Чайка (арганізацыя)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

«Чайка» — кансьпірацыйны назоў падпольнай актысавецкай беларускай арганізацыі, якая існавала на тэрыторыі Слонімскага раёну, Баранавічаў, Берасьця, Ганцавіч ды Ільлянскага раёну БССР ў 1946—1947 і кіравалася Цэнтрам Беларускага Вызваленчага Руху (ЦБВР).

Напачатку 1946 у асяродку настаўніцтва і моладзі Слонімшчыны ўзьнікла ідэя арганізаванага супраціву камуністычнаму руху і гвалтоўнай русіфікацыі Беларусі. З гэтай мэтай у пачатку траўня 1946 у Слоніме быў праведзены ўстаноўчы сход, на якім было прынятае рашэньне стварыць падпольную беларускую арганізацыю з кансьпірацыйным назовам «Чайка», якая ставіла б сваёй мэтай змаганьне за нацыянальныя правы і годнасьць свайго народу, яго культуры, мовы, гісторыі і, урэшце, за свабоду і незалежнасьць Беларусі[1]. Арганізацыя не плянавала займацца тэрорам, а індывідуальнай працай будзіць сьвядомасьць беларусаў. Была прынятая праграма дзейнасьці, асновы кансьпірацыі і абранае кіраўніцтва. У сходзе ўдзельнічалі Васіль Супрун (які быў абраны кіраўніком), Міхась Ракевіч зь вёскі Ваўчкі, Міхась Чыгрын, Алесь Гардзейка, Леакадзія Кавальчук і Ніна Карач (сакратар). У сувязі зь няяўкай Карач на пазьнейшыя нарады і парушэньнем кансьпірацыі, дзяўчаты былі адхіленыя ад удзелу ў падпольлі, зьмененыя яўкі.

З агульнай згоды сяброў Васілю Супруну заснаваць патрыятычнае падпольле ў Баранавіцкім настаўніцкім інстытуце, Міхасю Ракевічу — у Берасьцейскім чыгуначным тэхнікуме, дзе ён навучаўся, Міхасю Чыгрыну — у Жыровіцкім сельскагаспадарчым тэхнікуме, дзе ён у той час вучыўся, і Алесю Гардзейку — сярод моладзі Слонімшчыны.

У хуткім часе патрыятычныя групы падпольля былі створаныя і ў Баранавічах (з дапамогай Уладзімера Салаўя — студэнта настаўніцкага інстытуту), у Берасьці і ў Жыровічах.

Пасьля аб’яднаньня слонімскіх, баранавіцкіх і берасьцейскіх груповак летам 1946 году быў створаны аб’яднаны кіруючы ЦБВР, кіраўніком якога стаў Васіль Супрун, ягонымі намесьнікамі: па арганізацыйнай рабоце Аляксандар Барэйка і па вайсковай справе Міхась Ракевіч. Дарадцамі Цэнтру былі прызначаныя Міхась Агейка, Уладзімер Салавей і Мікалай Макарэвіч.

Цэнтрам была распрацаваная пашыраная праграма дзеяньня і прапанаваная так званая «колавая» сыстэма кіраваньня. Ад Цэнтру мелася адыходзіць першае кола — абласныя структуры на чале з кіраўнікамі падпольля вобласьці; вакол абласных структураў павінны былі групавацца раённыя групоўкі (другое кола), а вакол апошніх — пэрыфэрыйныя групы (трэйцяе кола). Пры гэтым распрацоўваліся і іншыя прыёмы, у тым ліку і схемы кансэрвацыі структураў на адпаведным этапе, сыстэма справаздачаў, выкарыстоўваючы шыфроўку і афіцыйную пошту, узгадняліся інструкцыі.

Увосень 1946 Цэнтру стала вядома, што ў Наваградку існуе асобная падпольная арганізацыя Саюз вызваленьня Беларусі (СВБ), якой кіруе нейкі Генадзь Казак, але арганізацыя недастаткова закансьпіраваная. Таму ад аб’яднаньня зь ёй было вырашана ўстрымацца, але трымаць у полі зроку. Усё ж удзельнікі баранавіцкага падпольля, ураджэнцы Наваградчыны, не змаглі не ўвайсьці ў кантакт з той структурай і ня выдаць таямніцы «Чайкі», пра што Цэнтру стала вядома ўжо ў пачатку 1947 і што было расцэненае як магчымы правал.

У канцы 1946 і пачатку 1947 рух праз Ганцавіцкую пэднавучальню Пінскай вобласьці перакінуўся на гэтую вобласьць і Ільлянскі раён Маладэчанскай вобласьці. Там Цэнтрам былі прызначаныя кіраўнікамі патрыятычных падпольляў адпаведна Мікалай Лескавец і Сяргей Яноўскі, якім былі перададзеныя Загад і Інструкцыя Цэнтру за подпісам Пагромаўца (Супруна).

Арганізацыя спрабавала заснаваць патрыятычнае падпольле ў Менску і Горадні. Але магчымасьці і сродкаў было недастаткова. Міжнародная сытуацыя, на якую рабіла стаўку падпольле, таксама не спрыяла.

У сярэдзіне 1947 падпольле было разгромленае карнымі савецкімі органамі. Арышты працягваліся з чэрвеня да паловы жніўня 1947. У першую чаргу быў разгромлены ЦБВР. Нераскрытымі і неарыштаванымі засталіся толькі асобныя групы трэцяга кола, у тым ліку на Слонімшчыне — настаўніцкая (кіраўнік Іван Хомчык), якія без агульнага кіраўніцтва спынілі дзейнасьць.

Усіх арыштаваных абвінавацілі ў здрадзе СССР і антысавецкай агітацыі, у падрыхтоўцы ўзброенага паўстаньня супроць Савецкага Саюзу з мэтай аддзяленьня Беларусі ад СССР. Хоць ні пры арыштах, ні ў працэсе сьледзтва зброі не было выяўлена, удзельнікаў падпольля судзілі ваенныя трыбуналы войскаў МУС 16-18.10.1947 у Баранавічах — 18 асобаў, а 21.11.1947 у Менску — 4 асобы. Усе 22 удзельнікі працэсу праходзілі па артыкулах 63-I і 76 Крымінальнага кодэксу БССР і былі асуджаныя да 25 і 10 гадоў няволі з пазьнейшым пазбаўленьнем правоў на 5 і 3 гадоў (Сьмяротная кара ў 1947 годзе была адмененая). Яшчэ некалькі чалавек з «Чайкі» (Ўладзімера Салаўя, Мікалая Лескаўца, Уладзімера Разумовіча і магчыма, Ніну Карач) судзілі асобна.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]