IQ48

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
IQ48

Саўндчэк у Гуляйполі, Украіна, 2008
Інфармацыя
Гады2000 — нашы дні
АдкульБеларусь
Мовабеларуская
Жанр(ы)рэп, рок, гард, фан, ска, рага, панк
ВыдавецWest Records
УдзельнікіАляксандар Ракавец
Яўген Бузоўскі
Антон Мацулевіч
Павал Яноўскі
Уладзіслаў Плюшчаў
Былыя ўдзельнікіПавал Зыгмантовіч
Іван Зуеў
Дзяніс Дзеравенка
Кастусь Калесьнікаў
Юры Жухараў
www.iq48.net

IQ48 — беларускі музычны гурт зь Менску.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гурт IQ48 утварыўся ў 2000 годзе. Першапачаткова калектыў складаўся з двух вакалістаў, якія чыталі рэп пад жывы акампанэмэнт гітары і драм-машынкі, а ў 2002 годзе гурт абзавёўся бубначом, басыстам і саксафаністам. Зьмянілася і музыка калектыву: IQ48 зайгралі мілягучную сумесь року, гіп-гопу, ска і фанку. Стылістычнымі рамкамі гурт сябе не абмяжоўвае і па гэты дзень, прапаведуючы поўную волю творчасьці. Прыблізна ў гэты жа пэрыяд нарадзіўся і знакаміты слоган калектыву «IQ48 — здаровыя лосі!». Адначасова з гэтым гурт прынцыпова і канчаткова перайшоў на беларускую мову выкананьня песень. У новым амплюа IQ48 сталі пераможцам рок-фэсту «Басовішча-2003» (Польшча), паклаўшы пачатак сваім штогадовым выступам на гэтым фэсьце. У 2008 годзе IQ48 выступалі на «Басовішчы» ўжо ў якасьці хэдлайнэраў.

У пэрыяд 20032004 гадоў гурт нечакана пакідаюць саксафаніст Іван Зуеў і другі вакаліст Фрэйд (псэўданім Паўла Зыгмантовіча), які акрамя вакальнай нагрузкі яшчэ і пісаў тэксты. Музыкі вырашылі не шукаць Фрэйду замену, і адзіным вакалістам застаўся Аляксандар Ракавец, месца ж саксафаніста заняў Дзяніс Дзеравенка (ex- Meduza).

У 2004 годзе гурт IQ48 перамог ў конкурсе на лепшы гімн чэмпіёна Беларусі па футболе — каманды «Шахцёр» (Салігорск). У гэтым жа годзе гімн быў запісаны і выкананы на ўшаноўваньні чэмпіёнскага клюбу.

У 2005 годзе кампаніяй West Records быў выдадзены дэбютны альбом IQ48 пад назвай «Вар'яты». Плытка была адзначаная крытыкамі як адна зь лепшых у беларускай альтэрнатыўнай музыцы таго часу, а такія песьні, як «Таполі», «Выйсьце» і «Карыда» разыйшліся па масе складанак-кампіляцый і гіт-парадаў. Ужо тады слухачамі быў адзначаны своеасаблівы гумар калектыва ў спалучэньні з уменьнем памеркаваць аб надзённым. Па выніках сэзону 2005—2006 гадоў кампазыцыя «Выйсьце» з альбома «Вар’яты» заняла 2-е месца ў конкурсе на званьне «песьня году» беларускага інтэрнэт-парталу «Тузін Гітоў».

Пэрыяд з 2005 па 2006 год гурт правёў, удзельнічаючы ў розных музычных фэстах як у Беларусі, так і за мяжой (Польшча, Украіна, Прыбалтыка). У 2006 годзе ў Польшчы быў зьняты кліп на песьню «Сьвятло ў цемры», які трапіў ў ратацыю на польскім тэлебачаньні. 15 верасьня 2006 году гурт IQ48 выступіў разам з гуртом Zet у клюбе «Юла». У 2007 годзе зьявіўся кліп на песьню «Карыда» (вытворчасьць польскай TV Working Studios).

IQ48 на фэстывалі Be Free-2008

Улетку таго ж году на фэстывалі Be2gether гурт IQ48 выступіў на адной сцэне з сусьветнымі зоркамі: Morcheeba, Bloodhound Gang і Therapy. Увесну 2008 году ў рамках беларуска-польскага фэсту Салідарныя зь Беларусьсю гурт выступіў перад 15 тысячамі гледачоў, атрымаўшы захопленыя водгукі ў польскай прэсе і на тэлебачаньні. Той жа весной быў зьняты яшчэ адзін відэакліп на песьню «Гэй, наперад!», пасьля чаго гурт ў Менску прыступіў да запісу свайго другога альбому. Праца ў студыі перамяжоўвалася ўдзелам у канцэрце лепшых рок-калектываў Беларусі на ўкраінскім фэсьце Be Free, а таксама ў горадзе Гуляйполе разам з гуртамі «Бумбокс» і Zdob Si Zdub, чым заслужыла любоў і ўкраінскіх слухачоў.

Выступ на Дне Незалежнасьці з Махном — 2008

Другі альбом IQ48 атрымаў назву «Героі!» паводле адной зь песень плыткі і быў выдадзены кампаніяй WEST-RECORDS. Рэліз адбыўся 17 лістапада 2008 году, а 12 сьнежня ў адным з найбуйнейшых менскіх клюбаў прайшла яго прэзэнтацыя. Канцэрт трансьляваўся інтэрнэт-радыёстанцыяй NETradio у сусьветнай сетцы, што дазволіла слухаць яго ў любой кропцы плянэты. Альбом IQ48 «Героі!» па выніках продажаў WEST-RECORDS увайшоў у пяцёрку лепшых.

Гурт актыўна працуе адначасова над дзьвюма канцэртнымі праграмамі.

У 2009 годзе з гурту сышоў саксафаніст Дзяніс Дзеравенка, замест саксафону ў гурце цяпер гучыць другая гітара, на якой грае Павал Яноўскі[1]. Таксама ў сувязі зь пераездам у Польшчу ўвесну з гурту сышоў Кастусь Калесьнікаў. У сеціве зьявілася аб’ява, што ў гурт патрабуецца бас-гітарыст, на якую адгукнуўся Юры Жухараў. Літаральна за тры дні ён падняў рэпертуар IQ48, прайшоў праслухоўваньне і зь верасьня 2009 году пачаў граць у гурце. Зь ім гурт выступіў 20 лістапада 2009 на 10-годзьдзі гурту :B:N:[2]. 9 чэрвеня 2009 году гурт выступіў у супольным канцэрце разам з Band A, Vinsent, Rahis у клюбе «Графіці».

У 2009 годзе на студыі Паўла Яноўскага «Таксафон» гурт запісаў акустычную праграму, запрасіўшы Ўладзіслава Плюшчава (Крамбамбуля) падыграць на бас-гітары. У лістападзе 2009 году IQ48 прапанавалі ў сеціве акустычны альбом «Зрабі сам. Акустыка»[3] ў аўдыё ды відэа-вэрсіях. Кліп на песьню «Карыда» атрымаў 2-ю прэмію ў «Кліп-марафоне 2009»[4].

У красавіку 2010 году гурт разам з «NETradio» выпускае новы самотнік «Просты хлопец», у які ўвайшлі дзьве новыя песьні «Просты хлопец» і «Я памёр», у запісу якіх прымаў удзел Юры Жухараў[5]. У траўні 2010 году яго выключылі са складу гурту. На ягонае месца прыйшоў былы ўдзельнік «Крамбамбулі» Уладзіслаў Плюшчаў. 27 чэрвеня 2010 году на канале «СТВ» было паказанае тэлевізійнае шоў «Зорны рынг», у якім прымаў удзел гурт IQ48. Запіс шоў адбываўся яшчэ ўвесну. IQ48 змагаліся за глядацкія сымпатыі з Аляксандрай Гайдук[6].

У лістападзе 2011 году выйшаў новы альбом гурту IQ48 — HMR[7]. Таксама чакаўся відэаальбом «HMR Live» у 2012 годзе.

19 красавіка 2012 году павінен быў адбыцца сумесны канцэрт гуртоў IQ48 ды :B:N:, але ў апошні момант выступ IQ48 быў адменены[8].

У 2013 IQ48 прыняў удзел у трыбьюце Neuro Dubel[9].

Дыскаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Альбомы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сынглы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Удзел у складанках[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Удзельнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Былыя ўдзельнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]