Царква Нараджэньня Маці Божай (Шарашоў)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Царква Нараджэньня Маці Божай
Царква Нараджэньня Маці Божай, 1915 р.
Царква Нараджэньня Маці Божай, 1915 р.
Краіна Беларусь
Мястэчка Шарашоў
Каардынаты 52°33′17″ пн. ш. 24°12′51″ у. д. / 52.55472° пн. ш. 24.21417° у. д. / 52.55472; 24.21417Каардынаты: 52°33′17″ пн. ш. 24°12′51″ у. д. / 52.55472° пн. ш. 24.21417° у. д. / 52.55472; 24.21417
Канфэсія уніяцтва
Першае згадваньне 1517
Асноўныя даты:
1517першыя згадкі
1760перабудаваная
1960-язруйнаваная
Дата скасаваньня сярэдзіна XX стагодзьдзя
Будынкі:
Рэліквіі і сьвятыні Шарашоўскае Эвангельле
Стан зруйнаваная
Царква Нараджэньня Маці Божай на мапе Беларусі
Царква Нараджэньня Маці Божай
Царква Нараджэньня Маці Божай
Царква Нараджэньня Маці Божай

Царква́ Нараджэ́ньня Ма́ці Бо́жай — помнік архітэктуры XVI—XVIII стагодзьдзяў у Шарашове. Знаходзіцца ў паўднёвай частцы мястэчка, на гістарычнай Камянецкай вуліцы[a]. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Сьвятога Пасаду. Твор традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. У 1960-я рокі савецкія ўлады зьнішчылі царкву, захавалася царкоўная званіца. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першыя зьвесткі пра царкву ў Шарашове датуюцца 1517 рокам, калі берасьцейскі войт Ян Абрамовіч, жанаты з дачкой уласьніка Шарашова Юрыя Ільлініча, надаў царкве фундуш.

У 1760 року царкву перабудавалі. У 1780 року яна займела ўнікальны іканастас, аздоблены 20 абразамі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 рок), калі Шарашоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква працягвала дзейнічаць як уніяцкая. У 1803 року згарэла старая плябанія. Дзякуючы намаганьням мясцовага сьвятара Антона Прыбышэвіча, які служыў у царкве зь сьнежня 1775 да сьнежня 1793 року, і князя Адама Чартарыскага будынак царквы аднавілі. У 1799 року каля яго паставілі званіцу. У 1818 року царкве належалі тры капліцы: уласна ў Шарашове, а таксама ў Красьніку і Ялове.

З 1833 року ў царкве 15 рокаў вёў набажэнствы на беларускай мове прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Міхась Баброўскі. У гэты час напрастольным тут было рукапіснае Эвангельле канца XV — пачатку XVI стагодзьдзяў. Цяпер гэтае Эвангельле разам з абразамі з іканастасу царквы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі Беларусі.

Па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 року расейскія ўлады адабралі будынак царквы ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). Тады ж царкву пераасьвяцілі ў гонар Усьпеньня Багародзіцы[1].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У царкве, 1930-я рр.

Існуюць зьвесткі, што за польскім часам царкву закінулі[2]. Аднак здымкі 1930-х рокаў і па Другой сусьветнай вайне сьведчаць пра адваротнае.

У пачатку 1960-х рокаў савецкія ўлады зьнішчылі будынак царквы, а дошкі зь яе выкарысталі дзеля пабудовы хатаў у Пружане[3].

Ад 1990 року царкоўная званіца знаходзіцца на кансэрвацыі.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Званіца

Царква[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры. У апісаньні за 1725 рок значыцца добры стан драўляных сьценаў, новы гонтавы дах і купал зь вялікім крыжам; вакол будынку разьбяны кружганак «старасьвецкай моды». Асобна стаяла званіца. У царкве пералічваюцца пазалочаны дэізыс(en), разьбяныя царскія вароты з эвангелістамі і выявай Вячэры Гасподняй. Зь левага боку разьбяны алтар з выявамі сьвятых Пятра і Паўла; Вялікі алтар з выявамі трох сьвяціцеляў(el); а таксама іншыя неідэнтыфікаваныя абразы на дрэве і палатне[4]. У апісаньні за 1757 рок называюцца разьбяны алтар Пятра і Паўла з слупкамі, гзымсамі, флёрэсамі і іншай разьбой і двума анёлкамі.

Уяўленьне пра выгляд царквы па перабудове можна атрымаць зь візыты 1809 року: мела шэсьць калёнаў, купал-сыгнатурка, пакрыты гонтай. Уваход у царкву праз адну зь дзьвюх закрысьціяў (рызьніц). Перад прэзьбітэрыюмам галерэя сталярскай работы. На хорах з балясінамі ручной працы пастаўлены разьбяны вялікі алтар у цыборы(en). Алтар расьпісаны розьнымі фарбамі, на левым яго баку знаходзіўся ахвярнік (мэнса) з выявай Маці Божай з Ісусам у руках. Царскія вароты разьбяныя, пазалочаныя і месцамі пасрэбраныя; на іх выразаныя асобы чатырох эвангелістаў і Зьвеставаньне. Каля варотаў знаходзяцца два разьбяныя алтары з мэнсамі: правы з абразам Госпада Ісуса Ласкавага, левы з выявай Божай Маці[4].

Іканастас і напрастольнае Эвангельле Прачысьценскай царквы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музэі. Вылучаецца абраз тыпу «Нараджэньне Хрыстовае», якое трактуецца як «Пакланеньне каралёў». Ясьлі зь Дзіцём пастаўленыя на высокай падстаўцы, за якой выяўлены Язэп. Марыя сядзіць побач на нябачным крэсьле. Фігуры каралёў паменшаныя, без галаўных убораў, на правым краі карціны[5].

Незвычайна трактаванае таксама Зьвеставаньне на адным з двух абразоў, які можна разглядаць як «Перадзьвеставаньне». На ім выяўленая Марыя ў момант малітвы, апранутая ў блакітны хітон і чырвоны мафорый. Яна глядзіць у неба, адкуль зь вясёлкавага сэгмэнту выступае рука, што бласлаўляе. На другім абразе гэтага тыпу расстаноўка фігураў традыцыйная, а да галавы Марыі ідуць тры прамяні ад Сьвятога Духа[6].

Званіца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік традыцыйнай беларускай драўлянай архітэктуры з элемэнтамі стылю клясыцызму. Збудаваная без адзінага цьвіка, мае надпіс з часам будаваньня: «Roku 1799 mca iula dnia 27». Гэта 2-ярусная квадратная ў пляне (5,3 × 5,6 м) пабудова вышынёй 18 м. Ніжні ярус з брусоў у «лапу», верхні (звон) зроблены з васьмі стоек з крывалінейнымі пакосамі і разьбянай агароджай[7].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас царкоўнай званіцы — вуліца Савецкая, 1

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Ігар Лашук. (12 лютага 2008) Развіццё культу Беззаганнага Зачацця Маці Божай у Беларусі. Рыма-каталіцкі касьцёл на Беларусі. Праверана 27 студзеня 2012 г.
  2. ^ Dr. Michał Marczak. Przewodnik po Polesiu. — Brześć nad Bugiem: Polskie Towarzystwo Krajoznawcze, 1935. — С. 45.
  3. ^ Юры Жыгамонт. (22 ліпеня 2011) Деревня Шерешево (Беловежская пуща): После восстания Кастуся Калиновского здесь вешали арестованных повстанцев (рас.) Новыя падарожжы дылетанта. СТБПраверана 27 студзеня 2012 г.
  4. ^ а б Трыфанава Н. Я. З гісторыі шарашоўскай царквы Нараджэньня Багародзіцы і яе ўнутранага аздабленьня Сообщения Национального художественного музея Республики Беларусь, выпуск 5, 2004. Нацыянальны мастацкі музэй Рэспублікі БеларусьПраверана 27 студзеня 2012 г.
  5. ^ Ярашэвіч А. «І нарадзіла Сына свайго…» Сюжэты Божага Нараджэння ў старабеларускім мастацтве Catholic.by. Наша вера. № 4, 1999. Праверана 27 студзеня 2012 г.
  6. ^ Ярашэвіч А. «І пачула голас…» Сюжэты Звеставання ў беларускім мастацтве Catholic.by. Наша вера. № 1 (11), 2000. Праверана 27 студзеня 2012 г.
  7. ^ Дойлідства Беларусі. Частка 6 (Р—Я) Юркаў куточак Праверана 27 лістапада 2012 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  112Г000655