Ядвігін Ш.

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ядвігін Ш.
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Антон Іванавіч Лявіцкі
Псэўданімы Ядвігін Ш., Падарожны, Я. Ш.
Нарадзіўся 4 (16) студзеня 1869
маёнтак Добасна, Рагачоўскі павет, Магілёўская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 24 лютага 1922(1922-02-24) (53 гады)
Вільня, Сярэдняя Літва[1]
Пахаваны
Жонка Люцыя Лявіцкая
Дзеці Ванда, Лявон, Вацлаў, Казімер
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці празаік, публіцыст, драматург
Мова беларуская
Дэбют «Суд» // «Наша доля», 1906 г.
Творы на сайце Knihi.com

Ядві́гін Ш. (сапр. — Антон Іванавіч Лявіцкі; 16 студзеня (4 студзеня па ст. ст.) 1869, Добасна, Рагачоўскі павет, Магілёўская губэрня, цяпер Качэрыцкі раён, Магілёўская вобласьць — 23 лютага 1922, Вільня) — беларускі празаік, драматург і публіцыст; адзін з пачынальнікаў беларускай мастацкай прозы.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія гады і адукацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Карпілаўка (Лагойскі раён)
Карпілаўка. Сядзіба Ядвігіна Ш.

Нарадзіўся 4 студзеня 1869 году ў маёнтку Добасна Рагачоўскага павету (цяпер Качэрыцкі раён) у сям’і Яна і Вольгі Лявіцкіх (меў сястру Эву)[2], дзе яго бацька служыў упраўляючым маёнтка[3]. Пазьней у 1870-х гадох ён быў лясьнічым графа Тышкевіча і жыў у Пяршаях цяперашняга Валожынскага раёну[4].

Неўзабаве сям’я Лявіцкіх пераехала ў Карпілаўку пад Радашкавічамі на Меншчыне. Тут у 1877—1878 гг. Антон Лявіцкі вучыўся ў нелегальнай школе ў Люцінцы, якую арганізавала дачка Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча — Каміла. Пазьней пра гэты пэрыяд ён успамінаў:

« Шасьцёра нас там было… я быў найменшым — гадкоў сем меў; вучылі нас розных навук, нават і музыкі. Наша вучыцелька (вечны ёй ужо пакой!) і яе бацькі так умелі падахвочываць нас да навукі, што кожны з нас наперабой браўся да яе… памятаю цікавыя апавяданьні аб роднай бацькаўшчыне і аб далёкіх халодных краях, куды злая доля заганяе шмат людзей… »
Вокладка кнігі Ўсевалада Гаршына «Сыгнал» з аўтографам Ядвігіна Ш. Міколу Янчуку

Пасьля пасьпяхова скончыў Менскую гімназію і паступіў на мэдыцынскі факультэт Маскоўскага ўнівэрсытэту. 8 сакавіка 1890 году за ўдзел у студэнцкіх хваляваньнях Ядвігін Ш. быў арыштаваны і зьняволены на некалькі месяцаў у Бутырскі астрог, за чым пасьледавала выключэньне з унівэрсытэту[3]. У турме ён перакладае папулярнае на той час апавяданьне У. Гаршына «Сыгнал», выдадзенае ў Маскве ў 1891 годзе[5]. У часе зьняволеньня становіцца сьведкам зладжанага студэнтамі-араштантамі канцэрту, на якім з сваімі нацыянальнымі песьнямі і танцамі выступалі расейцы, украінцы, летувісы, латышы, каўказцы і палякі[6]. Пасьля канцэрту чальцы Менскага зямляцтва вырашаюць заснаваць першы беларускі гурток моладзі ў Маскве[6].

Па вызваленьні з турмы Ядвігін Ш. не дамагаецца аднаўленьня ва ўнівэрсытэце. Ён здае экзамэн на аптэкарскага практыканта, праходзіць практыку ў адной з маскоўскіх аптэк і выяжджае на Беларусь, дадому ў фальварак Карпілаўку. Тут ад цяжкае хваробы памірае яго бацька, а неўзабаве здараецца пажар, які зьнішчыў бацькоўскі дом. Ядвігін Ш. будуе для сям’і невялікую хатку з двух пакояў і кухні, а сам адпраўляецца ў Менск і здае экзамэн на аптэкара[5]. Пасьля непрацяглай практыкі пераводзіцца ў Радашкавічы, дзе працуе памочнікам правізара і будуе Карпілаўскі дом[5].

Радашкавіцкі гурток інтэлігенцыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Памятная шыльда ў гонар пісьменьніка ў Радашкавічах. Надпіс: У Радашкавічах у 1891—1897 гг. жыў і працаваў памочнікам аптэкара вядомы беларускі пісьменнік, адзін з пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы Ядвігін Ш. (Антон Іванавіч Лявіцкі 1868—1922 гг.)[7]

У Радашкавічах Ядвігін Ш. стаў сябрам гуртка мясцовай інтэлігенцыі, браў удзел у літаратурных вечарынах — дэклямаваў вершы Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча і Францішка Багушэвіча. У 1892 (паводле іншых зьвестак у 1893) напісаў камэдыю «Злодзей», якую з ініцыятывы Яна Якуба Офэнбэрга, аднаго з арганізатараў Радашкавіцкага гуртка беларусаў-інтэлігентаў, меркавалася паставіць на платнай маёўцы, а збор з спэктаклю перадаць на адкрыцьцё местачковай лякарні[5]. Сакратар Маскоўскага этнаграфічнага таварыства М. Янчук, які спрыяў справе культурнага адраджэньня беларусаў і трымаў сувязь з студэнцкімі зямляцтвамі ўнівэрсытэту і сельскагаспадарчай акадэміі (студэнтам апошняй быў Ядвігін Ш.), імкнуўся атрымаць дазвол цэнзуры на выданьне п’есы і на пастаноўку яе на сцэне, аднак так і не дамогся гэтага[8]. Тым ня менш, у 1892 годзе было вырашана паставіць п’есу без цэнзурнага дазволу.

За колькі дзён да маёўкі была празначана генэральная проба. Але да судовага сьледчага, нібыта ў госьці, прыехаў зь Вялейкі павятовы пракурор, які дазнаўся пра пастаноўку п’есы, што не прайшла цэнзуры. Пракурор даў зразумець сьледчаму, што спэктакль, яшчэ й на забароненай тады беларускай мове, можа прынесьці ўсёй мясцовай адміністрацыі вялікія прыкрасьці[8]. Пасьля такога папярэджаньня пракурора спэктакль так і не адбыўся[8]. Сама камэдыя ў свой час не была надрукаваная, а рукапіс не ўцалеў[5]. Як адзначаў беларускі драматург Францішак Аляхновіч у сваёй манаграфіі «Беларускі тэатар», рукапіс камэдыі да Другой сусьветнай вайны захоўваўся ў архіве Рамуальда Зямкевіча[9].

Шлюб і вяртаньне ў Карпілаўку[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1894 годзе Антон Лявіцкі пабраўся шлюбам з радашкавіцкай швачкай Люцыяй Гнатоўскай, якая па сканчэньні віленскай школы крою і шыцьця працавала ў мястэчку[5]. Тым часам ён ужо загадваў крамай-каапэрацыяй запаснога насеньня земляўласьнікаў, бо па стане здароўя мусіў адмовіцца ад аптэкарства. Аднак, пагарэўшы на пасадзе крамніка, даклаўшы, каб разьвязацца зь ёю, нямала сваіх грошай, Ядвігін Ш. пераехаў назад у Карпілаўку, дзе пачаў займацца садоўніцтвам і літаратурнаю творчасьцю[5].

У 1903—1904 гадох супрацоўнічае зь менскімі і віленскімі прагрэсіўнымі выданьнямі: выступаў з апавяданьнямі, публіцыстычнымі артыкуламі і карэспандэнцыямі мясцовага характару на расейскай і польскай мовах, дзе закранаў пытаньні нацыянальнага кшталту, праблему пэрыядычных выданьняў на роднай мове, сялянскага жыцьця і інш., якія, аднак, асаблівай вядомасьці яму не прынесьлі[5]. Першае апавяданьне Ядвігіна Ш. на беларускай мове, якое мела назоў «Суд», было надрукаванае ў трэцім нумары газэты «Наша доля» 20 верасьня 1906 году[10], якое ў 1910 годзе было перакладзена на ўкраінскую мову з прыхільнымі водгукамі аб аўтары як аб арыгінальным беларускім празаіку[5]. Таксама тагачасная беларуская крытыка не ўнікнула адзначыць у ім талент сатырыка і гумарыста[5].

Маёнтак Ядвігіна Ш. часта наведваў сын суседа-арандатара Дамініка Луцкевіча па імені Ян, які пазьней стане буйнейшым беларускамоўным паэтам XX стагодзьдзя пад псэўданімам Янка Купала[4]. Пра сустрэчы з Антона Лявіцкім ён пазьней успамінаў:

« У пэрыяд 1904—1906 гг. …я пазнаёміўся зь Ядвігіным Ш. (жылі мы па суседзтве). Гэта была для мяне вялікая падзея. Я ўпершыню сутыкнуўся з чалавекам, які быў ня толькі пісьменьнікам, але і пісаў па–беларуску. 3ь ім я вельмі зблізіўся. Ён мне шмат расказваў пра незнаёмыя мне дагэтуль пісьменьніцкія справы і г. д. Чалавек ён быў з вышэйшай адукацыяй (праўда, унівэрсытэту з-за рэвалюцыйных справаў не закончыў), прытым вельмі цікавым і дасьціпным субяседнікам.[11] »

Адзіная дачка Ядвігіна Ш., Ванда Лявіцкая, пра сустрэчы яе бацькі зь Янкам Купалам успамінала:

« Купала прыходзіў да нас браць кнігі. Чытаў тату свае вершы і ў хуткасьці стаў друкаваць іх у «Нашай ніве». 3 татам яны вялі доўгія гутаркі... »

Сталая літаратурная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дачка Ядвігіна Ш. Ванда Лявіцкая з мужам Язэпам Лёсікам і дзецьмі Юрасём, Люцыяй і Алесяй

З 1908 году Ядвігін Ш. працуе загадчыкам літаратурнай часткі газэты «Наша Ніва» ў Вільні. На гэты час прыпадае найбольш плённы ў жыцьці пісьменьніка пэрыяд 1906—1914 гадоў[5].

Увесну 1910 году пісьменьнік зьдзяйсьняе сваю даўнюю мару — павандраваць пешшу па Беларусі. Ён пешшу зь Вільні да Карпілаўкі праходзіць больш за 500 км[10]. У сваіх падарожных нататках, апублікаваных у «Нашай Ніве» пад назваю «Лісты з дарогі», Ядвігін Ш. распавядае пра мястэчкі і вёскі, цікавых людзей, што сустракаліся яму на шляху, а таксама разважае над эканамічнымі і сацыяльнымі праблемамі беларускага сялянства, выказвае шмат думак пра родную мову і народную асьвету[12].

Адным за адным — 1912 годзе «Бярозкі», а з 1914 годзе «Васількі» — выйшлі два зборнікі апавяданьняў пісьменьніка[5]. Апошні зь іх быў выдадзены ў друкарні Марціна Кухты пры грашовай падтрымцы княгіні Магдалены Радзівіл[13]

З 1914 году Ядвігін Ш. пераяжджае зь Вільні ў Менск, дзе арганізоўвае і становіцца тэхнічным рэдактарам штомесячных часопісаў «Саха»[14] і «Лучына». У часе Першай сусьветнай вайны працуе ў Менскім цэнтральным бюро працы і кіраўніком швацкіх майстэрняў вайсковага рыштунку[12]. Арганізаваў беларускае таварыства дапамогі ахвярам вайны, дзе пазнаёміўся з Максімам Багдановічам[4], ставіў спэктаклі.

З восені 1916 да лютага 1917 году Ядвігін Ш. і Максім Багдановіч сустракаліся амаль штодня: у беларускай кнігарні, у «Беларускай хатцы» і на вуліцах Менску. Пазьней ён наведаў маёнтак пісьменьніка ў Карпілаўцы, дзе месьціўся прытулак для дзяцей уцекачоў. М. Багдановіч перакладаў на ўкраінскую мову творы Ядвігіна Ш.: «Зарабляюць», «З бальнічнага жыцьця», «Падласы», «Рабы», «Вясельле», «Скакатушка», «Васількі», «Гадунец», «Чортава ласка», «Дачэсныя», «Ліст сабакі» да рэдакцыі «Нашай Нівы», «Сіло», «Награда» і «Сабачая служба»[13].

У часе вайны Ядвігін Ш. захварэў на сухоты горла. У 1918 годзе яго стан рэзка пагоршыўся, што вымусіла яго легчы на лячэньне ў Менскі шпіталь, а потым выехаць на жыхарства ў Карпілаўку. Празь некаторы час пісьменьнік пачынае супрацоўнічаць з газэтай «Беларус», друкуе там свой раман «Золата» (1920) — адзін зь першых твораў буйнога эпічнага жанру ў беларускай літаратуры[15]. Увосені 1920 году Ядвігін Ш. прыязджае ў Вільню і рыхтуе да выданьня свае «Успаміны», першую частку якіх выдае ў 1921 годзе[12].

У пачатку 1922 году здароўе пісьменьніка значна пагаршаецца і 23 лютага ў адным са шпіталяў Вільні ён памірае.

Пахаваны на ў Вільні на могілках Росы на літэрацкай горцы[12].

Псэўданім[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дакладнае паходжаньне псэўданіма Антона Лявіцкага — Ядвігін Ш. — яшчэ ў 1968 годзе раскрыла дачка пісьменьніка Ванда Лявіцкая. На запытаньне пра псэўданім яна паведаміла, што ў маладосьці бацька быў моцна закаханы ў нейкую Ядвігу Шабуневіч з Радашкавічаў. Пасьля яны рассталіся. Першае каханьне асела назаўсёды і калі ён пачаў друкавацца, не раздумваючы ўзяў сабе за псэўданім імя і скарочанае да адной літары прозьвішча былой каханай[16].

Зрэшты, у літаратуразнаўстве існавалі і іншыя вэрсіі наконт паходжаньня псэўданіма пісьменьніка. Паводле Ўладзімера Содаля, пасьля публікацыі абразка «Суд», на пытаньне чаму ён падпісаны такім псэўданімам аўтар жартаўліва[17] адказваў: «Вот я вам кажу ў хаце — ша! Дык і — Ша…»[17].

Добрая прыяцелька Антона Лявіцкага Зоська Верас расказвала, што нібыта яму вельмі падабалася адна з унучак Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча ці хтось іншы ў Люцінцы, каго звалі Ядвіга[18]. Закахаўшыся яшчэ ў гады навучаньня ў школе Камілы Марцінкевіч, ужо дзецюком ён нібыта наведваўся да той Ядвігі. Найчасьцей позна ўвечары, калі ў хаце ўсе спалі. Патрывожаная Ядвіга скрозь сон пыталася «Хто тут?». Малады Лявіцкі, прыклаўшы палец да вуснаў шаптаў «Ядвіга, ша, ціха… Гэта я…»[18].

Гэтак жа тлумачыць гісторыю псэўданіма Лявіцкага і Хведар Ільяшэвіч, аўтар кнігі «Антон Лявіцкі. Жыццё і літаратурная творчасць». Згадваючы запісы Ядвігіна Ш. у «Лістах з дарогі», дасьледнік зьвяртае ўвагу на цікавае прызнаньне Лявіцкага:

« Бывае находзяць думкі — іншы раз вясёлыя, то зноў сумныя, але такія дарагія, такія патайныя, што ажно аглядаешся, быццам баішся, каб хто не падслухаў, не падгледзеў, не дагадаўся іх, бо іх ведаць ніхто не павінен[19]. »

Перачытваючы згаданы запіс Лявіцкага, Хведар Ільяшэвіч выказаў меркаваньне:

« Апошнія словы даюць повад думаць, што будучы пісьменьнік… перажыў у Люцінцы нешта глыбокае. Можа гэта было першае дзіцячае каханьне? Можа тут ужо зачаравалі яго, «як васількі», вочы? Можа гэта была Ядвіга? І адсюль паўстане псэўданім пісьменьніка?[19] »

Часам Ядвгін Ш. вар’іраваў свой псэўданім, скарачаў яго да ініцыялаў, падпісваў творы ды розныя допісы аднымі толькі ініцыяламі — «Я. Ш.», «Ja.», «Sz.», «Ja.», «Š», «Ša», «Sz»[18]. Як адзначае Янка Саламевіч, цікавым фактам зьяўляецца тое, што некаторыя чыноўнікі Міністэрства культуры памылкова вымаўлялі яго псэўданім як Ядвігін Трэці[16].

Сям’я[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля сьмерці пісьменьніка ў 1928 годзе яго жонку Люцыю раскулачылі[20], якая памерла ў 1945 годзе ў страшнай галечы ў Нежыне[4]. Сыны Ядвігіна Ш. — Вацлаў і Казімер — былі сасланыя і на Беларусь не вярталіся. Старэйшы сын Лявон загінуў у часе Другой сусьветнай вайны. Адзіная дачка пісьменьніка, Ванда Лявіцкая, якая ўвосені 1917 году пабралася шлюбам зь беларускім нацыянальным дзеячам Язэпам Лёсікам, загінулым у 1940 годзе ў саратаўскай турме, адправілася за мужам у ссылку[4]. У іх было трое дзяцей: Юрась, інжынэр энэргетык, жыў ў Армавіры; Алеся, настаўніца, — у мястэчку Татарка, Стаўрапольскага краю; Люцыя, настаўніца, — у Ліпецку[21][22].

Хросным бацькам дзяцей Ванды — Люцыі і Алесі — быў Янка Купала[4]. У 1992 годзе Люцыя і Алеся прыязджалі на месца колішняга радавога маёнтку Карпілаўкі[22].

Бібліяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Творы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На іншых мовах[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крытыка, рэцэнзіі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]


Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Хаўтуры А. Лявіцкага. // Беларускі звон : тыднёвая часопicь. — 1922, 4 сакавіка. — № 6 (31). — С. 4.
  2. ^ Содаль. У. Вугельчыкі з попелу // Роднае слова. — Мн.: 1999. — № 12. — С. 183.
  3. ^ а б Дышлевіч, А. А. На пераломе стагоддзяў. Жыццё і творчасць Ядвігіна Ш. // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 1. — С. 9.
  4. ^ а б в г д е Людміла Рублеўская (23 лютага 2009) Ядвигин Третий и единственный (рас.). Советская БелоруссияПраверана 2 жніўня 2011 г.
  5. ^ а б в г д е ё ж з і к л Дышлевіч, А. А. На пераломе стагоддзяў. Жыццё і творчасць Ядвігіна Ш. // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 1. — С. 10.
  6. ^ а б Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 416. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
  7. ^ Паводле старога стылю
  8. ^ а б в Язэп Дыла Тэатральная «задума» 1892 г. у Радашковічах // Творы. — Мн.: Маст. літ., 1981. — С. 294. — 351 с.
  9. ^ Аляхновіч, Ф.. Беларускі тэатр // Спадчына. — Мн.: 1991. — № 1. — С. 37.
  10. ^ а б Ядвігін Ш. // Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т. 1. — Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9.
  11. ^ Купала Я. Зб. тв.: У 7т. Т. 7.С. 431—432
  12. ^ а б в г Дышлевіч, А. А. На пераломе стагоддзяў. Жыццё і творчасць Ядвігіна Ш. // Роднае слова. — Мн.: 1994. — № 1. — С. 12.
  13. ^ а б Уладзімер Содаль Ядвігін Ш. і Максім Багдановіч. Наша НіваПраверана 2 жніўня 2011 г.
  14. ^ Пачтовая скрынка. Ядвігін Ш. / В. Ластоўскі // Гоман : газэта. — Вільня: Гоман, 06 красавіка 1917. — № 28(120). — С. 4.
  15. ^ Гісторыя беларускай літаратуры: XIX — пачатак XX ст.: Падруч. для філал. фак. пед. ВНУ / І. Э. Багдановіч, У. В. Гніламёдаў, Л. С. Голубева і інш.; Пад агул. рэд. М. А. Лазарука, А. А. Семяновіча. — 2-е выд., дапрац.. — Мн.: Выш. шк., 1998. — С. 418. — 560 с. — 7000 ас. — ISBN 985-06-0304-6
  16. ^ а б Янка Саламевіч Ядвігін Ш. // Роднае слова. — Мн.: 2009. — № 1.
  17. ^ а б Уладзімір Содаль Летуценнік з карпілаўкі // Роднае слова. — 1994. — № 1. — С. 71.
  18. ^ а б в Уладзімір Содаль Летуценнік з карпілаўкі // Роднае слова. — 1994. — № 1. — С. 72.
  19. ^ а б Ільяшэвіч Х. Антон Лявіцкі. Жыццё і літаратурная творчасць. — Вільня: 1933. — С. 11.
  20. ^ Яжвігін Ш. // spadchyna.net
  21. ^ Алесь Жынкін. «Мае дарагія…» // Маладосць : часопіс. — 1990. — № 11 (453). — С. 153—162.
  22. ^ а б Содаль, У. Летуценнік з карпілаўкі // Роднае слова. — 1994. — № 1. — С. 73.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]


Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]