Цэнтральная беларуская вайсковая рада

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Цэнтра́льная Белару́ская Вайско́вая Ра́да (ЦБВР) — каардыноўны орган, створаны на зьезьдзе жаўнераў-беларусаў Заходняга фронту, 12-й арміі Паўночнага фронту і Балтыйскага флёту ў Менску (13—19 лістапада 1917). На зьездзе быў абраны Часовы выканаўчы камітэт ЦБВР не чале з Сымонам Рак-Міхайлоўскім ды намесьнікамі Кастусём Езавітавым і Язэпам Мамонькам. Выканаўчы камітэт ЦБВР увайшоў у склад Вялікай беларускай рады. Друкаваны орган — газета «Белорусская рада».

ЦБВР стварыла спэцыяльны аддзел па фармаваньні беларускіх вайсковых адзінак, які ўзначаліў генэрал-лейтэнант Кіпрыян Кандратовіч, і адправіла на франты вярбоўшчыкаў. Пасьля зьездаў беларусаў-вайскоўцаў Паўночнага, Румынскага і Паўднёва-Заходняга франтоў (усе ў лістападзе 1917 — студзені 1918) іх прадстаўнікі папоўнілі склад Выканкаму рады.

Намаганьнямі ЦБВР у лістападзе 1917 створаны беларускі полк у Менску і конны эскадрон пад Воршай. ЦБВР атрымала ад Вярхоўнага галоўнакамандуючага М. Крыленкі ў выніку перамоваў 10—11.1.1918 дазвол на стварэньне беларускай нацыянальнай Чырвонай гвардыі і прызначыла пунктамі яе фармаваньня Мінск, Бабруйск, Рагачоў, Магілёў і Барысаў. Агулам сумесна зь Беларускай вайсковай камісіяй ЦВБР магла згуртаваць у беларускі полк каля 120 000 жаўнераў, але з розных прычынаў не змагла пераправіць іх у Беларусь з Румынскага і Паўднева-заходняга франтоў.

Сябры ЦБВР удзельнічалі ў арганізацыі і правядзеньні Усебеларускага зьезду (1917), стварэньні Беларускай Народнай Рэспублікі.

Пасьля Ўсебеларускага кангрэсу была распушчана па пастанове СНК, але афіцыйна спыніла дзейнасьць пасьля зьліквідаваньня Выканкаму Рады Зьезда.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Савіцкі В. Беларускае войска: ад ідэі да спроб рэалізацыі (1917 г.) // Беларускі гістарычны часопіс. 1994. № 4.
  • Мазец В. Цэнтральная беларуская вайсковая рада // БЭ ў 18 т. Т. 17. Мн., 2003.
  • Łatyszonek O. Białoruskie formacje wojskowe 1917 – 1923. Białystok, 1995.