Хобатныя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Хобатныя
Клясыфікацыя
НадцарстваЭўкарыёты
ЦарстваЖывёлы
ТыпХордавыя
ПадтыпХрыбетныя
КлясаСысуны
ІнфраклясаПляцэнтарныя
АтрадХобатныя
Сямейства
Бінамінальная намэнклятура
Proboscidea

Хо́батныя (па-лацінску: Proboscidea) — атрад пляцэнтарных сысуноў, абавязаны сваёй назвай іх галоўнай адметнай прыкмеце — хобату. Адзінымі прадстаўнікамі хобатных на сёньняшні дзень зьяўляецца сямейства сланоў (па-лацінску: Elephantidae), і іх жыцьцёвая прастора значна абмежаваная. Іншым сямействам гэтага атраду зьяўляюцца мастадонты (па-лацінску: Mammutidae), якія вымерлі тысячы гадоў назад і якіх нельга блытаць зь яшчэ адным вымерлым родам сямейства слановых — мамантамі (па-лацінску: Mammuthus).

Сэквэніраваньне поўнай пасьлядоўнасьці мітахандрыяльнай ДНК[1], вылучанай з зубу мастадонта (Mammut americanum), які жыў на раўнінах Аляскі 50—130 тысяч рокаў назад, дазволіла прасачыць эвалюцыйную гісторыю мастадонтаў, сланоў і мамантаў.

Хобатныя адрозьніваюцца ня толькі сваім хобатам, але і ўнікальнымі відазьмененымі разцамі — біўнямі (2 зьверху і/ці зьнізу або бязь іх), а таксама найбольшай велічынёй сярод усіх сучасных наземных сысуноў. Некалі на Зямлі жыло мноства сямействаў хобатных, зь якіх некаторыя (напрыклад, мастадонты) мелі чатыры біўні. Біўні растуць усё жыцьцё. Біўні на працягу эвалюцыі дасягалі 4 мэтраў і мелі розныя формы. Калі карэнныя зубы, якія выкарыстоўваюцца падчас харчаваньня, сточваюцца, іх замяняюць зубы, якія растуць далей у роце. Пасьля 60 рокаў усе карэнныя зубы цалкам сточваюцца. Іклаў няма.

Хобатныя ўтварэньні спачатку былі ледзь прыкметныя і служылі продкам хобатных, якія жылі на балотах, як сродак дыхаць пад вадой. Пазьней хобаты, зь іх мноствам цягліцаў, разьвіліся ў тонкаадчувальны хапальны орган, які дазваляў зрываць і лісьце з дрэваў, і траву ў стэпах. Іншай адаптацыяй да жыцьця ў вадзе стала тоўстая скура, якая эфэктыўна супрацьстаяла вонкаваму ціску вады, дазваляючы лягчэй дыхаць. Валасяное покрыва рэдукаванае.

Хвост слабаразьвіты. Дзіцяня падчас перамяшчэньня трымаецца хобатам за хвост сталага суродзіча. У цырках падчас выступленьняў, калі сланы ідуць калёнай, яны трымаюцца за хвост жывёлы, якая ідзе перад імі.

Усе віды зьяўляюцца выключна расьліннаеднымі. Страваваць ежу ім дапамагаюць вантробныя бактэрыі. Ежа перапрацоўваецца арганізмам толькі на 60%. Калі хобатныя перасяліліся з балотаў на сушу, сланяняты для набыцьця патрэбнай вантробнай мікрафлёры сталі ўзбагачаць сваё меню памётам сталых суродзічаў.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]