Dizzy — The Ultimate Cartoon Adventure

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да: навігацыі, пошуку
Dizzy — The Ultimate Cartoon Adventure
Экранная застаўка гульні
Распрацоўнік Блізьняты Олівэр
Выдавец Codemasters
Кампазытар Джон Пол Элдрыдж
Плятформы Commodore 64, Amstrad CPC, ZX Spectrum
Дата выпуску чэрвень 1987
Жанр Прыгодніцкая аркада
Рэжым Адзінаасобная гульня
Носьбіт Аўдыёкасэта
Кіраваньне Клявіятура/Кэмпстан-джойстык

«Dizzy — The Ultimate Cartoon Adventure» (па-беларуску: «Дызі — найвышэйшыя казачныя прыгоды»), альбо проста «Dizzy» — першая з сэрыі гульняў пра чалавекападобнае яйка. Гульня распрацаваная брытанскімі братамі Філіпам і Эндру Олівэрамі і выдадзеная Codemasters ў чэрвені 1987 року[1].

Паходжаньне назвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пэрсанаж названы Dizzy (анг. запамарока) з-за ягоных характэрных куляньняў і запамарокаў падчас падскокваньня — распрацаваная блізьнятамі Олівэр графічная праграма Panda Sprites дазваляла проста паварочваць выяву замест таго, каб перамалёўваць кожны кадр. Аднак праграма скажала складаныя спрайты, таму неабходна было выбраць для пэрсанажа простую геамэтрычную форму. Таму Дызі быў створаны як твар з рукамі і нагамі. Атаясамлівацца ягоны выгляд зь яйкам стаў толькі гульцамі, ужо пасьля выхаду гульні.

Гульнявы працэс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Dizzy — The Ultimate Cartoon Adventure» — плятформавая прыгодніцкая аркада, у якой Дызі павінен адшукаць казачную краіну Катманду, каб сабраць там Парык лепрыкона, Аблокавую срэбную маланку, Пяро правадыра вампіраў і Пойла троляў. Прыгатаваўшы з гэтых інгрэдыентаў зельле, Дызі пераможа злога ведзьмака Закса.

Дзеля праходжаньня гульні неабходна карыстацца іншымі знойдзенымі прадметамі. Ускладняе задачу тое, што Дызі можа насіць з сабою толькі адзін прадмет за раз.

У адрозьненьне ад іншых гульняў сэрыі, якія больш засяроджаныя на задачах, зьвязаных з выкарыстаньнем прадметаў інвэнтару, першая частка мае вялікую колькасьць ворагаў, якія ствараюць сьмяротную пагрозу для Дызі. Ад пачатку гульні Дызі мае толькі тры жыцьці, што робіць праходжаньне вельмі цяжкім паводле сучасных стандартаў.

Сюжэт[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Зьбіраючы ягады, кветкі і падбіраючы падыходзячы кавалак дрэва для дубіны, Дызі знайшоў у зачараваным лесе загадкавую каменную пліту. Ачысьціўшы яе ад бруду, не без цяжкасьцяў здолеў ён разабраць затлумляльныя словы «The Avawiffovee Potion».

Дызі згадаў, што ягоны Яйкабацька распавядаў пра такое зельле: «Гэта адзіны спосаб вызваліць нашую зямлю ад нагі волатаў, і яшчэ зельле можа перамагчы злога ведзьмака Закса». Успомніўшы гэтыя словы, Дызі затрымцеў ад страху.

Закс прынёс у іхнюю вёску страх, ён прамаўляў заклёны, якія ператваралі людзей у старых, пазбаўлялі іх зроку, а штонядзелю ў абед падчас крыкету выклікалі дождж. Дызі намерыўся пакласьці ўсяму гэтаму канец. Ён стане героем ёлкфолку!

Ён дачытаў да канца: «Напоўні бутэльку зваранымі Парыком лепрыкона, Аблокавай срэбнай маланкай, Пяром правадыра вампіраў і Пойлам троляў, — згатуй зельле і кінь ім у Закса, каб скінуць ягоныя закляцьці». Прыкрыўшы камень, Дызі прыгатаваўся вызваліць краіну Катманду…

Успрыняцьце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2004 року вэрсія для ZX Spectrum заняла 5-е месца ў сьпісе найлепшых гульняў усіх часоў па выніках галасаваньня часопісу «Your Sinclair»[2].

Крыніцы і заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ World of Spectrum Праверана 24 красавіка 2012 г.
  2. ^ Top 50 Games of All Time // Your Sinclair. — Imagine Publishing, November 2004.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]