Яна Палякова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Я́на Паляко́ва (?, Украіна — 7 сакавіка 2009, Салігорск, Беларусь) — беларуская праваабаронца, юрыст. Падчас выбараў у НС РБ 2008 году працавала ў камандзе Вольгі Казулінай, дачкі Аляксандра Казуліна.

Скончыла жыцьцё самагубствам пасьля таго, як была прыгавораная да 2,5 гадоў «хіміі» за паклёп на міліцыянта. Сама Яна Палякова з прысудам не пагаджалася і сьцьвярджала, што гэта помста за яе праваабарончую дзейнасьць, удзел у выбарчай кампаніі Вольгі Казулінай, а міліцыянт зьбіваў яе падчас допыту.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзілася ва Ўкраіне, пасьля зь сям’ёй пераехала ў Салігорск.

Скончыла юрыдычны факультэт БДУ, працавала юрыстам на мясцовым прадпрыемстве «Надзея». Пасьля звальненьня пачала аказваць людзям юрыдычную дапамогу як праваабаронца, супрацоўнічала зь Беларускім Хэльсынскім камітэтам, а з 2000 году з арганізацыяй Алега Волчака «Прававая дапамога насельніцтву».

У 2008 годзе Падчас выбараў у Нацыянальны сход працавала ў камандзе Вольгі Казулінай, дачкі Аляксандра Казуліна.

Перасьлед і судовы працэс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля збору подпісаў за Вольгу Казуліну Янай зацікавіўся КДБ па Менскай вобласьці ў Салігорску. Службісты неаднойчы спрабавалі выклікаць яе на размову, аднак Палякова адмовілася выконваць іхнія патрабаваньні. Пасьля гэтага з патрабаваньнем зьявіцца ў КДБ ёй стаў тэлефанаваць участковы інспэктар Віктар Пугачоў.

31 жніўня 2008 году Яна Палякова была дастаўленая ў райаддзел міліцыі. Пасьля выхаду адтуль яна зьняла пабоі і накіравала ў пракуратуру скаргу на дзейнасьць участковага Віктара Пугачова, заявіўшы, што яе ў міліцыі зьбівалі:


« …Капітан Пугачоў В. А. прапанаваў мне падпісаць нейкія паперы. Калі я паспрабавала азнаёміцца з дадзенымі паперамі, па маёй правай руцэ, якая знаходзілася на стале, быў зьдзейснены моцны ўдар. Дадзены ўдар зрабіў капітан Пугачоў В.А. Ад рэзкага болю і ад сполаху я ўскочыла са стула, на якім сядзела.

Я не чакала такога ўчынку з боку дадзенага супрацоўніка міліцыі. У стане шоку паспрабавала выскачыць з кабінета, пры гэтым я павярнулася сьпінай да грамадзянаў, якія знаходзіліся ў кабінэце, і атрымала ўдар па абедзвюх нагах…

»

—Яна Палякова, з заявы ў раённую пракуратуру

З-за траўмы рукі, якая зьявілася пасьля перабываньня ў аддзеле міліцыі, Яна Палякова шмат часу правяла ў бальніцы. Пракуратура, нягледзячы на сьляды зьбіцьця, складу злачынства ў дзеяньнях участковага міліцыянта, а таксама падставаў для ўзбуджэньня крымінальнае справы не знайшла[1][2]. Не згадзіўшыся з рашэньнем раённай пракуратуры, праваабаронца безвынікова спрабавала абскардзіць яго ў абласной, а пасьля ў Генэральнай пракуратуры.

Яна Палякова заяўляла, што пасьля яе спробы асудзіць міліцыянта, які нанёс ёй траўмы 30 жніўня, яе неаднакроць затрымлівалі супрацоўнікі міліцыі, зьбівалі[3], а аднойчы ледзь не зламалі руку[4].

Неўзабаве па звароце ўчастковага міліцыянта Віктара Пугачова, які да таго часу ўжо выйшаў на пэнсію, суд завёў у дачыненьні да Паляковай крымінальную справу за «загадзя ілжывы данос». 3 сакавіка 2009 году суд Салігорскага раёну (судзьдзя Аляксандар Бураўцоў) прызнаў Палякову вінаватай па ч. 2 арт. 400 Крымінальнага кодэксу Беларусі (загадзя ілжывы данос) і пакараў жанчыну 2,5 гадамі абмежаваньня волі («хіміі»), а таксама пастанавіў спагнаць «маральную шкоду» ў памеры аднаго мільёна рублёў на карысьць участковага міліцыянта Пугачова В. А. Яна Палякова абвясьціла, што не зьбіраецца абскарджваць прысуд, а таксама «ня хоча быць зэчкай».

6 сакавіка ў «газэце» «Советская Белоруссия» выйшаў артыкул, які зьмяшчаў абразьлівыя выказваньні ў бок Яны Паляковай[5].

На наступны дзень Яна Палякова скончыла жыцьцё самагубствам. На момант сьмерці яна мела 33 гады.

Пасьля праверкі абставінаў яе сьмерці салігорская пракуратура адмовіла ва ўзбуджэньні крымінальнае справы па артыкуле «давядзеньне да самагубства»[6]. Праваабаронцы беспасьпяхова спрабавалі дабіцца пасьмяротнае рэабілітацыі Яны Паляковай у розных інстанцыях да старшыні Менскага абласнога суду. Пазоў да газэты «Советская Белоруссия» пра абарону гонару і годнасьці таксама быў адхілены[7].

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Рэжысэрка Вольга Мікалайчык зьняла фільм «Забойства напярэдадні вясны», прысьвечаны гібелі Яны Паляковай.

У 2009 годзе Яна Палякова пасьмяротна стала ляўрэаткай Нацыянальнай прэміі ў галіне абароны правоў чалавека «За асабістую мужнасьць», заснаваную «Хартыяй’97».

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ У Салігорску павесілася правабаронца Яна Палякова. «Эўрапейскае радыё для Беларусі» (7 сакавіка 2009). Праверана 23 студзеня 2011 г.
  2. ^ Віталь Гарбузаў (11 кастрычніка 2010) Яна ПАЛЯКОВА: «Мама, я не хачу, каб ты паўтарыла лёс Улляны Захаранка» Грамадзтва. «Народная воля». Праверана 23 студзеня 2011 г.
  3. ^ Как травили Яну Полякову? (рас.) Палітыка. «Хартыя-97» (7 сакавіка 2009). Праверана 23 студзеня 2011 г.
  4. ^ В Минске прошла акция в память о правозащитнице Яне Поляковой (рас.) Палітыка. Хартыя-97 (7 сакавіка 2009). Праверана 23 студзеня 2011 г.
  5. ^ 17 апреля состоится рассмотрение кассационной жалобы по делу Яны Поляковой (рас.) Политика. «Беларускі партызан» (7 красавіка 2009). Праверана 23 студзеня 2011 г.
  6. ^ Солигорская прокуратура отказала в возбуждении уголовного дела (рас.) Политика. «Беларускі партызан» (18 сакавіка 2009). Праверана 23 студзеня 2011 г.
  7. ^ Сяргей Пульша (7 сакавіка 2010) Гадавіны па праваабаронцы Яні Паляковай Грамадзтва. «Наша Ніва». Праверана 29 студзеня 2011 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]