Юлія Цімафеева

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юлія Цімафеева
Асабістыя зьвесткі
Нарадзілася 12 студзеня 1982(1982-01-12) (42 гады)
Сужэнец Альгерд Бахарэвіч
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці паэтэса, перакладчыца
Жанр верш, пераклад
Мова беларуская мова[1] і ангельская мова[1]
Прэміі Узнагарода ГА “СБП” «Экслібрыс» (2012)
Узнагароды

Ю́лія Цімафеева (нар. 12 студзеня 1982, в. Сьпярыжжа, Брагінскі раён) — беларуская літаратарка, перакладчыца.

Скончыла факультэт ангельскай мовы МДЛУ, Беларускі Калегіюм, наведвала Перакладніцкую майстэрню. Адна з заснавальніц і рэдактарак інтэрнэт-часопісу перакладной літаратуры «ПрайдзіСвет». Жыве ў Менску.

Аўтарка зборніка "Кніга памылак" ("Галіяфы", 2014), у які ўвайшлі ня толькі вершы, але і пераклады замежнай паэзіі, пераважна ангельскамоўнай (Ўолт Ўітмэн, Стывэн Крэйн, Чарлз Букоўскі, Эдрыен Рыч). Перакладала таксама з партугальскай (Албэрту Каэйру) і гішпанскай (Актавіё Пас) моваў.

У 2014 годзе ў выдавецтве Зьмітра Коласа выйшла яе другая кніга паэзіі "Цырк", якая трапіла ў кароткі сьпіс прэміі Натальлі Арсеньневай.

Яе паасобныя вершы перакладаліся на ангельскую, нямецкую, чэскую, славенскую, швэдзкую і іншыя мовы. У 2018 годзе люблінскае выдавецтва "Warsztaty Kultury" выдала першую паэтычную кнігу Юлі Цімафеевай па-польску "Cyrk i inne wiersze" у перакладзе Богдана Задуры. У 2019 годзе ў бэрлінскім выдавецтве edition FOTOtapeta выйшаў зборнік "Zirkus" у перакладзе на нямецкую мову Томаса Вайлера і Ціны Вюншман.

У 2020 годзе выйшаў трэці паэтычны зборнік паэткі — "ROT" (выдавецтва "Янушкевіч", Менск; выдавецтва "Вясна" (Прага).

Яе ўласныя пераклады прозы і паэзіі розных аўтараў зьяўляліся ў часопісах «pARTizan», «ПрайдзіСвет», «Паміж», «ARCHE», «Дзеяслоў», газэце «Літаратурная Беларусь».

У 2018 разам з Ганнай Комар і Натальляй Бінкевіч стала ляўрэаткай прэміі «Дэбют» за паэтычныя пераклады з кнігі Чарлза Букоўскі "сьвятло, і паветра, і месца, і час".

Удзельніца шматлікіх міжнародных літаратурных фэстываляў у Летуве, Славеніі, Польшчы, Нямеччыне, Украіне, Фінляндыі, Швэцыі, фэстываляў "Вершы на асфальце" і "Прадмова" ў Менску, выступала на міжнародных кніжных кірмашах ў Гётэборгу (Швэцыя), Франкфурце-на-Майне (Нямеччына). Пераможца ў прозе конкурсу для маладых пісьменьнікаў «Экслібрыс», арганізаванага ГА «СБП» у 2012 г. Вершы і эсэі Юлі Цімафеевай публікаваліся ў часопісах "Poetry International", "Przekroj", "Воздух", у газэце "Financial Times", на сайтах Literary Hub, lyrikline і ў іншых выданьнях.

Былая вядоўцай культурніцкай тэлеперадачы "Рэмарка" на тэлеканале Белсат (разам зь Сяргеем Харэўскі і Аляксеем Стрэльнікавым).

Жонка пісьменьніка Альгерда Бахарэвіча.

Сябра Саюза беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]