Э (горад)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Э
франц. Eu
Герб Э


Краіна: Францыя
Рэгіён: Нармандыя
Дэпартамэнт: Прыморская Сэна
Плошча:
  • 17,93 км²[1]
Насельніцтва:
Паштовы індэкс: 76260
Геаграфічныя каардынаты: 50°2′50″ пн. ш. 1°25′11″ у. д. / 50.04722° пн. ш. 1.41972° у. д. / 50.04722; 1.41972Каардынаты: 50°2′50″ пн. ш. 1°25′11″ у. д. / 50.04722° пн. ш. 1.41972° у. д. / 50.04722; 1.41972
Э на мапе Францыі
Э
Э
Э
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.ville-eu.fr

Э (па-француску: Eu) — старажытны горад на поўначы Францыі, месьціцца ў дэпартамэнце Прыморская Сэна ў рэгіёне Нармандыя (да 1 студзеня 2016 — у рэгіёне Верхняя Нармандыя). Насельніцтва гораду складае 7 189 чалавек, паводле дадзеных на 2013 год. Горад Э разьмешчаны на беразе ракі Брэсль, у чатырох кілямэтрах на поўдзень ад месца ейнага ўпадзеньня ў Ля-Манш і прыморскага гораду Лё-Трэпо.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва гораду паходзіць ад ракі, на берагах якой ён ляжыць: у старажытнасьці рака Брэсль называлася Ў (па-француску: Ou), што пазьней ператварылася ў Э (па-француску: Eu).

У Сярэднявечча горад быў цэнтрам аднайменнага графства, якое ўваходзіла ў склад герцагства Нармандыя. Яно было створана ў 996 годзе герцагам Рычардам I для свайго незаконнанароджанага сына Готфрыда дэ Брыёна. Графства Э стваралася як памежная марка, якая бараніла Нармандзкае герцагства з усходу. У 1050 або ў 1052 годзе ў царкве замка Э адбылося вясельле Вільгельма Заваёўніка й ягонай жонкі Матыльды Фляндрскай. Гэтая царква — адзіная пабудова сярэднявечнага замка, якая захавалася да цяперашняга часу. У 1180 годзе ў Э захварэў і памёр Лоўрэнз О’Тул, арцыбіскуп дублінскі і папскі легат . У 1225 годзе ён быў кананізаваны каталіцкай царквой і стаў сьвятым-заступнікам гораду. Частка ягоных мошчаў захоўваецца ў галоўнай гарадзкой царкве Сэн-Ляран. У XII стагодзьдзі Рычард Ільвінае Сэрца, які як герцаг Нармандыі быў сюзэрэнам графаў д’Э, пабудаваў гарадзкія сьцены. У 1202 годзе крэпасьць была захоплена францускім каралём Філіпам Аўгустам, а графы д’Э перайшлі пад уладу Францыі.

У 1416 годзе крэпасьць была зноў захоплена ангельцамі ў пэрыяд ўварваньня Генрыха V у Нармандыю. У 1430 годзе ў горадзе правяла ноч паланёная Жанна д’Арк, якую перавозілі ў Руан. Праз 20 гадоў, у 1450 годзе ангельскія войскі былі выгнаныя з Нармандыі. Па спыненьні лініі Артуа ў 1472 годзе графства Э ўспадкавала Клевэ-Нэвэрская дынастыя, што вывела гэтую тэрыторыю з-пад падпарадкаваньня караля Францыі й прывяло да ўваходжаньня ў склад Бургундзкай дзяржавы. Але пасьля сьмерці герцага Карла Сьмелага ў 1477 годзе кароль Францыі Людовік XI захапіў Э й шэраг іншых бургундзкіх ленаў і ўключыў графства ў склад каралеўскага дамэна.

У 1588 годзе тытул графа д’Э перайшоў у валоданьне герцагаў дэ Гіз, у той час найбольш уплывовай арыстакратычнага роду Францыі. Пазьней гэты тытул і права на графства неаднаразова прадаваліся, апошняя графіня д’Э была маці францускага караля Люі-Філіпа Арлеанскага. У XVI стагодзьдзі ў цэнтры горада быў пабудаваны палац Гізаў, які ў XIX стагодзьдзі стаў выкарыстоўвацца як летняя рэзыдэнцыя Люі-Філіпа. У 1843 годзе ў палацы спынялася каралева Вікторыя падчас свайго візыту ў Францыю. Гэтая была першая асабістая сустрэча ангельскага й францускага манархаў з 1520 году.

Пераназваньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Для зручнасьці турыстаў улады Э плянуюць перайменаваць горад. Справа ў тым, што пошукавыя сыстэмы ў інтэрнэце дрэнна знаходзяць інфармацыю пра гэты горад, замест гэтага яны выдаюць спасылкі на парталы Эўрапейскага зьвяза (.eu), а таксама на старонкі пра граматыку францускай мовы, дзе eu зьяўляецца дзеепрыметнікам прошлага часу ад дзеяслова avoir — «мець»). Разглядаецца магчымасьць правядзеньня рэфэрэндуму сярод мяшчанаў наконт перайменаваньня[3].

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]