Эрзянь Мастор

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эрзянь Мастор
па-эрзянску: Ěrzäń Mastor
Сьцяг Эрзянь Мастору
Сьцяг
Афіцыйная мова эрзянская
Сталіца Эрзямас
Форма кіраваньня
Пургаз


Эрзянь Мастор (па-эрзянску: Ěrzäń Mastor) — гістарычная і этнічная бацькаўшчына эрзянскага народу, сярэднявечнае дзяржаўнае ўтварэньне і тэрыторыя, на якой праходзіў этнагенэз эрзі. Разьмешчаная ў міжрэччы Волгі, Акі, Мокшы і Суры.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Захаваліся гістарычныя сьведчаньні пра сярэднявечную дзяржаву эрзянаў. На пачатку XIII стагодзьдзя ёю кіраваў выдатны інязор Пургаз. Заходнія суседзі пакінулі згадкі пра гэтую краіну як пра «Пургасаву воласьць». Пургаз пасьпяхова процістаяў экспансіі суседніх княстваў, галоўным пляцдармам якой служыў Ніжні Ноўгарад, пазьней інязор узначаліў рух супраць ардынскай навалы[1]. Як і іншыя краі рэгіёну, Эрзянь Мастор паглынула Залатая Арда, якая пазьней распалася на асобныя ханствы і бэйлыкі. З усталяваньнем маскоўскай улады ў XVI стагодзьдзі пачалася актыўная хрысьціянізацыя, а пазьней русыфікацыя ды этнацыд эрзі. Адбылося некалькі паўстаньняў супраць расейскага панаваньня, жорстка здушаных расейскімі войскамі . Пасьля сканчэньня аднаго з паўстаньняў царская ўлада забараніла эрзянам паляваць, мець зброю, займацца кавальствам[2].

Шматлікія эрзяне вымушаныя былі эміграваць па-за межы Эрзянь Мастору. Так паўсталі этнічныя паселішчы ў Пензенскай, Саратаўскай і Ульянаўскай абласьцёх, а таксама ў Заволжы (Самарская і Арэнбурская вобласьці, Татарстан, Башкартастан). Колькасьць эрзянаў, якія зьбераглі нацыянальную самасьвядомасьць на новых тэрыторыях, урэшце рэшт перавысіла колькасьць аднапляменьнікаў, што засталіся на карэнных землях.

З прычыны расьсеянасьці эрзянскага насельніцтва бальшавікі вырашылі ўключыць у нацыянальную акругу пашыраны арэал пражываньня эрзі й мокшы, назваўшы іх адным народам — «мардвою» і ў 1928 року ўтварыўшы Мардоўскую нацыянальную акругу, якая часткова ахоплівала карэнныя землі Эрзянь Мастору. Пазьней акруга пераўтвораная ў аўтаномную вобласьць і аўтаномную рэспубліку. Цяпер эрзя і мокша ў Мардовіі складаюць разам толькі 40 % ад агульнай колькасьці насельніцтва, зазнаючы далейшую русыфікацыю.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Пургаз (рас.) Энциклопедия Нижнего Новгорода Праверана 21 красавіка 2022 г. Архіўная копія ад 8 красавіка 2021 г.
  2. ^ Ерзянь Мастор (укр.). Вільний Ідель-Урал (2 траўня 2019). Праверана 22 красавіка 2022 г.