Юры Падабед

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Юры Падабед
Імя пры нараджэньні Юры Мікалаевіч Падабед[1][2]
Дата нараджэньня 5 сакавіка 1962
Месца нараджэньня
Месца вучобы
Занятак вайсковец
Месца працы
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Падабед.

Юры Мікалаевіч Падабед (нар. 5 сакавіка 1962[3], Слуцак) — былы камандзір палка міліцыі адмысловага прызначэньня ГУУС Менскага гарвыканкаму. Уваходзіць у «Чорны сьпіс ЭЗ», сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Юры Падабед нарадзіўся ў 1962 годзе ў Слуцку. У 1985 годзе скончыў Менскую вышэйшую вайсковую палітычную вучэльню, у 2001 годзе — Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь па спэцыяльнасьці «Дзяржаўнае кіраваньне й справавое адміністраваньне». Пяць гадоў служыў у Польшчы, чатыры гады — на Далёкім Усходзе, а таксама ў Летуве й Нямеччыне. У 1996 годзе вярнуўся ў Беларусь, камандаваў батальёнам спэцпрызначэньня МУС. У красавіку 1999 году прызначаны начальнікам штабу менскага АМАП, праз паўгода стаў камандзірам атрада міліцыі адмысловага прызначэньня. У канцы ліпеня 2008 году па ўласным жаданьні пакінуў гэтую пасаду па стане здароўя. Падабед так пракамэнтаваў гэтае рашэньне:

«Я прыняў такое рашэньне сам. Дзе буду працаваць далей, яшчэ ня ведаю. У мяне ёсьць некаторыя праблемы са здароўем, прычым сур’ёзныя. У мяне з хрыбетнікам праблемы й ціск скача. Нічога дзіўнага: работа нэрвовая. Яшчэ раз паўтару: рашэньне пра сыход я прыняў сам, на мяне ніхто ня ціснуў. Магу сказаць, што жонка толькі задаволеная. Маладым дарогу трэба саступаць, а зьмена ў мяне больш чым годная».

Яго месца заняў Юры Караеў. Паводле розных вэрсіяў, пасьля адстаўкі Падабеду прапанавалі працу ў ГУУС, але ён адмовіўся, бо не хацеў працаваць намесьнікам Аляксандра Найдзенкі. Такім чынам, Падабед сышоў на пэнсію ва ўзросьце 46 гадоў.

Пасьля сыходу ў сваіх інтэрвію Падабед казаў, што можа паспрабаваць сябе ў іншай якасьці на нейкім прадпрыемстве.

З 2009 году ўзначальвае службу бясьпекі беларускага бізнэсоўца Юрыя Чыжа.

Чыны й званьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палкоўнік міліцыі.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2006 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў Падабед быў узнагароджаны ордэнам «За службу Радзіме» III ступені.

Санкцыі ЭЗ, ЗША[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як камандуючы АМАП, які сам прымаў удзел і быў непасрэдна адказны за жорсткія разгоны мірных дэманстрацыяў і зьбіваньне супрацоўнікамі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту, у прыватнасьці, у 2004 і 2008 гадох, Падабед у 2004 годзе быў занесены ў чорны сьпіс Эўразьвязу[1][3].

Таксама Падабед па выніках «прынцыпова недэмакратычных», паводле ЗША, прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году зь лютага 2007 году знаходзіцца ў сьпісе спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША за дзеяньні, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы й інстытуты[4][5].

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Юры Падабед жанаты другі раз. Мае двух дарослых сыноў ад першага шлюбу й дачку ад другога.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]