Эндакрынная сыстэма

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Галоўныя залозы ўнутранага вытвору (зьлева — мужчына, справа — жанчына): 1. Эпіфіз (адносяць да дыфузнай эндакрыннай сыстэмы) 2. Мазгавы прывесак 3. Шчытаватая залоза 4. Тымус 5. Наднырачнік 6. Падстраўнікавая залоза 7. Яечнік 8. Яечкі

Эндакрынная сыстэма — сыстэма рэгуляцыі дзейнасьці ўнутраных органаў пры дапамозе гармонаў, якія вылучаюцца эндакрыннымі вузамі непасрэдна ў кроў, альбо дыфундыруючых празь міжвузаваю прастору ў суседнія вузы. Эндакрынная сыстэма падзяляецца на завалкавую эндакрынную сыстэму, у якой эндакрынныя вузы злучаныя разам утвараюць залозу ўнутранага вытвору, і дыфузную эндакрынную сыстэму. У адрозьненьне ад залозаў зьнешняга вытвору, у складзе эндакрынных залозаў адсутнічаюць вывадныя пратокі, яны маюць добра разьвітую судзінкавую сетку, асабліва мікрацыркуляванага рэчышча, у які вылучаюць свой вытвор. Вузы эндакрынных органаў утвараюць характэрныя навалы ў выглядзе фалікулаў або трабэкулаў. Эндакрынацыты характарызуюцца высокай вытворнай актыўнасьцю і значным разьвіцьцём сынтэтычнага апарату. Іхная цытаплязма ўтрымлівае спэцыфічныя гранулы, у якіх назапашваюцца біялягічна актыўныя рэчывы.

Падтрыманьне сталасьці ўнутранага асяродзьдзя і ажыцьцяўленьне асноўных жыцьцёвых функцыяў адбываецца пры ўдзеле біялягічна актыўных рэчываў. Зьвязваючыся з рэцэптарамі вузаў, гармоны зьмяняюць функцыянальную актыўнасьць розных тканак, падладкоўваючы яе пад запыты арганізма. Акрамя таго, ныркі, лёгкія, страўнік і іншыя органы ўдзельнічаюць у выпрацоўцы гармонаў, якія аказваюць ня толькі мясцовае ўзьдзеяньне, але і ініцыююць утварэньне гармонаў у іншых органах і залозах. Гэтак залоза ўнутранага вытвору ўтварае завалкавыя гармоны, да якіх адносяць усе стэроістыя гармоны, гармоны шчытаватай залозы й многія пэптыдныя гармоны. Дыфузная эндакрынная сыстэма прадстаўлена расьсеянымі па ўсім арганізьме эндакрыннымі вузамі, якія прадуцыруюць гармоны. Практычна ў кожнай тканке арганізму зьмяшчаюцца эндакрынныя вузы.

У вузах мазгавога прывеску (гіпофізу) выпрацоўваюцца гармоны, якія ўплываюць на нэрвовую сыстэму, кантралююць дзейнасьць іншых залозаў унутранага вытвору, узьдзейнічаюць на функцыі тканак і органаў. Некаторыя гармоны сынтэзуюцца ў арганізьме незалежна ад уплыву гіпофіза. Да іх адносяцца інсулін і глюкагон — гармоны падстраўнікавай залозы. Яны кантралююць узровень глюкозы ў крыві. Адрэналін і норадрэналін — гармоны мазгавога рэчыва наднырачнікаў — павышаюць крывяны ціск і стымулююць вугляводны абмен.

Вышэйшым цэнтрам рэгуляцыі дзейнасьці эндакрыннай сыстэмы зьяўляецца гіпаталямус — аддзел прамежкавага мозгу, цесна зьвязаны з мазгавым прывескам. Разам зь ім істотную ролю ў падтрыманьні на аптымальным узроўні розных парамэтраў унутранага асяродзьдзя арганізма адыгрываюць і некаторыя прадукты абмену рэчываў.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Леанцюк А. Эндакрынная сістэма // БЭ ў 18 т. Т. 18. Кн. І. — Мн.: БелЭн, 2004.
  • Машчанка М. Біялогія: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з бел. мовай навучання / М.В.Машчанка, А.Л.Барысаў; пер. з рус. мовы В.У.Клімко. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1531-1.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Эндакрынная сыстэмасховішча мультымэдыйных матэрыялаў