Холмская губэрня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Холмская губэрня
рас. Холмская губернія
укр. Холмська губернія
Герб
Агульныя зьвесткі
Краіна Расейская імпэрыя Расейская імпэрыя (1912—1918)
Сьцяг Украіны Украінская дзяржава (1918)
Статус Губэрня
Адміністрацыйны цэнтар Холм
Дата ўтварэньня 1912
Дата скасаваньня 1918
Насельніцтва 760 000 чал.
Плошча 10 460 км²
Месцазнаходжаньне
Холмская губэрня на мапе
   Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы

Хо́лмская губэ́рня (па-расейску: Холмская губернія, па-ўкраінску: Холмська губернія, па-польску: gubernia chełmska) — адміністрацыйная адзінка Расейскай імпэрыі і Ўкраінскай дзяржавы гетмана Скарападзкага. Вылучаная зь Люблінскай і скасаванай Седлецкай губэрняў Царства Польскага ў 1912. Складалася зь мясцовасьцяў са значнай удзельнай вагой усходніх славянаў (збольшага ўкраінцаў[1]). Губэрнскае места — Холм.

Расейская імпэрыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Утварэньне губэрні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Калі пасьля загаду ад 17 красавіка 1905 навочна праявіўся правал палітыкі русіфікацыі й навароту ў праваслаўе жыхароў Холмшчыны і Падляшша[2], у найвышэйшых кіроўных колах Расеі ўзрасла цікаўнасьць да высоўваных яшчэ ў другой палове XIX стагодзьдзя плянаў вылучэньня «спрадвечна рускіх» земляў усходніх паветаў Люблінскай і Седлецкай губэрняў (Холмшчына) зь пераважным маларускім (украінскім) насельніцтвам у асобную Холмскую губэрню. Прапанову пра вылучэньне Холмшчыны з Царства Польскага падаў у Дзяржаўнай Думе япіскап Холмскі і Люблінскі Яўлогі (Георгіеўскі). Законапраект быў унесены ў III Дзяржаўную думу 19 траўня 1909, у той самы дзень перададзены ў камісію па накіраваньні заканадаўчых прапановаў. 17—20 лістапада 1909 адбывалася абмеркаваньне ў адмысловай «Холмскай» падкамісіі. Даклад камісіі прадстаўлены ў агульны сход Думы 7 траўня 1911, ягонае абмеркаваньне заняло 17 паседжаньняў. 4 траўня 1912 Закон «Аб утварэньні з усходніх частак Люблінскай і Седлецкай губэрняў асаблівай Холмскай губэрні, з адабраньнем яе з-пад кіраваньня варшаўскага генэрал-губэрнатара» ўхвалены Думай і Высачайшэ зацьверджаны 6 ліпеня [ст. ст. 23 чэрвеня] 1912. Афіцыйнае адкрыцьцё губэрні адбылося 8 верасьня 1913 року. Супраць стварэньня Холмскай губэрні ладзіліся шматлікія пратэсты, у тым ліку і ў самой Дзярждуме. Акрамя іншага, пабачылі сьвет публікацыі пра спрадвечна польскі характар земляў Холмшчыны работы Любаміра Дымсры, Стэфана Дзявульскага і Генрыка Вярценскага.

У 1915 Холмская губэрня была фармальна падпарадкаваная Кіеўскаму генэрал-губэрнатарству, аднак у сувязі з акупацыяй губэрні Цэнтральнымі дзяржавамі гэтае рашэньне фактычна не было ўвасобленае ў жыцьцё.

Тэрытарыяльны склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Граніца Холмскай і Люблінскай губэрняў была вельмі складанай і пакручастай (у прыватнасьці, з анклявамі воласьцяў Радэчніца і Тарноград, якія не ўвайшлі ў склад Холмскай губэрні). Гэта адбылося нібыта праз наяўную на гэтай тэрыторыі перавага расейскага насельніцтва, з улікам сфальсыфікаваных (на думку польскіх крыніц) урадавых статыстычных зьвестак[3].

Адміністрацыйны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Холмская губэрня складалася з 8 паветаў:

Павет Павятовае места Плошча,
вёрстаў²
Насельніцтва
(1897), чал.
1 Белгарайскі Белгарай (5846 чал.) 1500,8 96 332
2 Бельскі Белая (13 090 чал.) 1311,0 76 687
3 Владаўскі Владава (6673 чал.) 1900,1 98 035|
4 Грубешаўскі Грубешаў (10 639 чал.) 10 639 101 392
5 Замасцкі Замосьце (14 705 чал.) 1569,6 119 783
6 Канстантынаўскі Янаў (3861 чал.) 1 263,0 61 333|
7 Тамашаўскі Тамашаў (6233 чал.) 1213,4 98 783
8 Холмскі Холм (18 452 чал.) 1865,9 137 585

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 1909 рок насельніцтва земляў, што ўваходзілі ў склад Холмскай губэрні, складала 703 000 чал.

Нацыянальнасьць Адсотак
украінцы 52,6%
палякі 24,4%
жыды 15,3%
немцы 4,0%
расейцы 3,7%

Усё насельніцтва Холмскай губэрні, паводле зьвестак афіцыйнай расейскай статыстыкі, складала каля 760 тыс. чалавек, зь якіх каталікі складалі 311 тыс., праваслаўныя — 305 тыс., юдэі — 115 тыс., пратэстанты — 28 тыс. Пры гэтым праваслаўныя складалі больш за палову насельніцтва толькі ў Грубешаўскім, а таксама нязначных частках былых Любартаўскага і Краснастаўскага паветаў. У частках Тамашаўскага і Холмскага паветаў, а таксама ў былым Владаўскім павеце колькасьць праваслаўных перавышала лік каталікоў прыблізна на 5%. На 1 студзеня 1914 у Холмскай губэрні з усяго насельніцтва 912 095 чалавек украінцы складалі 446 839, то бок 50,1%, палякі — 30,5%, жыды — 15,8%.

Нацыянальны склад тэрыторыяў паветаў, уключаных у 1912 року ў склад губэрні, паводле зьвестак перапісу 1897[5]:

Павет палякі украінцы жыды расейцы немцы
Белгарайскі 62,7% 20,8% 9,3% 6,9%
Грубешаўскі 23,1% 59,6% 14,5% 1,9%
Замасцкі 73,9% 7,7% 12,2% 5,6%
Тамашаўскі 36,5% 49,5% 11,1% 2,5%
Холмскі 34,5% 33,4% 12,7% 6,3% 12,7%

Герб[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Герб Люблінскай губэрні (1869) да вылучэньня зь яе Холмшчыны — герб Холмшчыны займае ніжнюю частку гербавага шчыту

Герб Холмскай губэрні быў Найвышэй зацьверджаны 15 кастрычніка 1914 року і меў наступнае апісаньне: «У зялёным шчыце з галавою, між трыма залатымі дрэвамі ідзе срэбны мядзьведзь з чырвонымі вачыма і языкам. У залатой галаве шчыта чорны Імпэратарскі арол з трыма каронамі».

Улада[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Губэрнатары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. 1 верасьня 1913[6] — (між 26 траўня[7] і 7 ліпеня [8]) 1914: Аляксандар Волжын (1862 (1860?) — 1933), сапраўдны стацкі дараднік і камэргер (с траўня 1914 — гафмайстар); першы Холмскі губэрнатар, раней — апошні седлецкі губэрнатар[9].
  2. (не раней за 26 траўня) 1914 — (не пазьней за 15 жніўня)[10] 1916: Барыс Кашкараў, сапраўдны стацкі дараднік[11].
  3. (не пазьней за 1 верасьня)[12] 1916 — (пасьля 2 сакавіка) 1917[13]: Леанід Савёлаў (1868—1947), сапраўдны стацкі дараднік і камэргер; апошні холмскі губэрнатар.

Віцэ-губэрнатары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. 1 верасьня 1913 — (не раней за 26 траўня 1914): Аляксандар Фулён, стацкі дараднік і камэр-юнкер
  2. 1914—1917: Міхаіл Цярэнін, калескі сакратар[14]

Духоўныя ўлады Холмскай япархіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Холмская губэрня ўваходзіла ў склад утворанай 29 чэрвеня [ст. ст. 16 чэрвеня] 1905 (паводле іншых зьвестак — 18 ліпеня) 1905 року Холмскай япархіі Расейскай праваслаўнай царквы.

  1. 31 ліпеня [ст. ст. 18 ліпеня] 1905 (з 20 траўня 1912 архіяпіскап) — 27 траўня [ст. ст. 14 траўня] 1914: Яўлогі (1868—1946)
  2. 27 траўня [ст. ст. 14 траўня] 1914 — 23 сьнежня [ст. ст. 10 сьнежня] 1915: Анастасі (1873—1965)
  3. 23 сьнежня [ст. ст. 10 сьнежня] 1915 — 3 красавіка 1916: вакантнае
  4. 4 траўня [ст. ст. 21 красавіка] 1916[15] — 9 чэрвеня [ст. ст. 27 траўня] 1917: Сьвяты Сэрафім (1880—1937), япіскап Бельскі

1915—1918-я рокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жніўні-верасьні 1915 тэрыторыя губэрні знаходзілася пад акупацыяй Цэнтральных дзяржаваў (нямецкія і аўстра-вугорскія войскі). Губэрнскія і павятовыя ўстановы акупаванай Холмскай губэрні былі эвакуяваныя ў Казань і працягвалі функцыянаваць і пасьля лютага 1917 року.

Пачаткова ўся тэрыторыя Холмскай губэрні знаходзілася пад непасрэдным кіраваньнем нямецкіх і аўстрыйскіх вайсковых улад, аднак у чэрвені 1916 зона аўстра-вугорскай акупацыі, што ахоплівала ўласна Холмшчыну (Бялгорайскі, Грубешаўскі, Замасцкі і Тамашаўскі паветы), адышла ў вядзеньне Люблінскага ваеннага генэрал-губэрнатарства, якое выкарыстоўвала польскую адміністрацыю. У 1916—1918 тэрыторыя губэрні ўваходзіла ў склад Каралеўства Польскага. Паводле ўмоваў Берасьцейскае мірнае дамовы 27 студзеня (9 лютага) 1918 між УНР і Цэнтральнымі дзяржавамі Холмшчына (а таксама прылеглыя раёны Гарадзенскай і Люблінскай губэрняў) была перададзеная Ўкраіне.

Украінская дзяржава[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У красавіку 1918 року паветы былой расейскай Холмскай губэрні разам з прылеглымі часткамі Люблінскай губэрні былі перададзеныя ў склад Валынскай губэрні Ўкраінскай Дзяржавы гетмана Скарападзкага. 15 лістапада 1918 гетманат вылучіў асобную Холмскую губэрню. Губэрнскім местам было вызначанае Берасьце-Літоўскае. Губэрняй кіраваў староста Аляксандар Скаропісь-Ялтухоўскі. Аднак праз супрацьдзеяньне мясцовых польскіх уладаў ён ня быў дапушчаны ў Холм і здолеў зарганізаваць украінскую адміністрацыю толькі ў паўночных паветах Холмскай губэрні, акупаваных нямецкімі войскамі.

Холмская губэрня ў гэты пэрыяд улучала:

2-4 лістапада 1918 року фактычнае кіраваньне ў паўднёвай частцы губэрні перайшло да польскіх уладаў. У пачатку сьнежня 1918 была ліквідаваная ўкраінская адміністрацыя і на поўначы губэрні, а яе прадстаўнікі на чале з губэрнскім старостам трапілі ў лягер для інтэрнаваных асобаў у Калішы. Пазьней тэрыторыя былой Холмскай губэрні была ўлучаная асобнымі паветамі ў склад створанага 14 жніўня 1919 року Люблінскага ваяводзтва. УНР прызнала страту Холмшчыны па ўмовах Варшаўскай дамовы 21 красавіка 1920 року.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Польско-украинский территориальный спор и великие державы в 1918—1919 гг.
  2. ^ Пасьля 1905 на Холмшчыне ў каталіцтва навярнуліся 200 тыс. чалавек. Священник Сергий Голованов. Мост между Востоком и Западом. Греко-католическая церковь Киевской традиции с 1596 г. по наше время
  3. ^ Zamojszczyzna w guberni chełmskiej (1912—1915)
  4. ^ а б в цяпер дзяльніца Білгорая.
  5. ^ Демоскоп Weekly — Приложение. Справочник статистических показателей (рас.) Демоскоп Weekly. Институт демографии Национального исследовательского университета «Высшая школа экономики». Праверана 10 жніўня 2012 г.
  6. ^ У некаторых крыніцах 2 верасьня 1913.
  7. ^ «26 траўня Ўладыка Яўлогі малітоўна разьвітваўся з усёю Холмскаю пастваю. <…> У гэты дзень Высокапраасвячоны Ўладыка Яўлогі служыў у катэдральным саборы апошнюю Літургію ў саслужэньні шматлікага мясцовага і прыезжага духавенства.<…> Сярод малітоўнікаў знаходзіліся найвышэйшыя губэрнскія чыны на чале з Холмскім губэрнатарам А. М. Волжыным». Митрополит Евлогий (Георгиевский) Путь моей жизни.
  8. ^ З 7 ліпеня 1914 дырэктар Дэпартамэнту агульных справаў МУС.
  9. ^ З 20 лютага 1904 выконваў абавязкі, з 6 сьнежня 1907 зацьверджаны на пасадзе). [1], [2]
  10. ^ З 15 жніўня 1916 — пскоўскі губэрнатар. У некаторых крыніцах памылкова пазначана, што заставаўся холмскім губэрнатарам і ў 1917.
  11. ^ Адлерберг Александр Васильевич (рас.) Псковский край. Прошлое и настоящее города Пскова и псковской области Праверана 10 жніўня 2012 г.
  12. ^ [3](недаступная спасылка) — «Другое письмо К. Геруца председателю Общества Штура Л. М. Савёлову, касавшееся также славянских и американского сюжетов», датаванае 1 верасьня 1916 г. Геруц пісаў: «Віншую Вас, Леанід Міхайлавіч, з прызначэньнем холмскім губэрнатарам».<…>; [4]. У некаторых крыніцах памылкова пазначана, што Савёлаў быў холмскім губэрнатарам з 1914 р. ([5], [6]).
  13. ^ Заставаўся на пасадзе холмскага губэрнатара на 2 сакавіка 1917 г. ([7]). Фармальная адстаўка надышла пазьней.
  14. ^ Губернии Российской империи: История и руководители. 1708—1917 М.: Объединенная редакция МВД России, 2003. — 479 с.
  15. ^ З 3 красавіка 1916 — вікары Холмскай япархіі.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]