Язафат Кунцэвіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Язафат Кунцэвіч
St Josaphat Saint of Ruthenia.jpg
Сьвяты
Сьвецкае імя Іван
Манаскае імя Язафат
Нарадзіўся 1580 ці 1584, Уладзімер, Валынь, Вялікае Княства Літоўскае
Памёр 12 лістапада, 1623, Віцебск, Рэч Паспалітая (сучасная Беларусь)
Шануецца Каталіцкай царквой (бізантыйскага і рымскага абрадаў); украінскай, беларускай і расейскай і інш. грэка-каталіцкімі Цэрквамі
Бэатыфікаваны 16 траўня, 1643, у Рыме, Папам Рымскім Урбанам VIII
Кананізаваны 1867, у Рыме, Папам Рымскім Піем IX
Дзень памяці 12 лістапада - Каталіцкая царква, Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква,
16 верасьня - Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква
,25 лістапада - Украінская Грэка-Каталіцкая Царква

Язафа́т (Іасафа́т) Кунцэ́віч (1580 — 12 лістапада 1623) — уніяцкі царкоўна-палітычны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага, царкоўны пісьменьнік, сьвятамучанік.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ва Ўладзімеры-Валынскім у зьбяднелай шляхецкай сям’і Кунцэвічаў, якая выехала туды зь Беларусі.[1] Пачатковую адукацыю атрымаў у віленскай праваслаўнай школе. Паводле сьведчаньня біёграфаў, Кунцэвіч зь дзяцінства вылучаўся цягай да малітвы і містычным сьветапоглядам.

Каля 1599 прыняў Унію і зрабіўся яе адданым прыхільнікам. У 1604 уступіў у базылянскі ордэн і быў накіраваны Іпаціем Пацеем у Віленскі манастыр Сьвятой Тройцы. Сапраўдны аскет у штодзённым жыцьці, Язафат Кунцэвіч у вольны ад малітваў і набажэнства час чытаў сьвятыя кнігі і пісаў свае, у якіх даводзіў неабходнасьць аб’яднаньня Ўсходняй і Заходняй Царквы пад зьверхніцтвам Папы Рымскага.

У канцы 1608 або ў пачатку 1609 высьвячаны на сьвятара. Таго ж году мітрапаліт Язэп Руцкі запрасіў Я. Кунцэвіча ў Кіеў для дапамогі ў навяртаньні праваслаўных кіеўлянаў да Уніі. У Пячорскім манастыры адбыўся інцыдэнт, калі ў адказ на прамовы Язафата Кунцэвіча манахі сьцягнулі яго з амбону і моцна зьбілі, аднак пасьля багаслоўскага дыспуту варожасьць улеглася.

У 1613 Язафат Кунцэвіч прызначаны ігуменам Быценскага манастыра, ад гэтага ж году і да 1617 быў архімандрытам Віленскага манастыра Сьвятой Тройцы. За гэты час ён многа зрабіў для добраўпарадкаваньня кляштару, арганізацыі базылянскага ордэна. Паводле рэкамэндацыі Руцкага ў 1617 прызначаны біскупам віцебскім і адначасова каад’ютарам да полацкага арцыібіскупа Гедэона Бральніцкага.

Пасьля сьмерці Бральніцкага ў канцы 1618 Я. Кунцэвіч зрабіўся полацкім арцыбіскупам. У Полацак ён прыбыў з асаблівай місіяй ад мітрапаліта Руцкага — умацаваць Унію ў гэтым краі.

Першымі крокамі арцыбіскупа Кунцэвіча на новай ніве сталася адраджэньне царкоўнага жыцьця: аднаўленьне храмаў (у тым ліку Полацкага Сафійскага сабору), заснаваньне парафіяльных школаў, «чыстка» кліру. Адначасова ён праявіў сябе адданым прыхільнікам еднасьці Заходняй і Ўсходняй Цэркваў.

Разам з тым актыўнасьць новага арцыбіскупа выклікала неадназначную рэакцыю. 9 кастрычніка 1618 Полацкі арцыбіскуп Язафат Кунцэвіч накіраваўся ў Магілёў са звычайнай душпастырскай мэтай «прыгледзець за царкоўным парадкам». Жыхары не дазволілі яму, як пастыру, нават уступіць у места, зачынілі гарадзкую браму, расставілі на вежах і на валу гарматы, скіраваныя на сьвіту арцыбіскупа, і ўзброеных людзей, частка якіх выйшла з харугвамі перагарадзіць уніяцкаму арцыбіскупу дарогу ў места. «Калі гэты ўладыка-адшчапенец, — казалі яны, — дзе-небудзь пакажацца бліжэй каля места, то ў места мы яго ня пусьцім, а яго заб’ем, бо за пастыра і ўладыку свайго ня лічым і прызнаваць яго ня хочам». Гэты інцыдэнт стаўся прычынай судовага разьбіральніцтва, у выніку ягока завадатараў бунту як парушальнікаў спакою ў дзяржаве прысудзілі да сьмяротнай кары, а на места быў накладзены штраф.[2]

У сакавіку 1620 на зваротным шляху з Масквы ў Кіеў прыбыў Ерусалімскі патрыярх Тэафан, які актыўна праводзіў пратурэцкую і прамаскоўскую палітыку. Ён незаконна[3] высьвяціў новых праваслаўных біскупаў і паставіў іх наўзамен раней прызначаных уніяцкіх, чым абвастрыў супярэчнасьці ў асяродку хрысьціянаў Рэчы Паспалітай. У прыватнасьці, у абыход Кунцэвіча біскупам Полацку быў пастаўлены Мялеці Сматрыцкі, дзеяньні якога ў Рэчы Паспалітай расцанілі як падбухторваньне да мецяжу і царкоўнаму расколу ўва ўгоду Турэччыны. У прыватнасьці кароль і вялікі князь Жыгімонт пісаў:

« нехта Сматрыцкі і Барэцкі змовіліся з падданымі цэсара турэцкага, непрыяцеля веры хрысьціянскай і нашага, які на панствы нашыя вайной ідзе. Зь нейкім пастырам, нібы патрыярхам ерусалімскім, на шпегі да панстваў нашых ад цэсара турэцкага дасланым, наважыліся без дазволу і ведама нашага прысьвячэньні браць — адзін на мітраполію Кіеўскую, а іншы – на арцыбіскупства Полацкае, ігнаруючы тых, хто прылажэнствы гэтыя духоўныя здаўна з пападаньня нашага спараднага на сябе носяць і добрае здароўе маюць. »

Аднак прапаганда М. Сматрыцкага прынесла свой плён. Арцыбіскупа Кунцэвіча зьвінавацілі ў перасьледзе праваслаўных, на што ён змушаны быў адказаць лістом, адрасаваным Льву Сапегу:

« Я ж ніколі нікога да Уніі гвалтам не прымушаў, такога ніколі не было. Абараняць жа мне мае царкоўныя правы, (калі на мяне наступаюць гвалтам), мяне прымушае звычайная біскупская прысяга. »

Найбольш напружаны характар барацьба супраць Уніі набыла ў Віцебску, насельніцтва якога пасланцы Сматрыцкага падбухторылі да непаслушэнства законнаму арцыбіскупу.

Уступіўшы ў валоданьне віцебскімі цэрквамі, Я. Кунцэвіч заняўся іхным абсталяваньнем: загадаў іх падмесьці, пачысьціць абразы, наладзіць хоры і адкідныя сядзеньні. Паводле словаў відавочцаў, праваслаўныя ў адказ на гэта сказалі, што нельга з царквы нічога выкідаць, нават пыл. На падставе гэтага яны абвясьцілі, што Я. Кунцэвіч прытрымліваецца лацінскай веры і перарабляе цэрквы на лацінскі ўзор.[2]

Ад сакавіка 1621 па атрыманьні ліста М. Сматрыцкага, жыхары Віцебску поўнасьцю перасталі падпарадкоўвацца Я. Кунцэвічу. 4 красавіка 1621, у дзень Дабравешчаньня, віцебскія праваслаўныя на чале з бурмістрам Сымонам Нешам не пусьцілі працэсію ўніяцкіх сьвятароў з Прачысьценскага сабору ў царкву Дабравешчаньня: «люд посполитый лаял их и соромотил и на здоровье их як того часу, так и потомных часов похвалки чинил, грозячи им забиянем и у воду утопенем». У Дабравешчанскай царкве 16 жніўня, у дзень Спаса («яблычнага»), праваслаўныя зноў «тумульт учинили», званілі ў званы, проста ў царкве зьбілі сьвятара айца Максіма Турчыновіча і Кунцэвічавага слугу Стэфана Базіліскага, а потым гналіся за самім арцыбіскупам. У дзень Пяцідзясятніцы вялікі натоўп праваслаўных спыніў арганізаваную Кунцэвічам урачыстую працэсію, што накіроўвалася за места да царквы Сьв. Духа, і прымусіў яе вярнуцца ў места. 20 лютага 1622 каля сотні жыхароў Віцебску абкружылі царкву Дабравешчаньня, перашкаджаючы адпраўленьню арцыбіскупам набажэнства, «крик, волане великое учинили», «словы неучтивыми лаяли, соромотили» ўніяцкае духавенства, а пасьля службы напалі на арцыдыякана і чэлядзь арцыбіскупа.[2]

Сьв. Язафат Кунцэвіч

Кульмінацыя канфлікту настала 12 лістапада 1623 (Віцебскае паўстаньне), калі разьюшаны натоўп віцебскіх праваслаўных рынуўся ў дом Я. Кунцэвіча. Архібіскуп выйшаў ім насустрач са словамі: «Дзеці мае, чаму вы напалі на мой дом?» Як сьведчаць судовыя дакумэнты, забойцы двума ўдарамі бердыша расьсеклі Ўладыку галаву, а потым «доўга нявечылі яго і пасьля сьмерці». Цела Язафата скінулі з Прачысьценскай гары, а затым, прывязаўшы да ног і шыі цяжкія камяні і насыпаўшы каменьня ў валасяніцу, утапілі ў Дзьвіне.[1] Апроч таго, забойцы разрабавалі біскупскі палац, уніяцкія цэрквы і манастыры ды іншую маёмасьць у месьце.[4]

Да моманту прыбыцьця ў Віцебск сьледчай камісіі, большая частка ўдзельнікаў расправы зьбегла зь места. Да суду прыцягнулі толькі 19 чалавек. Многія сьведкі паказвалі на тое, што праваслаўныя ладзілі замахі на жыцьцё Кунцэвіча і забілі яго толькі празь нянавісьць і «распалены запал» супраць каталіцкай веры, уніі грэцкай царквы з рымскім касьцёлам і падпарадкаваньня апостальскай сталіцы і Рымскаму Папу. Каралеўскія камісары, што праводзілі расьсьледаваньне забойства Кунцэвіча, прызналі праўдзівымі паказаньні сьведкаў пра тое, што Язафат Кунцэвіч быў забіты бязьвінна, і што забойцы ня мелі аніякіх падставаў для такога жорсткага злачынства.[2]

Цела арцыбіскупа пасьля ўрачыстага адпяваньня пахавалі ў Полацкім Сафійскім Саборы, але пазьней іх неаднаразова даводзілася таемна перавозіць па ўсёй Беларусі і за яе межамі, каб захаваць ад зьнішчэньня расейскімі войскамі.

Кананізацыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працэс захадаў да бэатыфікацыі сьв. Язафата пачаўся ў наступны год па яго сьмерці. Працэс працягнуўся пры ўдзеле створаных па вызначэньні Урбана VIІI (двойчы, у 1625 і 1635 гг.) камісіяў для дасьледаваньня жыцьця, дзейнасьці, сьмерці Язафата Кунцэвіча і цудаў, зьвязаных зь ягоным апякунствам.

Па завяршэньні расьсьледаваньня, у траўні 1643 году Полацкі арцыбіскуп Язафат Кунцэвіч быў залічаны Папам Урбанам VIII да сьпісу сьвятых у ВКЛ і Ўкраіне, а ў чэрвені 1867 году Папа Пій IX абвясьціў яго сьвятым для ўсёй Каталіцкай Царквы. Мошчы беларускага сьвятамучаніка Язафата Кунцэвіча захоўваюцца ў саборы сьв. Пятра ў Рыме, каля алтара сьв. Васілія Вялікага пры паўночна-ўсходнім слупе храма.[5]

Папа Рымскі Ян Павал II назваў сьвятамучаніка Язафата Кунцэвіча «Апосталам еднасьці».

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Язафат Кунцэвіч — аўтар палемічных і багаслоўскіх твораў «А фальшаваньню пісьм славенскіх…», «Правілы для ўніяцкіх прасьвітараў», «Катэхізму», 6 артыкулаў у кнізе Л. Крэўзы «Абарона еднасьці…» (1617) і іншых. У сваім укладаньні «Пра хрышчэньне сьв. Уладзіміра» Кунцэвіч даводзіў, што руская Царква першапачаткова была каталіцкай.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg  Язафат Кунцэвічсховішча мультымэдыйных матэрыялаў