Шаўл Юдзіч Валь

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Шаўл Юдзіч Валь (Саўл Кацнэленбоген, Вал, Вол, Saul Wahl 1541—1617) — паводле паданьня літоўскіх габрэяў, быў абраны на адну ноч польскім каралём, пасьля сьмерці Стэфана Баторыя.

Валь і сапраўды жыў у Берасьці ў часы Жыгімонта III, які любіў яго, у 1589 годзе дазволіў яму звацца каралеўскім слугой і выдаў па хадайніцтве Валя некалькі ільгот («прывілеяў») для габрэям Літвы. Валь пабудаваў у Берасьці сынагогу і зьмясьціў у ёй надпіс: «Шаўл Юдзіч, які мае ўладу, паставіў гэтую сынагогу ў памяць жонкі сваёй Дворы». Гэты надпіс і мог паслужыць крыніцай легенды.

Каро ў сваім «Interregnum Polens im J. 1587» дапушчае магчымасьць, што п’яная шляхта жартам магла на адну ноч выбраць багатага і ўшанаванага ўсімі габрэя Валя польскім каралём. Паводле легенды, Валь на працягу кароткачасовага свайго валадараньня выдаў некалькі прывілеяў для габрэям Польшчы. Па меркаваньні прафэсара Бершадзкага, Валь у легендзе адлюстроўвае вобраз Жыгімонта III, які надзяліў у рэчаіснасьці габрэяў тым, што легенда прыпісвае Валю. Нашчадкам гэтага Валя лічыцца барон дэ Вормс, статс-сакратар ў кабінэце лорда Солсбэры.