Шклоў
Шклоў | |||||
Меская ратуша | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1520[1] | ||||
Магдэбурскае права: | 10 красавіка 1762 | ||||
Вобласьць: | Магілёўская | ||||
Раён: | Шклоўскі | ||||
Плошча: | 10,7 км² | ||||
Насельніцтва: | 17 800 (2009) | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2239 | ||||
Паштовы індэкс: | 213010 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°13′25″ пн. ш. 30°17′11″ у. д. / 54.22361° пн. ш. 30.28639° у. д.Каардынаты: 54°13′25″ пн. ш. 30°17′11″ у. д. / 54.22361° пн. ш. 30.28639° у. д. | ||||
Шклоў на мапе Беларусі Шклоў | |||||
Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons | |||||
Афіцыйны сайт (рас.) (анг.) |
Шклоў — места ў Беларусі, на правым беразе Дняпра. Адміністрацыйны цэнтар Шклоўскага раёну Магілёўскай вобласьці. Насельніцтва 17,8 тыс. чал. (2009). Знаходзіцца за 30 км на поўнач ад Магілёва. Чыгуначная станцыя на лініі Ворша — Магілёў.
Шклоў — магдэбурскае места гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), колішняя сталіца графства.
Этымалёгія назвы
Паводле распаўсюджанага меркаваньня тапонім «Шклоў» утварыўся ад беларускага слова шкло[2].
Гісторыя
Першы пісьмовы ўспамін пра Шклоў зьмяшчаецца ў «Запісках» З. Гербэрштэйна і датуецца 1520[1]. Даўняе паселішча знаходзілася на месцы сучасных вёсак Стары Шклоў і Хоцімка. У XVI—XVІI стст. у Шклове існаваў магутны замак і мескія ўмацаваньні. З 2-й пал. XVI ст. места зрабілася сталіцай графства.
У 1619 ваявода троцкі Аляксандар Хадкевіч фундаваў у Шклове кляштар дамініканаў. Станам на 1650 у месьце налічвалася 1220 будынкаў[1].
Упершыню маскоўскія войскі спалілі Шклоў у 1535[1]. У Інфлянцкую вайну захопнікі двойчы (у 1563 і 1580) палілі места[1]. У пачатку Трынаццацігадовай вайны ў 1654 жыхары Шклова вытрымалі маскоўскую аблогу, але пазьней здалі места; улетку 1655 у Шклове разьмясьцілася часовая стаўка цара маскоўскага Аляксея Міхайлавіча. Толькі ў 1660 войска Вялікага Княства Літоўскага вызваліла места, аднак неўзабаве ягоныя жыхары вытрымалі яшчэ адну маскоўскую аблогу. На 1661 у Шклове засталося толькі 490 будынкаў[1]. У 1666 маскоўскія войскі зноў захапілі Шклоў (акупацыя працягвалася да 1667), мясцовую шляхту за «здраду» прымусова вывезьлі ў Казань[1].
У выніку ваенных спусташэньняў у кан. XVI ст. адбыўся перанос Шклова на цяперашняе месца (паводле беларускага гісторыка М. Ткачова ў 1580 або, паводле іншых зьвестак, па 1668).
У Паўночную вайну ў 1708 расейскія войскі разбурылі Шклоў за дапамогу швэдам. У 1731 мясьціна перайшла ў валоданьне Чартарыйскіх. Станам на 1739 у Шклове дзейнічалі дзьве вуніяцкія царквы.
10 красавіка 1762 кароль і вялікі князь Аўгуст Сас надаў Шклову Магдэбурскае права, пячатку і герб «у блакітным полі рука, якая трымае срэбны бязьмен»[3]. У 1769 па тым, як вялікі пажар зьнішчыў амаль 300 дамоў Старога места, распачалася будова Новага места (сучасная тэрыторыя Шклова).
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Шклоў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе цягам 1773—1777 быў цэнтрам павету Магілёўскай правінцыі і губэрні. Аднак у 1777 расейскія ўлады панізілі статус паселішча да мястэчка, цэнтру воласьці Магілёўскага павету. У 1778 колішняе магдэбурскае места перадалі ў валоданьне ўласнасьць расейскаму вайскоўцу С. Зорычу.
На пач. ХІХ ст. Шклоў быў важным гандлёвым цэнтрам Беларусі, прыстаньню на Дняпры. У 1898 А. Крывашэін заснаваў у месьце кардонавую фабрыку. У пач. ХХ ст. праз Шклоў прайшла чыгунка Ворша — Магілёў.
1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Шклоў увайшоў ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня Масква адабрала места разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 паселішча вярнулі ў склад БССР, дзе яно зрабілася цэнтрам раёну. У 1925 Шклоў зноў атрымаў статус места.
26 ліпеня 2002 гістарычны герб Шклова займеў афіцыйную рэгістрацыю[4].
-
Ратуша
-
Сынагога
-
Царква
-
Кардонавая фабрыка
Насельніцтва
- XVII стагодзьдзе: 1650 — 8540 чал.[1]; 1661 — 4375 чал.[1]
- XIX стагодзьдзе: 1880 — 2393 чал., зь іх праваслаўных 1268, каталікоў 33, юдаістаў 1092[5].
- XX стагодзьдзе: 1923 — 6617 чал.; 1939 — 8,1 тыс. чал.; 1959 — 7,8 тыс. чал.; 1979 — 11,8 тыс. чал.; 1991 — 15 тыс. чал.[6]
- XXI стагодзьдзе: 2004 — 15,9 тыс. чал.; 2006 — 15,6 тыс. чал.; 2008 — 16,6 тыс. чал.; 1 студзеня 2009 — 17,8 тыс. чал.
Адукацыя
У Шклове працуюць 3 сярэднія школы, школа мастацтваў, спэцшкола, цэнтар разьвіцьця і рэабілітацыі, сацыяльны прытулак.
Культура
Дзейнічаюць дом культуры, бібліятэка.
Мас-мэдыя
У месьце выдаецца газэта «Ўдарны фронт».
Забудова
Сучасная меская тэрыторыя выцягнулася ўздоўж Дняпра. Забудова галоўным чынам сядзібнага тыпу. У цэнтры і жылых масівах узводзяцца 2—5-павярховыя будынкі. Захаваўся фрагмэнт пабудоваў XVIII ст. Ёсьць паркавая зона.
Эканоміка
Прадпрыемствы харчовай, папяровай, камбікормавай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Шклова |
---|
|
Турыстычная інфармацыя
Шклоў уваходзіць у турыстычныя маршруты «Гістарычна-культурная спадчына Магілёўскага краю» і «Айчыны славутыя імёны»[7]. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Крынічка».
Выдатныя мясьціны
У Шклове знаходзіцца геалягічны помнік прыроды дзяржаўнага значэньня Ніжнінскі роў.
На паўднёвай ускраіне места (в. Рыжкавічы) месьціцца археалягічны комплекс ХІV—XVIIІ стст., які складаецца з замчышча, рэштак касьцёла і кляштару дамініканаў і руінаў вуніяцкай царквы Сьвятых Апосталаў Пятра й Паўла[8].
- Будынак канторы папяровай фабрыкі «Спартак» (1898)
- Гістарычная забудова места (XVIІІ—ХІХ стст.)
- Касьцёл (1849)
- Могілкі габрэйскія
- Парк пры былой сядзібе Крывашэіна (1902). Занядбаны, драўляны сядзіны дом пач. ХХ ст. спалены ў траўні 2004
- Ратуша (XVIІІ ст.)
- Сынагога (XVIІ ст.)
- Царква Праабражэньня Гасподняга (кан. ХІХ ст.)
Страчаная спадчына
- Кадэцкі корпус (XVIІІ ст.)
- Сядзіба Крывашэіна (пач. ХХ ст.)
- Царква Ўваскрэшаньня Хрыстова (XVIІ ст.)
Вядомыя асобы
- Клім Міхайлаў (XVII ст.) — разьбяр
- Міхаэль Гузікаў (1806—1837) — беларускі музыка
Крыніцы
- ^ а б в г д е ё ж з Андрэй Лукашэвіч. Шклоў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 757.
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 411.
- ^ Шклоў // Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998.
- ^ Геральдика на Шкловский районный исполнительный комитет
- ^ Szkłów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. S. 922.
- ^ Шклов // Большой энциклопедический словарь / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. ISBN 5-85270-262-5.
- ^ Шклов // Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
- ^ Дадатак 1 да пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19.08.2009 № 1088 [1]
Літаратура
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. — Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын. — 616 с. — ISBN 985-11-0276-8
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Szkłów // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XI: Sochaczew — Szlubowska Wola. — Warszawa, 1890. S. 922—923.
Вонкавыя спасылкі
Шклоў — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў
- м. Шклоў на Radzima.org
- Шклоў — парафія Святых апосталаў Пятра і Паўла на Catholic.by
- Здымкі на Globus.tut.by
- Шклоў — подых гісторыі і сучаснасьці
|