Хроніка літоўская і жамойцкая

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Хроніка літоўская і жамойцкая
Кройника литовская и жмойтская
Хроніка літоўская і жамойцкая, аркуш Табольскага сьпісу, XVIII стагодзьдзе
Жанр: рукапіс
Мова арыгіналу: старабеларуская
Год напісаньня: XVII стагодзьдзе

«Хро́ніка літо́ўская і жамо́йцкая» (па-старабеларуску: Кройника литовская и жмойтская) — помнік беларуска-літоўскага летапісаньня, створаны ў XVII стагодзьдзі, зьяўляецца часткаю «Вялікае хронікі»[a], што апавядае пра сусьветную гісторыю да канца XVI стагодзьдзя.

Рукапіс быў выяўлены Віктарам Буганавым у Аддзеле рукапісных кніг Дзяржаўнага архіву Цюменскай вобласьці, у зьвязку з чым атрымаў назву Табольскага. Аналягічным Табольскаму зьяўляецца Ленінградзкі сьпіс, знойдзены Мікалаем Улашчыкам у Аддзеле рукапісаў Дзяржаўнай Публічнай бібліятэкі імя Салтыкова-Шчадрына ў Ленінградзе. Вядомыя яшчэ два сьпісы летапісу: Краснаярскі, які захоўваецца ў Аддзеле рукапісаў Расейскай нацыянальнай бібліятэкі ў Санкт-Пецярбургу і ўяўляе сабой копію Табольскага, і Кракаўскі, выяўлены ў 1970 Яраславам Шчапавым у Аддзеле рукапісаў Бібліятэкі Польскай Акадэміі навук у Кракаве.

Напісаная «Кроніка» старабеларускай моваю, паводле зьместу набліжаная да «Хронікі Быхаўца» і асабліва да «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» Мацея Стрыйкоўскага — асноўнае крыніцы для стварэньня «Кронікі». Апісвае падзеі ў Вялікам Княстве Літоўскім пачынаючы ад легендарных часінаў (уцёкаў Палямона з Рыму) і сканчаючы абраньнем на сталец Жыгімонта III. У «Кроніку» таксама ўстаўленая аповесьць пра Кулікоўскую бітву, прычым гэтая ўстаўка чыста мэханічная.

Створаны летапіс, імаверна, на поўдні сучаснае Беларусі (магчыма, у Слуцку) асобай, набліжанай да роду Радзівілаў («Кроніка» надае ім шмат увагі і ўслаўляе іхні род).

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Рукапіс азагалоўлены «Летопис, то есть кройника великая з розных многих кройникаров диалектом руским написана, а найпервей о створеню от бога о днех шестих»

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]