Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў (Баруны)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік сакральнай архітэктуры
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў
Краіна Беларусь
Вёска Баруны
Каардынаты 54°18′59.15″ пн. ш. 26°08′20.64″ у. д. / 54.3164306° пн. ш. 26.1390667° у. д. / 54.3164306; 26.1390667Каардынаты: 54°18′59.15″ пн. ш. 26°08′20.64″ у. д. / 54.3164306° пн. ш. 26.1390667° у. д. / 54.3164306; 26.1390667
Эпархія Гарадзенская дыяцэзія 
Архітэктурны стыль віленскае барока
Аўтар праекту Аляксандар Асікевіч
Дата заснаваньня 1692
Статус Ахоўная зона
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў на мапе Беларусі
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў
Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў на Вікісховішчы

Царква Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла і манастыр базылянаў — помнік архітэктуры XVIII стагодзьдзя ў Барунах. Знаходзіцца ў цэнтры колішняга мястэчка, на гістарычным Рынку[a]. Твор архітэктуры віленскага барока. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Комплекс складаецца з царквы, капліцы, манастырскага корпуса, мура і брамаў. Ад 1922 году ў будынку царквы дзейнічае касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла, манастырскі корпус з савецкіх часоў знаходзіцца ў занядбаным стане.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Маці Божая Барунская
Манастыр у XVIII ст.

У 1692 годзе намаганьнямі сьвятара Мікалая Песьляка ў Барунах пачалося будаваньне царквы. У 1700 годзе зь мястэчка Вішнева сюды перавезьлі базылянскую школу, якая сьпярша была 3-гадовай, а з 1780 году — 6-гадовай. Базыляне прывезьлі з сабой цудоўны абраз Маці Божай і пачалі будаваць мураваную царкву, якая згарэла разам з усім мястэчкам у 1707 годзе. Пастановай Варшаўскага сойму ў 1710 годзе выдзяляліся сродкі на аднаўленьне пабудоваў, аднак работы спыніліся ў 1711 годзе — з прычыны маравой пошасьці. Новая фундацыя ў 1715 годзе належыць мітрапаліту кіеўскаму і галіцкаму Льву Кішку.

Існую мураваную царкву збудавалі ў 1747—1753 гадох паводле праекту архітэктара Аляксандра Асікевіча. Дзеля афармленьня інтэр’еру, якое працягвалася да 1770 году, базыляне запрашалі найлепшых майстроў зь Вільні і Менску. У 1778—1793 гадох будаваўся мураваны манастырскі корпус[1].

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795 год), калі Баруны апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, царква і манастыр працягвалі дзейнічаць. У XIX ст. базылянская школа стала знакамітай дзякуючы сваім выхаванцам, сярод якіх вядомыя пісьменьнікі, сябры Адама Міцкевіча — Антоні Эдвард Адынец і Ігнаці Ходзька.

Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1833 годзе расейскія ўлады гвалтоўна адабралі царкву і манастыр у Сьвятога Пасаду і перадалі Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царкве), з 1845 году ў манастыры разьмяшчалася духоўная вучэльня. Манастыр перастаў існаваць самастойна ў 1874 годзе, калі яго прыпісалі да Віленскага манастыра Сьвятога Духа. 22 верасьня 1881 году царкву пераасьвяцілі пад тытулам Покрыва Багародзіцы.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1920—1922 гадох у былым манастыры дзейнічала беларуская настаўніцкая сэмінарыя, дырэктарам якой быў вядомы дзяяч нацыянальна-вызвольнага руху Сымон Рак-Міхайлоўскі. У 1922 годзе ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі пераасьвяцілі царкву пад касьцёл Сьвятых Апосталаў Пятра і Паўла.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Царква — 3-нэфавая базыліка з кампактавым каталіконам і выцягнутай алтарнай апсыдай зь вялікімі закрысьціямі з бакоў вімы. Шырокі галоўны фасад інтэнсіўна падзяляецца на асобныя вэртыкальныя часткі. Цэнтральны нэф закрываеца рызалітам, завершаным фігурным атыкавым франтонам з масіўнымі валютамі. З вуглоў бакавых нэфаў узвышаюцца адносна невялікія чацьверыковыя вежы, дыяганальны разварот якіх надае ўсяму фасаду хвалістую прасторавую структуру. Адна зь вежаў мае тэлескапічную 3-ярусную будову, завяршэньне другой не захавалася або ўвогуле не існавала. Побач зь ёй, праз браму, асобна стаіць 2-ярусная вежа-званіца. Вэртыкальны рытм фасаду мае пэўную адвольнасьць і асымэтрыю, але не страчвае мастацкай гармоніі.

Усярэдзіне цэнтральны нэф, апсыда і закрысьціі перакрываюцца цыліндрычнымі скляпеньнямі з распалубкамі, бакавыя нэфы — крыжовымі. Завяршае магутную пэрспэктыву інтэр’еру стукавы алтар у выглядзе карынцкай калянады з разарваным і інтэнсіўна падзеленым антаблемэнтам. Над ім чатыры скульптуры арханёлаў. Больш аблегчаная кампазыцыя другога ярусу алтара разгортваецца вакол круглага акна-люкарны, аздобленага шчытом з выявамі Тройцы, анёлаў і ляпной кампазыцыяй «Глёрыя» ў завяршэньні. У інтэр’еры сем высокамастацкіх разьбяных алтароў, славуты абраз Маці Божай Барунскай. Пад царквой знаходзіцца крыпта-пахавальня.

Капліца[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Капліца — скразная вежа з чатырма лучковымі прасьветамі на 8-граннай аснове. Вежа завяршаецца невялікай 2-яруснай цыліндрычнай вежачкай з крыжам над гранёным шатровым дашкам і аздабляецца скульптурай Хрыста.

Манастыр[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Манастырскі корпус — 2-павярховы Т-падобны ў пляне будынак з рэгулярным рытмам фасадаў, які ствараюць прастакутныя аконныя праёмы ў простых ліштвах і лапаткі ў прасьценках.

Перакрытыя цыліндрычнымі скляпеньнямі з распалубкамі памяшканьні аб’ядноўваюцца галерэямі з ажурнымі крыжовымі скляпеньнямі.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычная графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Цяперашні афіцыйны адрас — вуліца Савецкая, 45

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 69.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  412Г000062