязьняў адсутнічалі канцавіны. Але нават іх і пажылых змушалі працаваць да самай сьмерці.

Халасьцякоў трымалі ў інтэрнатах па 100 чалавек на пакой. У якасьці ўзнагароды за добрую працу сем’ям дазвалялі жыць разам у адным пакоі зь землянымі сьценамі з шматлікімі расколінамі і без вадаправоду. Усім вязьням даводзілася карыстацца бруднымі перапоўненымі грамадзкімі прыбіральнямі.

Вязьняў змушалі цяжка цялесна працаваць у сельскай гаспадарцы, горнай здабычы і на фабрыцы з 5:00 раніцы да 20:00 вечара (да 19:00 вечару зімой). Затым ладзілася ідэалягічнае перавучваньне і сходы самакрытыкі. Адзіным сьвятам быў Новы год. Людзі гінулі штодня ў шахтах, дзе іх змушалі працаваць рыдлёўкамі і кіркамі да зьнямогі. Пры пажары і завале вязьняў пакідалі паміраць. Трупы грузілі ў вагоны разам з вугалем для спальваньня ў плавільнай печы. Вугаль паступаў на Чхонджынскую(en) электрастанцыю, Чхонджынскі і Кімчэцкі мэталюргічныя камбінаты. Вырашчаная ежа пастаўлялася ў Міністэрства дзяржаўнай бясьпекі і прадавалася ў Пхеньяне.

Катаваньні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ахоўнікам дазвалялася забіваць вязьняў на месцы за непадпарадкаваньне. У 1990-я гады прылюдныя забойствы вязьняў замянілі на таемныя для прадухіленьня бунтаў. У ходзе сьледзтваў аб парушэньні правілаў вязьняў катавалі зьмяншэньнем пайка, зьбіцьцём і згвалтаваньнем. Вязьні, якія выжывалі пасьля катаваньняў у ізалятары, вярталіся адтуль зьнявечанымі.

Штодня вязьняў зьбівалі за марудныя неглыбокі паклон, працу і выкананьне загадаў. Таксама ахоўнікі выкарыстоўвалі вязьняў у якасьці прадмета адпрацоўкі баявога мастацтва. Жанчынаў часта гвалтавалі.

Спосабы катаваньняў:

  • Вада. Стаяньне на насках у бочцы з вадой да носа цягам 24 гадзінаў.
  • Падвешваньне. Падвешваньне да столі распранутым да гары нагамі для наступнага зьбіцьця.
  • Пакой-скрыня. Зьмяшчэньне на тры дні або на тыдзень у адзіночную камэру з дастатковым месцам толькі для сядзеньня.
  • Укленчваньне. Стаяньне на каленях з драўлянай дошкай блізу каленных западзінаў для спыненьня кровазвароту. Праз тыдзень вязень пераставаў хадзіць і многія паміралі празь некалькі месяцаў.
  • Голуб. Шматгадзіннае прысяданьне з прывязанымі да сьцяны рукамі на вышыні 60 см.

Досьледы на людзях[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У шкляной газавай камэры шырынёй 3,5 м, даўжынёй 3 м і вышынёй 2,2 м забівалі сем’і зь дзецьмі праз выпрабаваньне задушлівых газаў. Хірургі-практыканты забівалі і нявечылі вязьняў выпрабаваньнем мэтадаў умяшаньня.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]