Цывілізацыяністыка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Цывілізацыяні́стыка ці цывілізацыйны падыход (па-чэску: Civilizacionistika; па-ангельску: A Theory of Civilization) — навуковы кірунак сучаснай гістарычнай сацыялёгіі, які займаецца тэарэтычнымі і мэтадалягічнымі аспэктамі вывучэньня гістарычных перадумоваў узьнікненьня, функцыянаваньня і трансфармацыі цывілізацыяў як у мінуласьці, так і ў сучаснасьці.

Паняцьце «цывілізацыяністыка» было запазычана з навуковай працы чэскага палітыка, правазнаўцы, сацыёляга і эканаміста Яраслава Крэйчага малодшага(cs)) пад назвай «Спасьцігальныя токі гісторыі» (па-чэску: Postižitelné proudy dejin)[1]. Як кірунак гістарычнай сацыялёгіі, цывілізацыяністыка яшчэ знаходзіцца на стадыі фармаваньня свайго тэарэтычнага і мэтадалягічнага абгрунтаваньня. Бібліяграфічнай асновай цывілізацыяністыкі зьяўляюцца шматлікія навуковыя дасьледаваньні амэрыканскіх і эўрапейскіх антраполягаў, гісторыкаў, сацыёлягаў і этнографаў. Што датычыцца прадмету дасьледаваньня, тэрмін «цывілізацыя» дагэтуль ня мае пэўнага выкладу; ягоная супярэчлівасьць падтрымліваецца наяўнасьцю шматлікіх інтэрпрэтацыяў, большасьць зь якіх сьціпла зьвязана з паняцьцем «панаваньне»[2][3].

Кантэксты тэрміну «цывілізацыя»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ад таго, што ў цывілізацыяністыцы дагэтуль не існуе пэўны кансэнсус адносна паняцьця «цывілізацыя», навукоўцы гэты тэрмін разглядаюць з пазыцыяў прыроды яго паходжаньня і сапраўднай наяўнасьці ў сьвеце. Паводле ісьляндзкага сацыёляга і філёзафа Ёгана Паля Арнасана(cs) ўсе навуковыя плыні тэорыі цывілізацыяў можна падзяліць на дзьве плыні: тыя, хто разглядае цывілізацыю ў адзіночным ліку - «сынгулярнае паняцьце», і тых, хто бачыць цывілізацыю ў множным ліку - «плюралістычнае паняцьце»[4][5].

Цывілізацыя ў сынгулярным разуменьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цывілізацыя як гістарычны працэс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напэўна самая сьціплая фармуліроўка цывілізацыя разумеецца доўгатэрміновы працэс гуманізацыі (сама-ўтварэньня) чалавека, які цягнецца ад пачаткаў гісторыі ажно па сучаснасьць. У гэтым разуменьні на першы плян ставіцца разьвіцьцё чалавечых здольнасьцяў. Напрыклад, Карл Маркс піша пра ўтварэньне капіталізму як пра доўгатэрміновы цывілізацыйны працэс разьвіцьця чалавечага патэнцыялу і сацыяльнай прыроды чалавека. У сваіх рукапісах «Grundrisse» Карл Маркс прапануе правесьці анатомію мадэрнага буржуазнага грамадзтва, якое ёсьць «самая разьвітая і разнастайная гістарычная арганізацыя вытворчасьці … Катэгорыя, якая выказвае адносіны і разуменьне структуры капіталістычнае фармацыі, дазваляе таксама пранікаюць у структуру і вытворчыя адносіны ўсіх зьніклых формаў грамадзтва, на іх жа рэштках і элемэнтах заўжды будзе пабудавана новае грамадзтва … Анатомія чалавека зьяўляецца ключом да анатоміі малпы»[6][7]. Гістарычныя фармацыі паводле Маркса: архаічная, азіяцкая, антычная, фэадальная, капіталістычная, камуністычная.

Францускі сацыёляг і гісторык Эміль Дзюркгейм(be) лічыў, што сацыялёгія гэта навука аб цывілізацыях. Перадусім гаворка ідзе пра культывацыю чалавека, дзе пад цывілізацыяй разумеецца вытанчанасьць манераў, нораваў паводзінаў, мараль. Пазьней, адзін зь ягоных студэнтаў, знакаміты францускі антраполяг і сацыёляг Марсэль Мос(en) у сваёй працы «Элемэнтарныя формы рэлігійнага жыцьця» напіша, што сацыялёгія цывілізацый павінна вывучаць працэсы разьвіцьця грамадзтва, якія да гэтай формы прывялі. Галоўным фактарам разьвіцьця цывілізацый лічыцца падзел працы(en). Падзел працы зьяўляецца цывілізаванай формай змаганьня за выжываньне, а ключавым фактарам грамадзкага жыцьця зьяўляецца рэлігійнае жыцьцё[8].

Цывілізацыя як вызначаны этап гісторыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачаткі цывілізацыі знаходзяцца ў прагістарычным пэрыядзе. Аднак аб узьнікненьні цывілізацыі магчыма казаць у трох вымярэньнях: узьнікненьне пачаткаў дзяржаўнасьці, урбанізацыя, і ўзьнікненьне пісьменнасьці. Да гэтага кірунку можна аднесьці амэрыканскага антраполяга і гісторыка Льюіса Моргана(en), які пазначаў цывілізацыю за трэці этап разьвіцьця чалавецтва пасьля дзікунства і барбарства[9].

Цывілізацыя як адрозьненьне паміж паняцьцямі культура і цывілізацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ідзе перадусім аб моўным адрозьненьні ў кантэксьце нямецкай і францускай мовы. З этымалягічнага пункту гледжаньня слова «цывілізацыя» паходзіць ад лацінскага «civis» і «civilis», а таксама «civilitas» і «civiliter». Два апошніх паняцьця ўжываліся ў кантэксьце ветлівасьці і быць далікатным, або інакш кажучы, былі зьвязаны зь францускім выразам, які служыў для абазначэньня вытанчаных палацавых нораваў. У францускай энцыкляпэдыі «цывілізацыя» адзначае супрацьлегласьць «барбарству». Што датычыцца нямецкай мовы, адрозьненьні паміж культурай і цывілізацыяй маюць вельмі доўгую гісторыю. Пачаткі гэтай праблемы ўжо можна знайсьці ў нямецкага філёзафа Імануіла Канта, які прыраўноўваў цывілізацыю да грамадзкай вытанчанасьці, у той час як «культуру» зьвязваў з мастацтвам, навукаю, маральнасьцю. Цывілізацыя была нэгатыўным прэдантам культуры, паказвала на разьвіцьцё матэрыяльнай старонкі чалавечага існаваньня, аднак культура была зьвязана перадусім з духоўнымі інтарэсамі[10].

Тэорыя Норбэрта Эліяса «Аб цывілізацыйным працэсе»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўніком гэтага кірунку зьяўляецца нямецкі гісторык і сацыёляг Норбэрт Эліяс(en), які напісаў і выдаў кнігу пад назваю «Аб цывілізацыйным працэсе», дзе паказаў, як у доўгатэрміновым гістарычным разьвіцьці зьмяняюцца ня толькі формы ўзаемазалежнасьці людзей, але і самі людзі. Падмуркам ягонага дасьледаваньня сталі цэнтрабежныя і цэнтраімклівыя працэсы, якія цягам гісторыі чалавецтва паміж сабой чаргаваліся (напрыклад: працэс утварэньня сучаснай дзяржавы). Больш таго, ён увёў у сацыялягічны слоўнік новыя паняцьці: сацыягенэзіс і псыхагенэзіс. Пад «сацыягенэзісам» разумеецца разьвіцьцё грамадзкіх структур няроўнасьці, панаваньня і парадку, у той час як пад «псыхагенэзісам» разумеецца доўгатэрміновае разьвіцьцё асобасных структур чалавека і спосабаў ягоных паводзінаў[10].

«Сацыякультурная эвалюцыя» замест «цывілізацыя»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Яскравым прадстаўніком гэтага кірунку ў цывілізаціяністыцы зьяўляецца амэрыканскі гісторык Ўільям Макніл(en) са сваёй канцэпцыяй як цывілізацыі вучацца адна ад другой. Будучы спэцыялістам сьветавай гісторыі, прытрымліваецца думкі, што сьветавая гісторыя — гэта гісторыя цывілізацыяў, якія паступова зрастаюцца ў адну глябальную цывілізацыю (працэс культурніцкага зьліцьця)[11].

Цывілізацыя ў плюральным разуменьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плюралізацыя паняцьця — глябальная гісторыя складаецца з гісторыяў шматлікіх цывілізацыяў.

Геаграфія цывілізацый[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плюральнасьць цывілізацыі ў ейным геаграфічным зьнаходжаньні. Выдзяляюцца цывілізацыі рэгіянальнага тыпу (эўрапейская, шумэрская), але сучасна існуюць надрэгіянальныя тыпы (заходняя, афрыканская, ісламская). Існуе меркаваньне, што над цывілізацыяй стаіць нешта яшчэ большае, а «цывілізацыі» гэта толькі пераходная форма перад «надцывілізацыяй»[12].

Контравэрсыйнасьць паміж халістыцкай і адкрытай цывілізацыяй[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гаворка ідзе аб паняцьці цывілізацый як узаемна зачыненых сьветаў. Прадстаўніком гэтага кірунку зьяўляецца нямецкі філёзаф і пісьменьнік Освальд Шпэнглер. Шпэнглер падкрэсьлівае, што кожная высокая культура сабою сымбалізуе сьвет. Унутры цывілізацыя ня можа быць кагерэнтнай (адзінай, узгодненай), і таксама ня можа быць супярэчлівай, грамадзянскія войны там на ўзроўні грамадзянскай сьвядомасьці. Канфлікты паміж цывілізацыямі — гэта лёс! Існаваньне кожнай «высокай культуры» праходзіць па аднолькавым мэханізьме, які падобны на этапы жыцьця сонца і сонечнай сыстемы — апошнім этапам ёсьць «цывілізацыя», якая мае павагу імпэрыялістычную і пачынае экспансію і таму гіне. Цывілізацыя не зьнікае, але становіцца закамянелай культурай, які падобны «беламу карліку», ў якім пасьля выбуху стане наша сонца. Прыкладам сучаснай закасьцянелай цывілізацыі зьяўляецца Кітай. Паводле О. Шпэнглера ў гісторыі існавала 8 «высокіх культур»: заходняя (ўзьнікла каля 1000 году); Грэцка-рымская антыка; Эгіпетска-бабілёнская; Індыя; Кітай; Мэксыканская культура; Арабская (магічная) культура; Руская культура (хрысьціянства паводле Дастаеўскага). Напрыклад, Заходняя цывілізацыя перажывае доўгатэрміновы працэс заняпаду, які не адзначае разьпад структур панаваньня — заняпад адзначае апустошваньне, выгрузка, культурнае «апаражненьне» — высокая культура камянее.[13]

Спрэчка паміж прыхільнікамі культуральных і плюральных фактараў цывілізацыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Падкрэсьліваецца значымасьць культуры, якая зьяўляецца прымарнай крыніцай інтэрпрэтацыі сьвету. Ідзе рэч аб якімсьці культурным дэтэрмінізму, падобным да прымяненьні біялёгіі — так і культура мае свой генэтычны код у чалавечым арганізму. Чым старейшымі становяцца цывілізацыі ў гісторыі, тым большую ролю ў жыцьці чалавека грае культура[14].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ KREJCÍ, J., Postižitelné proudy dejin. Praha: Slon, 2002
  2. ^ Weber, Max, Wirtschaft und Gesellschaft, 1922, 1925, Erster Teil, Kapital I. «Soziologische Grundbegriffe»
  3. ^ Weber, Max. Metodologie, sociologie a politika. Vybral a uspořádal Miloš Havelka, Praha, OIKOYMENH 20092, ISBN 978-80-7298-389-6
  4. ^ ARNASON, J. P., Civilizations in Dispute. Historical Questions and Theoretical Traditions, Boston and Leiden: Brill, 2003.
  5. ^ ARNASON, J. P., Civilizational analysis, social theory and comparative history, Handbook of Contemporary European Social Theory, ed. Gerard Delanty, London: Routledge, 2006
  6. ^ Marx, K 1971. Rukopisy «Grundrisse», sv. I. Praha: Svoboda.
  7. ^ ŠUBRT, Jiří (ed.). Historická sociologie. Teorie dlouhodobých vývojových procesů. Plzeň: Aleš Čeněk, 2007.548 s. ISBN 978-80-7380-061-1.
  8. ^ Mauss, Marcel. Techniques, technology and civilisation. Chapter 7. «Civilisations, their elements and forms (1929/1930)». New York: Durkheim Press/Berghahn Books, 2006
  9. ^ Morgan, Lewis Henry. Ancient Society or Researches in the lines of human progress from savagery, through barbarism to civilization. University of Arizona Press, 1985. ISBN 0-8165-0924-7
  10. ^ а б Šubrt, Jiří. Civilizační teorie Norberta Eliase. Univerzita Karlova, Praha 1996. ISBN 80-7184-197-8
  11. ^ McNeill, William H. (1963). The Rise of the West: A History of the Human Community. Chicago: University of Chicago Press. Revised edition, 1991. ISBN 978-0-226-56141-7
  12. ^ Árnason, Jóhann P, Ladislav Benyovszky, and Marek Skovajsa. Dějinnost, Nadcivilizace a Modernita: Studie K Patočkově Konceptu Nadcivilizace. Praha: Togga, 2010. Print
  13. ^ Spengler, Oswald. 1918. The Decline of the West, v. 1: Form and Actuality Authorized translation. 1926. George Allen & Unwin, London
  14. ^ Parsons, Talcott. 1937. The Structure of Social Action. Free Press: 1949

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]