Ян Налепка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Ян Налепка
Ján Nálepka
20 верасьня 191216 лістапада 1943
Мянушка Рэпкін
Месца нараджэньня Сьміжані, Славаччына
Месца сьмерці Оўруч, Жытомірская вобласьць, УССР
Прыналежнасьць Чэхаславаччына Чэхаславаччына
Славаччына Славаччына
Сьцяг СССР Партызанскі рух
Гады службы 1934—1943
Званьне капітан
брыгадны генэрал (пасьм.)
Камандаваў 1-ы чэхаславацкі партызанскі аддзел
Бітвы/войны Другая сусьветная вайна
Узнагароды
Мэдаль Залатая Зорка
Мэдаль Залатая Зорка
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Белага Ільва (ЧССР)
Ордэн Белага Ільва (ЧССР)

Ян На́лепка (па-славацку: Ján Nálepka; 20 верасьня 1912, Сьміжані, Сьпіска Нова Вэс — 16 лістапада 1943, Оўруч, Жытомірская вобласьць, Украінская ССР) — славацкі вайсковец, капітан (пасьмяротна брыгадны генэрал), удзельнік Другой сусьветнай вайны, арганізатар і кіраўнік партызанскага атраду на тэрыторыі Беларусі. Адзіны славак, які атрымаў званьне Героя Савецкага Саюзу.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Славак. Нарадзіўся ў вёсцы Сьміжані (раён Сьпіска Нова Вэс, Усходняя Славаччына) ў сялянскай сям’і. У 1931 скончыў настаўніцкую сэмінарыю. Працаваў настаўнікам у школах у Марыкавай, Белых Водах, Ступаве і Порубе пад Вігорлатам.

У 1934 прызваны ў чэхаславацкае войска, у 1936 скончыў афіцэрскую школу, атрымаўшы званьне падпаручніка, пазьней паручніка[1]; служба ў войску адбывалася зь перапынкамі. У сакавіку 1939 року мабілізаваны ў славацкае войска[2]; з пачаткам Другой сусьветнай вайны удзельнічаў у нападзе на Польшчу.

Улетку 1941 урад Славаччыны накіраваў 2-ю пяхотную дывізію, у якой служыў Я. Налепка, на савецка-нямецкі фронт[1]. У лютым 1942 прызначаны ад’ютантам камандзіра палку, а пазьней — начальнікам штабу 101-га славацкага палку, раскватэраванага ў Ельску. Паступова сабраў вакол сябе па-антынацыску настроеных аднадумцаў, з дапамогай якіх арганізаваў падпольную дзейнасьць і пераходы славацкіх жаўнераў на савецкі бок. Адначасна са жніўня 1942 наладзіў сувязь з савецкімі партызанамі[2] ў Менскай і Палескай абласьцёх. Перапраўляў мясцовым жыхарам і партызанам харчаваньне, лекі і зьвесткі пра дзейнасьць нямецкіх вайсковых адзінак ды іхніх памагатых.

Уночы з 14 на 15 траўня 1943 ён з групай афіцэраў і жаўнераў палку перайшоў на бок савецкіх партызанаў, злучыўшыся зь імі ў раёне вёскі Рамязы. 18 траўня ў партызанскім злучэньні Аляксандра Сабурава быў створаны партызанскі аддзел з былых славацкіх вайскоўцаў, камандзірам якога быў прызначаны Ян Налепка[3][4], які ўзяў сабе мянушку Рэпкін.

Улетку і ўвосень 1943 року 1-ы чэхаславацкі партызанскі аддзел пад ягоным даводзтвам неаднакроць вылучаўся ў бітвах зь нямецкімі войскамі.

Наконадні 26-й гадавіны Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі (1943) Налепка быў прыняты кандыдатам у сябры ВКП(б)[2].

7 лістапада 1943 Налепка браў удзел у зьнішчэньні нямецкага гарнізону ў Давыд-Гарадку.

16 лістапада чэхаславацкі партызанскі аддзел Яна Налепкі ва ўзаемадзеяньні з савецкімі партызанамі і войскамі 1-га Ўкраінскага фронту удзельнічаў у баёх за вызваленьне места Оўруч Жытомірскай вобласьці УССР[2]. Чэхаславацкі аддзел пад даводзтвам Я. Налепкі атакаваў Оўруч з поўдня, захапіў і ўтрымліваў (нягледзячы на контратакі суперніка) мост праз раку Норынь, а пасьля аказаў дапамогу савецкім партызанам у баёх у раёне аэрадрому і за чыгуначную станцыю. Ян Налепка загінуў падчас бою за будынак вакзалу, у момант штурму аднай з доўгатэрміновых агнявых кропак ворага[5].

Месца пахаваньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ян Налепка пахаваны ў братэрскай магіле вояў чэхаславацкага корпусу ў месьце Чарнаўцы. Тут быў узьведзены мэмарыял савецка-чэскіх жаўнераў, дзе пахаваныя 58 чалавек. У ягоны гонар названая таксама вуліца, што падыходзіць да мэмарыялу, і сярэдняя школа, разьмешчаная побач. У ёй у 1970 быў адчынены музэй імя Яна Налепкі.

Узнагароды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

7 траўня 2004 року быў выдадзены загад прэзыдэнта Славацкай Рэспублікі пра наданьне Яну Налепку званьня брыгаднага генэрала (пасьмяротна).

Памяць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік Яну Налепку ў Сьпіскай Новай Вэсі

У месьце Оўруч Яну Налепку збудаваны помнік, ягоным імем названыя вуліца і сярэдняя школа[2].

У 1948 вёска Вандрышаль у раёне Гелніца была перайменаваная ў Налепкава.

Імем Яна Налепкі названыя вуліцы ў Ельску і Лельчыцах, у шматлікіх населеных пунктах Славаччыны і вуліца ў чэскім Брне.

У Ельску захаваўся драўляны аднапавярховы дом (вул. Савецкая, дом № 40), у якім у 1942—1943 мешкаў Ян Налепка, на ім усталяваная мэмарыяльная дошка[3].

У культуры і мастацтве[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • «Заўтра будзе позна» (па-чэску: Zajtra bude neskoro) — савецка-чэхаславацкі фільм пра Яна Налепку, зьняты ў 1971 року.
  • карціна «Герой Савецкага Саюзу капітан Ян Налепка» (палатно, алей). Мастак Н. Я. Бут, 1979.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д Налепка, Ян // Большая Советская Энциклопедия. / под ред. А. М. Прохорова. 3-е изд. том 17. М., «Советская энциклопедия», 1974. стр. 225
  2. ^ а б в г д Налепка, Ян // Советская военная энциклопедия. / ред. Н. В. Огарков. том 5. М., Воениздат, 1978. стр. 481—482
  3. ^ а б Ян Налепка / сайт Белорусского государственного музея истории Великой Отечественной войны
  4. ^ Л. Н. Бычков. Партизанское движение в годы Великой Отечественной войны в 1941—1945 (краткий очерк). М., «Мысль», 1965. стр.317—318
  5. ^ История Великой Отечественной войны Советского Союза, 1941—1945 (в шести томах). / редколл., П. Н. Поспелов и др. том 3. М., Воениздат, 1961. стр. 342
  6. ^ Налепка, Ян // Советская историческая энциклопедия / редколл., гл. ред. Е. М. Жуков. том 9. М., Государственное научное издательство «Советская энциклопедия», 1966. стр. 882

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Д. Ю. Белинский, М. Б. Погребинский. Подвиг Яна Налепки. М., 1959.
  • Viliam Šalgovič. Ján Nálepka. Martin, «Osveta», 1962.
  • Mária Jakubovičová. Učitel Nálepka. Banska Bystrica, 1970.
  • Viliam Šalgovič. Kapitán Repkin odchádza. 4 vyd. Bratislava, Obzor, 1976. — 234 s.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]