Эпоха маўчаньня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Эпо́ха маўча́ньня (па-эстонску: vaikiv ajastu) — пэрыяд у гісторыі Эстоніі ад 1934 да 1938[1] або 1940[2] року. Пачаўся з перавароту 12 сакавіка 1934 року, зладжанага прэм’ер-міністрам Канстантынам Пятсам. Характарызаваўся адсутнасьцю дэмакратычных свабодаў, узмацненьнем эстонскага нацыяналізму і істотным уздымам эканомікі.

Дадзены пэрыяд дагэтуль неадназначна ацэньваецца як у самой краіне, так і па-за ейнымі межамі. Тэрмін «Эпоха маўчаньня» ўведзены прэм’ер-міністрам Каарэлам Ээнпалу (1938-39), адданым прыхільнікам Пятса, тагачаснага дыктатара Эстоніі.

Падзеі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На тле прыходу да ўлады ў Нямеччыне Адольфа Гітлера і напружанай абстаноўкі ў Эўропе ў цэлым эстонскія эліты лічылі пагрозу захопу ўлады падобнымі групоўкамі ва ўласнай краіне (то бок Рухам вапсаў) цалкам рэальнай. Пасьля ўваходу ў дзеяньне прынятай у 1933 року Канстытуцыі пасаду Дзяржаўнага старэйшыны заняў Канстантын Пятс. Карыстаючыся прадастаўленымі новай канстытуцыяй паўнамоцтвамі, 12 сакавіка ён увёў ваеннае становішча, на пасаду галоўнакамандуючага ўзброенымі сіламі ён паставіў даверанага сябра, героя Вайны за незалежнасьць Ёгана Ляйданэра.

Было ўсталяванае аўтарытарнае кіраваньне, Пятс быў абвешчаны Дзяржаўным заступнікам Эстоніі (эст. Riigihoidja); Ліга вэтэранаў была забароненая, арыштаваныя каля 400 ейных удзельнікаў, уся палітычная дзейнасьць у краіне апынулася па-за законам. Усе чальцы Вапсу былі адхіленыя ад дзяржаўных пасадаў, грамадзкай службы і службы ў Лізе абароны. Гэтыя дзеяньні прэзыдэнта былі неадкладна падтрыманыя бездапаможным парлямэнтам.

Аднак, калі Пятс выдаў дэкрэт пра перанос выбараў Дзяржаўнага старэйшыны і парлямэнту, паводле Канстытуцыі заплянаваных на вясну 1934, дзейны парлямэнт склікаў пазачарговую сэсію, на якой пацьвердзіў, што канстытуцыя не дае права пераносіць выбары прэзыдэнцкім дэкрэтам. У адказ Канстантын Пятс у кастрычніку 1934 року распусьціў парлямэнт і да прыняцьця новай Канстытуцыі кіраваў з дапамогай дэкрэтаў. У сакавіку 1935 была ўведзеная аднапартыйная сыстэма, створаная кіроўная партыя «Ісамаалійт» (бел. Зьвяз айчыны). Такім чынам, захоп улады Пятсам быў пераваротам ня толькі de facto, але й de jure, паколькі ўсе ягоныя дзеяньні былі незаконнымі паводле Канстытуцыі 1934 року.

У другой палове 1930-х пачаўся рост прамысловай вытворчасьці (да 14% у год). Да 1938 року дзеля прамысловасьці ў нацыянальным даходзе дасягнула 32%. Дзеля прамысловай прадукцыі ў эстонскім экспарце вырасла з 36% у канцы 1920-х да 44% да канца 1930-х. Былі створаныя новыя прадпрыемствы, удасканаленыя вытворчыя тэхналёгіі. Здабыча гаручых лупнякоў да 1939 дасягнула 2 млн тонаў, было выраблена 181 тысяча тонаў лупняковай алівы і 22,5 тысячы тонаў лупняковага бэнзіну. Вялікае значэньне для эканомікі краіны мелі тэкстыльная, хімічная і харчовая прамысловасьць, мэтала- і дрэваапрацоўка, вытворчасьць паперы, здабыча торфу і фасфарытаў. Была разьвітая сельская гаспадарка. У некаторых галінах прамысловасьці дамінаваў замежны капітал.

Выраз «Эпоха маўчаньня» характарызуе заглушэньне ўсялякай апазыцыі рэжыму Пятса. Зь іншага боку, гэта яшчэ й адсылка да спакойнага пэрыяду са скасаваньнем грамадзянскіх і палітычных правоў у імя «парадку» пасьля дзесяцігодзьдзя турбаваньняў. Гэты пэрыяд не характарызаваўся празьмернай жорсткасьцю: амаль усе зьняволеныя ў 1934 дзеячы былі вызваленыя ў 1938 року, і ніводзін з ранейшых кіраўнікоў дзяржавы (Антс Пійп, Юган Кук, Ян Тэемант і Ян Тынісан), якія ў 1936 року апублікавалі ў фінскай прэсе Мэмарандум чатырох Дзяржаўных старэйшынаў, дзе заклікалі Пятса неадкладна спыніць абмежаваньні грамадзянскіх і палітычных правоў і вярнуць дэмакратычнае кіраваньне, ня быў арыштаваны. На выбарах 1938 року, праведзеных згодна з новай канстытуцыяй 1937 року, апазыцыя атрымала толькі 26 дэпутацкіх крэслаў супраць праўрадавых 54, што характарызуе большую прыхільнасьць эстонцаў да Эпохі маўчаньня, чымся да ейных апанэнтаў.

Пэрыяд скончыўся з аднаўленьнем у 1938 року дэмакратычных інстытутаў кіраваньня альбо з прыходам Саветаў у 1940.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Estonica
  2. ^ Miljan, p. 196.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]