Шарсьцін

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Шарсьцін
лац. Šarścin
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Гомельская
Раён: Веткаўскі
Сельсавет: Шарсьцінскі
Насельніцтва: 446 чал. (2009)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 2330
СААТА: 3208876066
Нумарны знак: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°39′20″ пн. ш. 31°3′34″ у. д. / 52.65556° пн. ш. 31.05944° у. д. / 52.65556; 31.05944Каардынаты: 52°39′20″ пн. ш. 31°3′34″ у. д. / 52.65556° пн. ш. 31.05944° у. д. / 52.65556; 31.05944
Шарсьцін на мапе Беларусі ±
Шарсьцін
Шарсьцін
Шарсьцін
Шарсьцін
Шарсьцін
Шарсьцін

Шарсьці́н[1] — вёска ў Беларусі, на рацэ Сажы і беразе возера Крывога. Цэнтар сельсавету Веткаўскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва на 2009 год — 446 чалавек. Знаходзіцца за 18 км на паўночны захад ад Веткі, за 15 км ад чыгуначнай станцыі Касьцюкоўка (лінія Жлобін — Гомель); палявая дарога злучае вёску з шашой Данілавічы — Ветка.

Шарсьцін — даўняе мястэчка гістарычнай Рэчыччыны (Панізоўя).

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія часы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выяўленыя археолягамі гарадзішча VII—III стагодзьдзяў да н. э. (1 км на паўночны захад ад Шарсьціна, ува ўрочышчы Гарадзішча), селішча культуры верхняга пласта Банцараўшчыны — VI—VIII стагодзьдзяў н. э. і эпохі Русі (0,4 км на паўночны захад ад вёскі), селішча раньняга жалезнага веку (0,5 км на поўнач ад заходняй ускраіны), селішча раньняга жалезнага веку і эпохі Русі (на паўночна-ўсходняй ускраіне) і селішча эпохі нэаліту (0,3 км на ўсход ад вёскі) сьведчаць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў глыбокай старажытнасьці.

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Шарсьцін упамінаецца ў XV стагодзьдзі. У 1471 годзе ён знаходзіўся ў валоданьні Ю. Дранішчы, у 1560 годзе — ротмістра Гомельскага замка К. Ленскага, на гасьцінцы Рагачоў — Гомель.

У 1640-х гады Шарсьцін значыцца ў інвэнтары Гомельскага староства. У 1752 годзе ўпамінаецца ў актах Галоўнага Трыбуналу.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Шарсьцін апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Рагачоўскім павеце Магілёўскай губэрні. У 1785 годзе мястэчка знаходзілася ў валоданьні Дзерналовічаў. У 1797 годзе тут адкрылася гута.

На 1845 год у Шарсьціне было 85 двароў. На 1848 год існавалі аднайменныя мястэчка, 3 фальваркі і 2 вёскі. На 1860 год — 85 двароў, драўляная царква Раства Багародзіцы (у 1865 годзе рамантавалася). На 1881 год — 180 двароў, хлебазапасны магазын, народная вучэльня (у 1889 годзе — 33 навучэнцы). Паводле вынікаў перапісу 1897 году, існавалі аднайменныя мястэчка (15 двароў, школа, прыстань, цагельня, 6 крамаў, карчма), сяло (192 двары, царква, народная вучэльня, хлебазапасны магазын, 2 ветракі, крупадзёрка, 3 кузьні) і фальварак (6 двароў, капліца, вятрак, кузьня). У 1899 годзе пачаў працаваць броварны завод. На 1909 год — 215 двароў. 23 жніўня 1911 году згарэлі 67 двароў, 36 гумнаў, скарбовая вінная крама і 2 дзіцяці. У 1911 годзе адкрылася пошта.

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Шарсьцін занялі войскі Нямецкай імпэрыі[2].

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Шарсьцін абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1926 годзе Шарсьцін вярнулі БССР, дзе ён стаў цэнтрам сельсавету. У гэты час тут было 285 двароў, пошта, хата-чытальня, пачатковая школа, аддзяленьне спажывецкай каапэрацыі, лекарскі пункт. У 1929 годзе працавалі 4 вятракі, 2 кузьні, сталярная і шорная майстэрні. У 1930 годзе пачала працаваць цагельня. На 1940 год у вёсцы было 293 двары.

На 2003 год у Шарсьціне быў 231 двор, на на 2004 — 230. У 2000-я гады вёска атрымала афіцыйны статус «аграгарадку».

Насельніцтва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • XIX стагодзьдзе: 1860 год — 896 чал.; 1890 год — 727 чал., зь іх 683 праваслаўныя і 44 юдэі[3]; 1897 год — 118 чал. у мястэчку Шарсьціне, 1149 чал. у сяле Шарсьціне і 34 у фальварку Шарсьціне
  • XX стагодзьдзе: 1926 год — 1460 чал.; 1959 год — 1240 чал.; 1999 год — 532 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2003 год — 513 чал.[4]; 2004 год — 528 чал.[5]; 2009 год — 446 чал.

Інфраструктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Шарсьціне працуюць школа, фэльчарска-акушэрскі пункт, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Забудова[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Плян Шарсьціна складаецца з доўгай простай вуліцы амаль шыротнай арыентацыі, да цэнтру якой з поўдня далучаецца кароткая простая вуліца. Забудова пераважна драўляная сядзібнага тыпу.

Турыстычная інфармацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славутасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Сядзібна-паркавы комплекс (XIX ст.)

Каля Шарсьціна захаваліся гарадзішча мілаградзкай культуры і селішчы зарубінецкай і калочынскай культур і раньняга Сярэднявечча.

Страчаная спадчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Царква Раства Багародзіцы

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Гомельская вобласць: нарматыўны даведнік / Н. А. Багамольнікава і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Мн.: Тэхналогія, 2006. — 382 с. ISBN 985-458-131-4. (pdf) С. 113.
  2. ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
  3. ^ Krzywicki J. Szerstyń // Słownik geograficzny... T. XI. — Warszawa, 1890. S. 905.
  4. ^ БЭ. — Мн.: 2003 Т. 17. С. 382.
  5. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]