Эмір Кустурыца

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эмір Кустурыца
сэрб. Емир Немања Кустурица
Дата нараджэньня 24 лістапада 1954 (69 гадоў)
Месца нараджэньня Сараева,
Босьнія і Герцагавіна, Югаславія
Месца вучобы
Занятак кінарэжысэр, сцэнарыст
Навуковая сфэра фільм[1] і музыка[1]
Месца працы
Гады дзейнасьці 1978 — цяпер
Дзеці Stribor Kusturica[d]
Узнагароды «Залаты леў» (1981), «Залатая пальма» (1985, 1995), Ордэн мастацтваў і літаратуры (2007), Ордэн сьвятога Савы (2011)
IMDb ID nm0001437
Сайт www.kustu.com

Эмір Кустурыца (нарадзіўся 24 лістапада 1954, Сараева, цяпер Босьнія і Герцагавіна) — сэрбскі рэжысэр, сцэнарыст і музыка. Пачаў здымаць кароткамэтражныя фільмы яшчэ ў сярэдняй школе. Скончыў аддзяленьне рэжысуры на факультэце кіно і тэлевізіі Акадэміі Музычных Мастацтваў (FAMU) у Празе.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сын — Стрыбар, музыка. Дачка — Дуня, драматург.

У 2005 г. перайшоў з мусульманства ў хрысьціянства (праваслаўе). У 2010 напісаў кнігу «Сьмерць — неправераная чутка», якую прэзэнтаваў 28 кастрычніка ў Бялградзе (Сэрбія)[2].

Кіно[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Студэнцкі фільм «Герніка» («Guernika») атрымаў узнагароду на Фэстывалі студэнцкіх фільмаў у Карлавых Варах. Пасьля завяршэньня навучаньня вяртаецца ў Босьнію і Герцагавіну, дзе працуе на сараеўскай тэлевізіі. Першы тэлевізійны фільм «Нявесты прыходзяць» (па-сэрбску: Nevjeste dolaze, 1979) выклікаў шмат спрэчак і неўзабаве быў забаронены. Наступная праца «Буфэт „Тытанік“» (па-сэрбску: Бифе «Титанк», 1980) паводле аднайменнага апавяданьня Іва Андрыча атрымала ўзнагароду за рэжысуру на тэлевізійным фэстывалі ў Славеніі.

У паўнамэтражным кінематографе дэбютаваў фільмам «Ці памятаеш ты Долі Бэл?» (па-сэрбску: Sjećas li se Dolly Bell?, 1981). Гэты фільм атрымаў «Залатога льва» на кінафэстывалі ў Вэнэцыі за найлепшы кінематаграфічны дэбют, а таксама быў ўганараваны на фэстывалі ў Пуле.

Наступны фільм «Бацька ў камандыроўцы» (па-сэрбску: Otac na službenom putu, 1985) прынёс Кустурыцу «Залатую пальму» на кінафэстывалі ў Кане (Францыя). Гэты фільм быў намінаваны на прыз Амэрыканскай кінаакадэміі «Оскар» як найлепшы замежны фільм, хоць ён ня меў вялізнага камэрцыйнага посьпеху (касавыя зборы ў ЗША склалі крыху больш за $16 000).

У 1989 годзе фільм «Дом для павешаньня»(па-сэрбску: Dom za vešanje) зноў атрымаў узнагароду на кінафэстывалі ў Кане, а таксама ўзнагароду Рабэрта Расэліні. У міжнародным пракаце гэты фільм меў назву «Час цыганоў» (па-ангельску: Time of the Gypsies).

Эмір Кустурыца выкладаў рэжысуру ў Акадэміі сцэнічнага мастацтва ў Сараеве, а таксама ва ўнівэрсытэце «Калюмбія» ў Нью-Ёрку.

Амэрыканскі студэнт паказаў Кустурыцу сцэнар, паводле якога ў 1993 годзе быў зьняты яго першы ангельскамоўны фільм «Сон Арызоны» (па-ангельску: Arizona Dream). Фільм атрымаў «Срэбранага мядзьведзя» і спэцыяльную ўзнагароду журы на кінафэстывалі ў Бэрліне.

Яшчэ адну «Залатую пальму» Кустурыца атрымаў за фільм-драму «Падзямельле»/«Жыла была краіна» (па-сэрбску: Bila jednom jedna zemlja) у 1995 годзе. У 1998 годзе стварае рамантычную камэдыю-фарс з жыцьця балканскіх цыганоў «Чорная котка, белы кот» (па-сэрбску: Crna mačka beli mačor), за якую атрымлівае «Срэбранага льва» на кінафэстывалі ў Вэнэцыі.

У 2004 годзе выйшаў фільм «Жыцьцё ёсьць цуд» (па-сэрбску: Život je čudo), адзначаны асаблівай прэміяй на Канскім кінафэстывалі.

Музыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эмір Кустурыца граў на бас-гітары ў гурце «Паліць забаронена» («Zabranjeno pušenje»). Цяпер у складзе гурта «No Smoking Orchestra» грае на гітары. Разам з гуртом гастралююць з назвай «Emir Kusturica & No Smoking Orchestra». 19 сьнежня 2008 году Эмір Кустурыца выступіў з канцэртам у Палацы рэспублікі ў Менску[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эмір Кустурыцасховішча мультымэдыйных матэрыялаў