Чэхі на Беларусі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Еранім Праскі

Чэхі й славакі на Беларусі зьявіліся яшчэ за часамі Сярэднявечча, пра што сьведчаць назову шэрагу паселішчаў (Чэхі, Чэхаўцы, Чэхаўшчына) у Гарадзенскай і Менскай абласьцёх Беларусі. У 14121413 Вялікае княства Літоўскае, у т. л. гарады Вільня, Віцебск, Полацак, наведаў гусіцкі прапаведнік Еранім Праскі, выклікаўшы вялікае хваляваньне сярод насельніцтва. У XVIIXVIII стст. на беларускіх землях у складзе ВКЛ мела хаджэньне манэта з назовам чэх і наміналам у паўтара грошу.

Найбольш зьмястоўныя зьвесткі пра перасяленьні чэхаў на Беларусь вядомыя пасьля адмены прыгоньніцтва ў 1861, калі на Палесьсе з Валыні разам зь нямецкімі пасяленцамі пачалі прыбываць і каляністы з чэскіх і славацкіх земляў. Танная зямля, палёгкі царскага й пазьней савецкага ўраду спрыялі масаваму перасяленьню чэхаславакаў на Беларусь. 10 ліпеня 1870 Кабінэт Міністраў Расеі выдаў пастанову «Аб пасяленьні чэхаў у Валынскай губэрні», згодна зь якой перасяленцам на 5 гадоў паслабляліся падаткі, самі ж яны вызваляліся «з наяўнымі пры пасяленьні іх у расеі з сынамі» ад рэкруцкае павіннасьці. Ім дазвалялася прымаць расейскае грамадзянства без наданьня паліцэйскіх зьвестак і выпрабавальнага тэрміну. Запрашалі чэхаў і мясцовыя памешчыкі, гэтак Горваты з Рэчыцкага павету запрасілі больш за 130 сем’яў. Расьсяліліся яны пераважна ў сёньняшнім Гомельскай вобласьці, перш за ўсё ва ўрочышчах Галоўчыцы й Барбароў, якія зь цягам часу пачалі звацца Чэхі-Галоўчыцкія й Чэхі-Барброўскія (цяпер вёска Барбароў Мазырскага раёну). Зь цягам часу ўмовы чэхам пачалі пагаршацца: у 1888 былі скасаваныя чэскія парафіі, а ў 1891 — мясцовы самаўрад.

Ад пачатку Першае сусьветнае вайны пачалі дзейнічаць разрозьненыя чэска-славацкія культурна-асьветніцкія дабрачынныя арганізацыі, гурткі, камітэты. Неўзабаве яны набылі палітычную афарбоўку. Падчас калектывізацыі чэскія сем’і падпалі пад палітычныя рэпрэсіі. У 1926 у БССР было 650 чэхаў і славакаў. У 1931 у вёсцы Чэхі-Галоўчыцкія было 30, а ў Хаткаўскім сельсавеце Нараўлянскага раёну — 7 чэскіх гаспадарак.

Паводле перапісу 1999, у Беларусі жыло 176 чэхаў і 39 славакаў. Паводле веравызнаньня, яны падзяляюцца на праваслаўных і каталікоў.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]