Шчара

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рака
Шчара
лац. Ščara
Шчара на малюнку Н. Орды
Шчара на малюнку Н. Орды
Агульныя зьвесткі
Выток воз. Калдычэва
Вусьце Нёман
Краіны басэйну Беларусь
Вобласьці Гарадзенская вобласьць і Берасьцейская вобласьць
Даўжыня 325 км
Плошча басэйну 6990 км²
Нахіл воднай паверхні 0,2 ‰

Шча́ра — рака ў Беларусі, левы прыток Нёману. Цячэ ў Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях. Даўжыня 325 км. Плошча вадазбору 6990 км². Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,2%. Агульны спад ракі 77,7 м.

Асноўныя прытокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На рацэ[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Агульныя зьвесткі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачынаецца на Наваградзкім узвышшы з возера Калдычэва, упадае ў раку Нёман за 2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі Дашкаўцаў Мастоўскага раёну. Суднаходная ад вёскі Быценю (за 155 км ад вусьця) у паўнаводны пэрыяд. Праз возера Выганашчанскае злучаецца Агінскім каналам з ракой Ясельдай (басэйн Прыпяці).

Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоваў працяканьня Шчара падзяляецца на 2 дзялянкі. Ад вытоку да ўтоку ракі Грыўда даліна трапэцападобная (шырыня 1,5 км), са стромкімі схіламі вышынёй 15—20 м, абалона нізкая, забалочаная і куп’істая, перасечаная асушальнымі каналамі. Шырыня разьліву ад 200 м да 3 км. Ад вусьця Агінскага канала абалона парэзаная сеткай каналаў, якімі (і Агінскім каналам) у веснавое разводзьдзе адбываецца пераліў вады са Шчары ў возера Выганашчанскае. Рэчышча зьвілістае, акрамя каналізаваных дзялянак у вытоку і перад утокам Грыўды, яго шырыня 15—30 м, месцамі да 60 м. Берагі нізкія, пераважна тарфяністыя. На дзялянцы ад утоку ракі Грыўда да вусьця даліна трапэцападобная, яе шырыня 3—5 км. Схілы стромкія, вышынёй 10—20 м, месцамі 35—40, у ніжняй плыні спадзістыя. Абалона забалочаная, яе шырыня ў пачатку дзялянкі 1,5—2,5 км, у сярэдняй частцы 0,5—0,8 км, у ніжняй 50—300 м.

Веснавое разводзьдзе пачынаецца ў пачатку сакавіка і доўжыцца ў сярэднім 65—80 дзён, ускладняецца нераўнамернасьцю сьнегараставаньня і выпадзеньнем дажджоў. Сярэдняе перавышэньне найвышэйшага ўзроўню над летне-восеньскай межаньню 1,8 м. Замярзае ў канцы сьнежня (найбольшая таўшчыня лёду 40—65 см), крыгалом у сярэдзіне сакавіка[1]. Рэжым ракі вывучаўся на 14 гідралягічных пастах, у наш час дзейнічаюць два — у месьце Слонім і ў в. Шчара[2].

Рэльеф[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вадазбор абмяжоўваецца з паўночнага ўсходу Наваградзкім узвышшам, з усходу Капыльскай градой, а з поўдня і захаду адпаведна Палескай нізінай і Ваўкавыскімі вышынямі і разьмяшчаецца ў межах Нёманскага гідралягічнага раёну.

Лінія водападзелу выяўленая досыць выразна, з выняткам паўднёвай часткі, дзе яна цяжка прасочваецца ўва ўмовах нізкай забалочанасьці мясцовасьці.

Расьліннасьць і азёрнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Лясы, мяшаныя зь перавагай іглічных пародаў, займаюць каля 30% плошчы вадазбору. Азёрнасьць не перавышае 1%. Да найбольш значных азёраў плошчай люстэрка належаць Выганашчанскае (водападзельнае) і Бабровіцкае, разьмешчаныя ў паўднёвай частцы вадазбору.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994. С. 407.
  2. ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі (рас.)

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1
  • Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 5: Стаўраструм ― Яшчур / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 581 с.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971.