Цёмныя Крамы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Цёмныя Крамы, 1930 р.

Цёмныя Крамы — гістарычная мясцовасьць у цэнтры Менску, разьмешчаная паміж Нізкім і Высокім Рынкамі, уздоўж Казьмадзям’янаўскай вуліцы. Утварала адзіны мескі архітэктурны ансамбль, унікальны помнік эпохі Рэнэсансу[1]. Пацярпела ў Другую сусьветную вайну і канчаткова страціла аўтэнтычнае аблічча ў выніку паваенных рэканструкцыяў.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Касьцёл баніфратаў. Зь літаграфіі Б. Лявэрня, 1840 р.
Пачатак Казьмадзям’янаўскай вуліцы. Кадар зь фільму «Кастусь Каліноўскі», 1927 р.

Урбанонім «Цёмныя Крамы» ўтварыўся ад асаблівасьцяў мясцовасьці: на вузкай, шчыльна забудаванай будынкамі Казьмадзям’янаўскай вуліцы тулілася вялікая колькасьць крамаў[1][2]. Назва вуліцы паходзіць ад старадаўняга Казьмадзям’янаўскага манастыра, які знаходзіўся на ўсходняй ускраіне старажытнага Менску і быў адным з будынкаў, што мелі абарончае значэньне.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цёмныя Крамы. Малюнак М. Сьляпяна, 1925 р.
Праект рэканструкцыі будынка на месцы зруйнаванага касьцёла

Казьмадзям’янаўская вуліца была адной з найбольш старажытных вуліцаў Менску. Яна пачыналася ад Нізкага Рынку і сканчалася побач з касьцёлам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі каталіцкага ордэна бэрнардынак (цяпер у кляштарных будынках месьціцца катэдральны сабор Сашэсьця Сьвятога Духу Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату).

У пачатку вуліцы, унізе перад пагоркам знаходзіўся кляштар каталіцкага ордэна баніфратаў з касьцёлам (відаць, праіснаваў да першай паловы XIX ст.), у 1700 року пры ім дзейнічаў шпіталь (лякарня). Насупраць таго месца, дзе ў старажытнасьці стаяў баніфрацкі кляштарны комплекс, цяпер знаходзіцца тралебусна-аўтобусны прыпынак[3].

Мураваны архітэктурны ансамбль Цёмных Крамаў поўнасьцю сфармаваўся яшчэ ў XVIII ст.[1] Забудова складалася з 2- і 3-павярховых дамоў, на першых паверхах якіх месьціліся невялікія крамы. Некаторыя будынкі мелі ўласныя назвы, гэтак у архіўных дакумэнтах упамінаецца «аддадзены ў 1829 року Эканоміяй Архірэйскага дома ў арэнднае ўтрыманьне мяшчаніну Румеру дом, вядомы як Гіндзейская камяніца»[4]. У выходныя і сьвяты тут і на найбліжэйшых вуліцах ішоў людны гандаль. Мясцовасьць адпавядала сярэднявечнам вуліцам эўрапейскіх местаў — вузкая, цёмная, скрыўленая, брукаваная[4].

У канцы XIX ст. у адным з двароў на Казьмадзям’янаўскай знаходзілася невялікая абутковая фабрыка, створаная на базе майстэрні.

З 1926 року вуліца насіла імя беларускага першадрукара Францішка Скарыны[5], аднак у зьвязку з пачаткам палітыкі маскалізацыі і масавых сталінскіх рэпрэсіяў у 1933 року яе перайменавалі ў імя расейскага пралетарскага паэта Дзям’яна Беднага. У тыя часы, апроч крамаў, на вуліцы знаходзіўся некалькі ўстановаў: Менская і Беларуская канторы «Саюзутыль», склад вопраткі Гарпрамгандлю, садавінагародніная база Мінпрамгандлю.

У 1928 року пры будаваньні каналізацыйнай сеткі на пляцы Волі ў час капаньня траншэі з боку вуліцы Францішка Скарыны (былой Казьмадзям’янаўскай) «…працоўныя на глыбіні 21/2 аршынаў нечакана выявілі каля 15 чалавечых шкілетаў… Як мяркуецца, шкілеты маюць даўнасьць каля 150 рокаў. Гэтай знаходкай зацікавіліся Белдзяржмузэй і Інбелкульт» (газэта «Рабочий»)[4].

Да Другой сусьветнай вайны мясцовасьць яшчэ захоўвала сваё гістарычнае аблічча, але ў выніку бамбаваньня была амаль цалкам зруйнаваная. Апошнія тры будынкі колішніх Цёмных Крамаў зьнішчылі ў зьвязку з будаваньнем станцыі мэтро Няміга ў 1989 року[2].

У 2000-я рокі замест аднаўленьня гістарычнага ансамбля на месцы Цёмных Крамаў улады стварылі спрэчную сваімі функцыянальна-плянавальнымі і архітэктурнымі якасьцямі структуру з пляцовак і прыступак, якая прэтэндуе на асацыяцыі з старой забудовай[4]. У 2018 року назву Казьмадзям'янаўскі спуск надалі пешаходнай зоне ад ансамблю кляштару бэрнардынак да вуліцы Максіма Багдановіча[6].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в Мінск. Стары і новы / У. Валажынскі. — Менск, 2007. С. 19.
  2. ^ а б Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. Кн. 1. — Мн., 2001. С. 548.
  3. ^ Пазняк З. Рэха даўняга часу. — Менск, 1985. С. 8.
  4. ^ а б в г Жутяев Ю. «Темные крамы» Козьмодемьяновской улицы // «Вечерний Минск» № 77 (11338), 9.04.2007.
  5. ^ Бондаренко В. Между двумя мировыми войнами, Менск стары і новы
  6. ^ Рашэнне Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў № 49/3/28 ад 28 мая 2018 г. «Аб прысваенні найменняў састаўным часткам г.Мінска»

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цёмныя Крамысховішча мультымэдыйных матэрыялаў