Цэнтральная беларуская рада Гарадзеншчыны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Цэнтральная беларуская рада Гарадзеншчыны (ЦБРГ) — каардынацыйны цэнтар беларускіх палітычных і грамадзкіх арганізацыяў Гарадзеншчыны ў 1919 годзе.

Створаная зь ініцыятывы Паўла Алексюка як цэнтральны прадстаўнічы орган Гарадзеншчыны з мэтай скліканьня беларускага зьезду Віленшчыны і Гарадзеншчыны. 19 сакавіка 1919 адбылося першае арганізацыйнае пасяджэньне ЦБРГ, у якім прынялі ўдзел: ад БПС-Д — Антон Луцкевіч і Лявон Заяц, ад БПС-Р — Антон Борык, ад БПНС — Павал Аляксюк, ад Гарадзенскай павятовай рады — С. Качынскі, А. Якубецкі, У. Курбскі, З. Качан, ад БНК — Я. Натусевіч, ад Гарадзенскага камітэту бежанцаў — Тодар Вернікоўскі і А. Фохт, ад Саюзу настаўнікаў — Б. Квяцінскі, В. Краўцэвіч, Я. Антонаў, ад Саюзу студэнтаў — У. Міцкевіч, ад Віленскай рады — Кузьма Цярэшчанка, ад Гарадзенскай управы — У. Зяньковіч, Сымон Якавюк і Е. Казлоў.

У прэзыдыюм ЦБРГ абраны А. Якубецкі, П. Аляксюк, А. Фохт, Б. Квяцінскі і У. Зяньковіч, кандыдатамі — Сымон Якавюк і Янка Натусевіч. Пазьней у склад прэзыдыюма кааптаваны прадстаўнікі сялянскай рады М. Маркевіч і Тодар Вернікоўскі.

Напачатку старшынём ЦБРГ быў Аляксюк, зь ліпеня 1919 Я. Антонаў, намесьнікі старшыні — А. Якубецкі і Б. Квяцінскі. Выдавала газэты «Беларусь» і «Зорка», Паводле «Тымчасовага палажэньня аб губэрнскіх камісарыятах» Рады Міністраў БНР прэзыдыюм ЦБРГ выконваў ролю прадстаўніка беларускага ўраду на Гарадзеншчыне.

19 сакавіка 1919 Аляксюк згодна з пастановай Рады Міністраў прызначаны губэрнскім камісарам Гарадзеншчыны. У пачатку траўня 1919 прэзыдыюм ЦБРГ вырашыў паслаць дэлегацыю да польскага Генэральнага камісара Грамадзянскага ўпраўленьня ўсходніх зямель Е. Асмалоўскага, у склад якой увайшлі П. Аляксюк, У. Зяньковіч і Т. Вернікоўскі. На сустрэчы з Асмалоўскім у Вільні 10 траўня 1919 дэлегацыя зьвярнулася да яго з просьбай захаваць беларускае самакіраваньне на Гарадзеншчыне, пакуль не пачне дзейнічаць праграма Пілсудскага ад 22 красавіка 1919, даць магчымасьць паразумецца беларускім арганізацыям і вырашыць пытаньне сацыяльнага забесьпячэньня насельніцтва. Перагаворы з польскімі ўладамі выклікалі пратэст арганізацыяў і ўстаноў Гарадзеншчыны.

28 красавіка, пасьля таго як нямецкія часткі пакінулі Гародню і ў горад увайшлі польскае войска, Цэнтральная Беларуская Рада Гарадзеншчыны зьвярнуласы з адозвай «Да беларускага народу». «Учора, старая Гродна пабачыла сьцягі войскаў Польскай дзяржавы, якія занялі гэтае адвечнае беларускае места. Сустрэньце, беларусы, новых гасьцей свайго краю з поўным спакоем і пэўнасьцю… Нас, гаспадароў сваёй зямлі, не зрабіць падуладнымі. Ніхто не зможа адняць нашае правы на незалежнае існаваньне. …Толькі ў …еднасьці мы зможам адстаяць сваю волю, сваю незалежную БНР».

Пасьля Беларускага зьезду Віленшчыны і Гарадзеншчыны летам 1919 ЦБРГ фактычна спыніла сваю дзейнасьць.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Гродназнаўства. Гісторыя еўрапейскага горада». Kolegium Europy Wschodniej im. Jana Nowaka-Jeziorańskiego, Гродна-Уроцлаў, 2012 год. ISBN 978-83-61617-85-3