Цэнтралізаванае тэставаньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Цэнтралізаванае тэставаньне (ЦТ) — уступны экзамэн, арганізаваны на аснове пэдагагічных тэстаў, стандартызаваных працэдураў правядзеньня тэставага кантролю, апрацоўкі, аналізу й выдачы вынікаў, які выкарыстоўваецца для правядзеньня конкурсу пры паступленьні ва ўстановы вышэйшае, сярэдняе спэцыяльнае і прафэсійна-тэхнічнае адукацыі ў Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі. У Рэспубліцы Беларусь правядзеньнем ЦТ займаецца Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ).

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

7 лютага 2006 г. А. Лукашэнка падпісаў Указ № 80 «Аб правілах прыёму асобаў для атрыманьня вышэйшай адукацыі I ступені і сярэдняй спэцыяльнай адукацыі» (ССА), якім абавязаў абітурыентаў падаваць у прыёмную камісію ВНУ і ўстановы ССА «арыгіналы сэртыфікатаў цэнтралізаванага тэставаньня, праведзенага ў Рэспубліцы Беларусь у год прыёму»[1].

У 2011 г. цэнтралізаваньне тэставаньне па беларускай мове здалі звыш 53 тыс. чалавек (36%), па расейскай мове — 96 тысячаў (64%). На беларускай мове здалі ЦТ па: біялёгіі — 7,2% абітурыентаў, якія зарэгістраваліся на гэтую дысцыпліну; геаграфіі — 5,2%; гісторыі Беларусі — 33%; грамадазнаўстве — 2,5%; матэматыцы — 6,2%; сусьветнай гісторыі — 8,7%; фізыцы — 5,6%; хіміі — 5,5%[2]. У 2012 г., як і годам раней, плата за прыём і афармленьне дакумэнтаў для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставаньні (рэгістрацыйны ўнёсак) складала 10 000 рублёў ($1,2) за кожны прадмет[3].

Прадметы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2016 г. цэнтралізаванае тэставаньне праводзілася па 14 прадмэтах: беларуская мова, біялёгія, геаграфія, гісторыя Беларусі, грамадазнаўства, замежныя мовы: (ангельская, нямецкая, француская, гішпанская), матэматыка, расейская мова, сусьветная гісторыя найноўшага часу, фізыка, хімія.

Правядзеньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

6 чэрвеня 2006 г. Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 714 «Аб зацьвярджэньні Палажэньня аб парадку арганізацыі і правядзеньня цэнтралізаванага тэставаньня». Паводле 8-га артыкула Пастановы, Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь зацьвярджае: 1) «графік правядзеньня і час пачатку цэнтралізаванага тэставаньня, пералік установаў адукацыі, вызначаных пунктамі правядзеньня тэставаньня, у тым ліку пунктамі рэгістрацыі»; 2) «час працы пунктаў рэгістрацыі»; 3) «мэтодыку падліка тэставых балаў». Паводле 9-га артыкула, Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў: 1) «распрацоўвае кадыфікатары і спэцыфікацыі пэдагагічных тэстаў»; 2) «утварае банк тэставых заданьняў»; 3) «вызначае колькасьць варыянтаў пэдагагічных тэстаў па кожным прадмеце і утварае іх для правядзеньня цэнтралізаванага тэставаньня»; 4) «апрацоўвае запоўненыя абітурыентамі блянкі адказаў, афармляе пратаколы вынікаў цэнтралізаванага тэставаньня, падае сэртыфікаты ВНУ-каардынатарам». Паводле 10-га арт., ВНУ-каардынатары ў рэгіёне: 1) «падаюць у РІКВ штогод да 1 траўня пералікі аўдыторыяў пунктаў правядзеньня тэставання з указаньнем чарговасьці іх выкарыстаньня і колькасьці месцаў для абітурыентаў»; 2) «перадаюць у РІКВ ва ўстаноўленыя тэрміны заяўкі на экзамэнацыйныя матэрыялы». Паводле 11-га арт., установы адукацыі, вызначаныя ў якасьці пунктаў правядзеньня тэставаньня: 1) «штогод да 1 лютага ўносяць у РІКВ прапановы па складзе арганізацыйных камісіяў»; 2) «арганізуюць пункты рэгістрацыі, забясьпечваюць іх працу, а таксама тэхнічнае абсталяваньне арганізацыйных камісіяў (памяшканьні, кампутары з патрэбным праграмным забесьпячэньнем, прынтэры, сэйф (металічная скрыня), расходныя матэрыялы)»; 3) «забясьпечваюць выдачу сэртыфікатаў абітурыентам»[4].

Паводле 15-га артыкула Пастановы № 714: «Абітурыент мае права зарэгістравацца для ўдзелу ў цэнтралізаваным тэставаньні ня больш чым па трох прадметах». Паводле 28-га артыкула, лік арганізатараў у пункце правядзеньня тэставаньня мае складаць «для кожнай аўдыторыі — прынамсі 3 арганізатары (улучна з адказным арганізатарам); каля ўваходу ў пункт правядзеньня тэставаньня — прынамсі 3 арганізатары». Паводле 32-га арт.: «Экзамэнацыйныя матэрыялы перадаюцца з РІКВ ў пункты правядзеньня тэставаньня напярэдадні (або ў дзень) правядзеньня цэнтралізаванага тэставаньня і адпраўляюцца назад у дзень правядзеньня цэнтралізаванага тэставаньня». Паводле 40-га арт.: «Вобласьць адказаў складаецца з двух частак: частка «А» — для адказаў на тэставыя заданьні з выбарам адказу з прапанаваных варыянтаў адказаў; частка «В» — для кароткіх адказаў на тэставыя заданьні без выбару адказу». Паводле 41-га арт. у частцы «А» «можна скасаваць ня больш за 6 памылковых пазнакаў». Паводле 42-га арт. у частцы «В»: «Скасаваць можна ня больш за 2 памылковыя адказы». Паводле 48-га арт.: «Абітурыенты абавязваюцца прыбыць у пункт правядзеньня тэставаньня не пазьней за 30 хвілінаў да пачатку цэнтралізаванага тэставання і мець пры сабе: запоўнены і зарэгістраваны пропуск на прадмет, па якім праводзіцца цэнтралізаванае тэставаньне; пасьведчаньне асобы; асадку (гелевую або капілярную) з чарніламі чорнага колеру». Паводле 62-га арт.: «Адказны арганізатар апавяшчае абітурыентаў за 15 і 5 хвілінаў аб заканчэньні часу, адведзенага на выкананьне пэдагагічнага тэсту». Паводле 79-га арт.: «Экзамэнацыйныя матэрыялы захоўваюцца ў РІКВ да канца бягучага каляндарнага году. Электронныя выявы запоўненых абітурыентамі блянкаў адказаў захоўваюцца цягам 75 гадоў у РІКВ»[4].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Улетку 2013 году каля 36 % (40 682) удзельнікаў цэнтралізаванага тэставаньня не пераадолелі ніжні парог бала для атрыманьня вышэйшай асьветы[5].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ А.Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 г. № 80 (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 28 жніўня 2015 г. Праверана 14 жніўня 2016 г.
  2. ^ Надзея Нікалаева. Родная мова вяртаецца ў беларускія школы // Зьвязда : газэта. — 21 сакавіка 2012. — № 53 (27168). — С. 1. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Надзея Нікалаева. Рэгістрацыя на ЦТ будзе весьціся па прынцыпе «аднаго акна» // Зьвязда : газэта. — 28 красавіка 2012. — № 82 (27197). — С. 3. — ISSN 1990-763x.
  4. ^ а б Сяргей Сідорскі. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 6 чэрвеня 2006 г. № 714 (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 9 красавіка 2016 г. Праверана 14 жніўня 2016 г.
  5. ^ Надзея Нікалаева. Задачка для Міністэрства адукацыі // Зьвязда. — 13 сакавіка 2014. — № 46 (27656). — С. 3.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]