ISDN

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

ISDN (па-ангельску: Integrated Services Digital Network) — лічбавая сетка з інтэграцыяй службаў, якая дазваляе сумясьціць паслугі тэлефоннай сувязі і абмену зьвесткамі.

Гісторыя назвы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Назва была прапанаваная групай XI CCITT у 1971 годзе.

Прызначэньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўнае прызначэньне ISDN — перадача зьвестак з хуткасьцю да 64 кбітаў/с па 4-кілягерцавай правадной лініі і забесьпячэньня інтэграваных тэлекамунікацыйных паслуг (тэлефон, факс і іншыя). Выкарыстаньне для гэтай мэты тэлефонных правадоў мае дзьве перавагі: яны ўжо існуюць і могуць выкарыстоўвацца для падачы сілкаваньня на тэрмінальнае абсталяваньне.

Выбар стандарту ў 64 кбіты/с вызначаецца згодна наступных меркаваньняў. Пры паласе частотаў 4 кГц, згодна з тэарэмай Найквіста-Кацельнікава, частата дыскрэтызацыі мусіць быць не ніжэй за 8 кГц. Мінімальны лік двайковых разрадаў для паданьня вынікаў дыскрэтызацыі галасавога сыгналу пры ўмове лягарытмічнага пераўтварэньня роўны 8. Такім чынам, у выніку перамнажэньня гэтых лікаў і атрымліваецца значэньне паласы B-каналу ISDN. Базавая канфігурацыя каналаў мае выгляд 2 × B + D = 2 × 64 + 16 = 144 Кбітаў/с. Апроч B-каналаў і дапаможнага D-каналу ISDN можа прапанаваць і іншыя каналы з большай прапускной здольнасьцю: канал Н10 з паласой 384 Кбітаў/с, Н11 — 1536 і Н12 — 1920 Кбітаў/c (рэальныя хуткасьці лічбавага патоку). Для першасных каналаў (1544 і 2048 Кбітаў/с) паласа D-каналу можа рабіцца 64 Кбітаў/с.

Стандарт сетак ISDN прадугледжвае 2 інтэрфэйсы:

  • інтэрфэйс базавага ўзроўню (па-ангельску: Basic Rate Interface, BRI) — стандартны інтэрфэйс сеткі ISDN, які прадастаўляе для сувязі абсталяваньня абанэнта і ISDN-станцыі два B-каналы і адзін D-канал. Інтэрфэйс базавага ўзроўню апісваецца формулай 2B + D. У стандартным рэжыме работы BRI могуць баць адначасова выкарыстаныя абодва B-каналы (напрыклад, адзін для перадачы зьвестак, іншы — для перадачы голасу) альбо адзін зь іх. Пры адначасовай працы каналаў яны могуць забясьпечваць злучэньні з рознымі абанэнтамі. D-канал пры гэтым выкарыстоўваецца толькі для перадачы кіруючых зьвестак. У рэжыме AO/DI (па-ангельску: Always On/Dynamic ISDN) паласа 9600 бітаў/c D-каналу выкарыстоўваецца ў якасьці пастаянна ўключанага вылучанага каналу X.25, які, як правіла, падключаецца да Інтэрнэту. Пры неабходнасьці, паласа доступу ў Інтэрнэт пашыраецца шляхам уключэньня аднаго альбо двух B-каналаў. Гэты рэжым хоць і зьяўляецца стандартызаваным (пад найменьнем X.31), але не знайшоў шырокага ўжываньня.
  • інтэрфэйс першаснага ўзроўню (па-ангельску: Primary Rate Interface, PRI) — выкарыстоўваецца для падлучэньня да шыракапалосных магістраляў, якія зьвязваюць мясцовыя і цэнтральныя АТС альбо сеткавыя камутатары. Інтэфэйс першаснага ўзроўню аб’ядноўвае 23 В-каналы і адзін D-канал для стандарту Т1 23B+D (распаўсюджаны ў Паўночнай Амэрыцы і Японіі); альбо 30 В-каналаў і адзін D-канал для стандарту E1 30B+D (распаўсюджаны ў Эўропе). Элемэнтарныя каналы PRI могуць выкарыстоўвацца як для перадачы зьвестак, так і для перадачы аблічбаванага тэлефоннага сыгналу.

ISDN у Беларусі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Магчымасьць ажыцьцяўляць паслугі ISDN зьявілася ў Беларусі напрыканцы 1994 году пасьля пачатку эксплюатацыі накладзенай лічбавай сеткі. Рашэньне пра стварэньне накладзеных лічбавых сетак было прынятае ў сувязі з попытам на ISDN сярод новаствораных у Беларусі сумесных прадпрыемстваў і прадстаўніцтваў замежных кампаніяў і амбасадаў, для якіх паслугі ISDN у іхных дзяржавах былі звыклымі.

Накладзеная лічбавая сетка ў Беларусі пабудаваная на модульным прынцыпе і прадугледжвае падлучэньне аддаленых абанэнтаў як на тэрыторыі Менску, так і ў абласных і раённых цэнтрах.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

ISDNсховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  • ISDN (анг.) Britannica.com