Язэп Жыновіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Язэп Жыновіч
Дата нараджэньня 14 траўня 1907(1907-05-14)
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 13 студзеня 1974(1974-01-13) (66 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак дырыгент, кампазытар, музычны пэдагог, цымбаліст
Месца працы
Інструмэнты Цымбалы
Узнагароды
ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцяга СССР ордэн «Знак Пашаны» мэдаль «За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
народны артыст СССР народны артыст Беларускай ССР заслужаны артыст Беларускай ССР

Язэ́п Язэ́павіч Жыно́віч, сапраўднае прозьвішча — Жыдо́віч (14 траўня 1907, вёска Арэшкавічы, цяпер у Пухавіцкім раёне Менскае вобласьці, Беларусь — 13 студзеня 1974, Менск) — музыка-цымбаліст, дырыгент, кампазытар і пэдагог, народны артыст БССР (1955) і СССР (1968), прафэсар, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Язэп Жыдовіч нарадзіўся 14 траўня 1907 г. у вёсцы Арэшкавічы ў сям’і земляроба. Да 15-гадовага ўзросту ён жыў у Арэшкавічах.

У 1922 г. юнака прынялі салістам-цымбалістам у БДТ-1 (цяпер тэатар імя Я. Купалы ў Менску). Язэп працягнуў адукацыю ў менскай школе № 11 (цяпер № 42). У 1927 паступіў у Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Вучобу ў БДУ спалучаў з вучобай у Менскім музычным тэхнікуме.

У 1930 кіраўнік, у 1938—1941 гг. саліст, канцэртмайстар і пэдагог створанага Дзяржаўнага ансамблю народных інструмэнтаў БССР.

У 1931 скончыў юрыдычны факультэт БДУ. У 1935 г. быў выключаны з кансэрваторыі за тое, што ягоныя бацькі «кулакі». Бацькі незадоўга да гэтага былі пазбаўленыя выбарчых правоў, а пасьля высланыя з канфіскацыяй маёмасьці. Сам Язэп зьмяніў прозьвішча на Жыновіч. Тэарэтыка-кампазытарскае аддзяленьне Беларускай кансэрваторыі скончыў у 1941.

У 1939 г. адбыўся Першы Ўсесаюзны агляд выканаўцаў на народных інструмэнтах, ляўрэатам якога стаў Я. Я. Жыновіч (другая прэмія). У час вайны быў накіраваны ў Казахскую філярмонію, адкуль у складзе канцэртнай брыгады выяжджаў на фронт. Па вайне вярнуўся ў Менск.

З 1946 г. Жыновіч прызначаны мастацкім кіраўніком і дырыжорам Дзяржаўнага народнага аркестру БССР (з 1974 г. імя Жыновіча). У Беларускай кансэрваторыі Жыновіч заснаваў клясу цымбалаў і катэдру народных інструмэнтаў, загадваў ёю да 1963 году.

Творчасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напісаў музычныя творы: «Беларуская мэлёдыя» для ансамбля цымбалаў і 2 арфаў, «Сказ-быліна аб зямлі беларускай», канцэртныя апрацоўкі народных танцаў «Лявоніха» і «Мікіта».

Пераклаў для цымбалаў п’есы Ё. Штраўса, Ф. Шапэна, Г. Вяняўскага, Ф. Крэйсьлера, В.-А. Моцарта, сымфаньеты «Беларускія карцінкі» М. Чуркіна, фіналы першага канцэрту для фартэпіяна з сымфанічным аркестрам і сэрэнады для струннага аркестру П. Чайкоўскага, фартэпіянныя п’есы «У манастыры» з «Маленькай сюіты» А. Барадзіна і «Багатырскія вароты» з «Карцінак з выстаўкі» М. Мусаргскага, многія іншыя творы замежнай клясыкі і савецкай музыкі.

Ушанаваньне памяці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Менску на доме, дзе жыў Я. Жыновіч, усталяваная мэмарыяльная дошка. У ягоны гонар названая адна з вуліц у менскім мікрараёне Дамброўка.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Жинович Иосиф Иосифович // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохоров — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1969.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]