Эліё Вітарыні

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку

Эліё Вітарыні (па-італьянску: Elio Vittorini; 23 ліпеня 1908, Сыракуза — 12 лютага 1966, Мілан) — італьянскі пісьменьнік-самавук, перакладчык.

Нарадзіўся ў Сыракузе. У дзяцінстве разам з бацькам-чыгуначнікам вандраваў па Сыцыліі. Пасьля заканчэньня сярэдняй школы без жаданьня наведваў бухгальтарскую школу, пакуль, пасьля некалькіх уцёкаў з дому, у 1924 годзе ня зьехаў з Сыцыліі.

Некаторы час працаваў рахункаводам на будаўнічым прадпрыемстве ў Вэнэцыі Джуліі, а пасьля пераехаў у Флярэнцыю, дзе працаваў карэктарам у газэце «Nazione».

У гэты час пачаў пісаць артыкулы і празаічныя творы, якія дасылаў Курцыё Маляпартэ, а той друкаваў у часопісе «Conquista dello Stato».

У 1927 годзе ў «La Fiera Letteraria» публікуе першы значны празаічны твор «Ritratto di re Gianpiero» («Партрэт караля Джанп’ера»).

У 19331934 гадах у выдавецтве «Solaria» па частках выходзіць раман «Чырвоны гвазьдзік», які праз фашысцкую цэнзуру мог выйсьці цалкам толькі ў 1948 годзе.

У 1934 годзе з прычыны атручаньня волавам быў вымушаны пакінуць сваю працу карэктара і зарабляў на жыцьцё перакладамі з ангельскай (вядомыя яго пераклады Фолкнэра, По, Лоўрэнса).

У 1938—1939 гадах выходзіць па частках у часопісе «Letteratura» раман «Conversazione in Sicilia» («Размова на Сыцыліі»), які быў выдадзены адной кнігай у 1941 годзе.

У 1939 годзе Вітарыні пераязджае ў Мілан, дзе займаецца выданьнем сэрыі «La Corona» і зьяўляецца куратарам анталёгіі амэрыканскай літаратуры, якая праз фашысцкую цэнзуру была выдадзеная толькі ў 1942 годзе.

У 1942 годзе пісьменьнік збліжаецца з падпольнай камуністычнай партыяй і актыўна ўдзельнічае ў супраціве.

У 1945 годзе засноўвае часопіс «Il Politecnico», прысьвечаны сучаснай культуры, а таксама публікуе раман «Uomini e no» («Людзі і нелюдзі»).

У апошнія гады жыцьця працуе кансультантам у вядомым выдавецтве «Einaudi». Памёр у Мілане ў 1966 годзе.

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Conversazione in Sicilia» («Размова на Сыцыліі»)
  • «Uomini e no» («Людзі і нелюдзі»)
  • «Il garofano rosso» («Чырвоны гвазьдзік»)
  • «Erica e suoi fratelli» («Эрыка і яе браты»)
  • «Le donne dі Messina» («Жанчыны Мэсыны»)