Irdorath

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Irdorath
Інфармацыя
Гадыз 2011
АдкульМенск, Беларусь
Жанр(ы)народная музыка, фэнтэзі фолк, сярэднявечная музыка
УдзельнікіУладзімер Ірдарат
Надзея Ірдарат
https://band.link/Irdorath

„Irdorath“ (па-беларуску: Ірдара́т) — фэнтэзійна-фолкавы гурт зь Беларусі, які выконвае аўтарскую, народную і сярэднявечную музыку. Стыль гурту мае высакароднае змрочнае адценьне, а музыка — магутнае і незвычайнае гучаньне за кошт спалучэньня акустычных музычных інструмэнтаў (такіх як дуды, колавая ліра, дзіджырыбон, віяланчэль і бузукі) і падвойнага драм-сэту. Irdorath робіць упор на шоў, выкарыстоўваючы фэнтэзі-касьцюмы, маштабныя дэкарацыі, атмасферныя перформансы, элементы харэаграфіі, неонавае і вогненае шоў. Адметнай зьяўляецца кліпаграфія, у якой раскрываецца аўдыёвізуальная мова гурту. У творчасьці прасочваецца тэма славянскай міталягічнай культуры.

Гісторыя гурту[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2009 годзе ў Гародні Надзея (студэнтка юрфака) і Уладзімер (студэнт каледжа мастацтваў) пачалі спрабаваць сябе ў сярэднявечнай музыцы, асвойваць інструмэнты, вывучаць музычны матэрыял. Першапачаткова гэта быў вулічны дуэт, дзе Ўладзімер граў на нямецкай дудзе, а Надзея — на давуле (ударны інструмэнт). Да іх часьцяком далучаліся фаер-артысты і танцоры. Былі першыя спробы выяжджаць на беларускія фэстывалі.

Летам 2010 году падчас Фэстывалю нацыянальных культур у Гародні да калектыву далучыўся Віталь Буйвід (струньнік), а ў кастрычніку гурт дапоўніў бубнач Павал Шмыга. Далей адбыўся шэраг паездак на фолк-фэсты Беларусі, Польшчы і Расеі. Аднак такі склад праіснаваў толькі да моманту ўзьнікненьня ідэі перавесьці гурт з рангу хобі на новы ўзровень і ператварыць Irdorath у сур’ёзны музычны праект.

У 2011 годзе Ўладзімер і Надзея пераехалі ў Менск з мэтай запісу дэбютнага альбому і разьвіцьця праекту. Гэтая падзея лічыцца днём нараджэньня гурту „Irdorath“. Да дуэта далучыўся бубнач Антон Шніп, разам зь якім яны жылі і працавалі над першым альбомам у нефункцыянуючым пансіянаце пад Менскам, у якім адбывалася будаўніцтва гісторыка-культурнага цэнтра «Рыцарскі замак». Разам яны пабудавалі з падручных матэрыялаў часовую студыю, у якой з дапамогай сяброў запісалі першы альбом. Паралельна музыкі займаліся арганізацыяй канцэртнай часткі фэсту «Белы Замак»[1], правядзеньнем культурных мерапрыемстваў і тэматычных вечарынак, правялі конкурс агнявога майстэрства Fire Fight, стварылі музычны спэктакль «Легенда пра Паладзіна». Разам з бубначом Валерам Прыёмкам праект аднавіў і ўзмацніў канцэртную дзейнасьць.

1 верасьня 2012 году ў менскім клюбе Re:Public прайшла прэзентацыя дэбютнага альбому Irdorath пад назвай Ad Astra (частка крылатага лацінскага выслоўя per aspera ad astra — «празь церні да зорак»)[2]. Да гэтага часу гурт пасьпеў абзавесьціся ўласнай эмблемай, на якой намаляваны цмок, які кусае сябе за хвост, і слоганам: «На крылах дракона наперад да зорак!».

Посьпех дэбютнага альбому падштурхнуў гурт да актыўнага пашырэньня геаграфіі выступаў. У наступныя два гады калектыў адыграў мноства канцэртаў як на тэрыторыі СНД, так і на канцэртных пляцоўках Польшчы, Летувы, Нямеччыны і Францыі.

25 красавіка 2014 году лідары Irdorath Уладзімер і Надзея адзначылі вясельле падчас сольнага канцэрту ў Менску на вачах у прыхільнікаў і сяброў гурту[3].

У верасьні 2014 году гурт з посьпехам выступіў на сваім першым вялікім нямецкім фэсьце — Festival Medieval (Selb, Нямеччына) [4], што паслужыла штуршком да разьвіцьця ў эўрапейскім кірунку. За 2 гады склад гурту пашырыўся, што дазволіла выкарыстоўваць большую колькасьць арыгінальных інструмэнтаў: дудэльзакі (разнавіднасьць сярэднявечнай дуды), хардзі-гардзі (эўрапейская колавая ліра), віялянчэль, скрыпка, бузукі (разнавіднасьць лютні), дзіджырыбон (духавы інструмэнт абарыгенаў Аўстраліі), варганы.

25 студзеня 2015 году Irdorath выпусьцілі свой першы афіцыйны кліп As Bas па матывах беларускай дзіцячай лічылачкі[5]. Відэакліп набраў вялікую папулярнасьць і стаў пачаткам разьвіцьця гурту ў напрамку кінамастацтва[6].

1 траўня 2015 году гурт выпусьціў другі альбом — Dreamcatcher[7], запіс якога адбываўся ўжо ў адной з найлепшых прафэсійных студый Менску — Everest. Гурт адсьвяткаваў гэтую падзею маштабным сольным канцэртам з спэцыяльнай пашыранай праграмай: на сцэне адначасова знаходзілася да дванаццаці артыстаў. Адна з кампазыцый альбому — «Быў. Ёсьць. Буду» на вершы беларускага пісьменьніка Ўладзімера Караткевіча — перамагла ў намінацыі «Песьня году» па вэрсіі музычнага парталу Тузін Гітоў[8].

У 2016 годзе Dreamcatcher быў перавыдадзены на нямецкім лэйбле Miroque music[9] і прэзэнтаваны на найбуйнейшым гатычным фэсьце Эўропы Wave-Gotik-Treffen(ru)[10]. Таксама гурт выпусьціў сваю другую відэапрацу Adde Duas: алюзію на дэкаданс канца XIX стагодзьдзя на аснове вершаў са зборніку Carmina Burana(en). У працы з стылістыкай ўпадніцкага гатычнага цырку Irdorath шчэ раз прадэманстраваў свабоду ад стылістычных межаў.

1 верасьня 2017 году ў менскім клубе Re:Public адбылася прэзэнтацыя трэцяга студыйнага альбому гурту Irdorath — Wild. Афіцыйна альбом быў выпушчаны 13 кастрычніка 2017 году на нямецкім лэйбле Foxy Records[11]. У альбом увайшлі дзесяць аўтарскіх кампазыцый і бонус-трэк. Сярод іх — дзьве інструмэнтальныя, пяць песень на беларускай мове (у тым ліку народная «Купала на Івана», на якую быў зьняты відэакліп[12]), тры на ангельскай і адна на лаціне.

Таксама ў 2017 годзе Irdorath стаў першым музычным калектывам зь Беларусі, які выступіў на Wacken Open Air(ru) (найбуйнейшы метал-фэст Эўропы)[13]. Да гэтага часу гурт шчыльна замацаваўся ў статусе гэдлайнераў на гістарычных, фолк і этна фестывалях у СНД і гастролі па Эўропе сталі набіраць абарот.

У 2018 годзе гурт прадставіў кліп на кампазіцыю Varazheya[14], у якім зноў зьвярнуўся да беларускага фальклёру. Гісторыю лясной ведзьмы гурт здолеў напоўніць сімвалізмам, міталягічным падтэкстам і прыгожымі візуальнымі рашэньнямі.

У канцы 2018 году легендарны нямецкі medieval-гурт „Corvus Corax(ru)“ запрасіў „Irdorath“ падзяліць зь імі сцэну на традыцыйным калядным канцэрце ў храме Passionskirche(de) (Бэрлін)[15]. Было адыграна 2 шоў запар.

За 2019 год Irdorath выступіў у дванаццаці краінах Эўропы (ад СНД да Нідэрляндаў, Бэльгіі і Славеніі), пераадолеўшы каля 40 000 км. Таксама адбыўся першы сольны канцэрт Irdorath у Нямеччыне (Мюнхэн, Spectaculum Mundi)[16].

2020 год пачаўся з выхаду сынглу і кліпу Serca Rascolata[17]. Гэта самая сур’ёзная кінапраца Irdorath, напоўненая глыбінёй і драматызмам. У здымках прынялі ўдзел родныя браты і сястра Ўладзімера Ірдарат. Відэакліп стаў дэбютнай рэжысэрскай працай Надзеі.

Сур’ёзнасьць тэматыкі адзінства сям’і, унутранай барацьбы і ачышчэньня ад глыбінных перажываньняў не перашкодзіла Irdorath захаваць свой фірмовы атмасфэрны візуальны стыль.

Irdorath прайшоў шлях ад вулічнага шоў у правінцыйных гарадах Беларусі да сур’ёзнага праекту, які выступае на сцэнах маштабных эўрапейскіх фэстаў са сваім фірмовым стылем. Гурт пастаянна разьвіваецца, у музыцы выяўляецца ўсё больш беларускага фальклёрнага падтэксту, кліпы становяцца глыбейшымі, а шоў — маштабнейшымі (напрыклад, у якасьці дэкарацый выкарыстоўваюцца трохмэтровыя крылы дракона на сцэне). Вядзецца праца над новым праектам, прысьвечаным славянскай міталёгіі.

Крымінальны перасьлед (2020–2021)[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У жніўні 2020 году падчас прэтэстаў удзельнікі выканалі песьню «Хочу перемен!» гурта «Кіно» з дудой на маршы[18]. З-за гэтага на сьвяткаваньні дня нараджэньня сьпявачкі Надзеі Калач 2 жніўня 2021 году спэцыяльны атрад арыштаваў 16 чалавекаў: музыкаў «Irdorath» і іх сяброў[18]. Частку людзей асудзілі па адміністрацыйных справах аб непадпарадкаваньні міліцыі, а Антон Шніпа, Надзея й Уладзімер Калач (Ірдарат), Пётар і Юлія Марчанкі, Зьміцер Шыманскі сталі фігурантамі крымінальнае справы паводле арт. 342 КК (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Сумеснымі заявамі праваабарончых арганізацыяў, сярод якіх «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хэльсынскі камітэт, Беларускі ПЕН-цэнтар, усе яны былі прызнаны палітычнымі вязьнямі[19][20].

Геаграфія гастрольнай дзейнасьці[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Некаторыя з фэстаў, на якіх выступалі Irdorath:

Дыскаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Студыйныя альбомы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Ad Astra (2012)
  • Dreamcatcher (2015)
  • Wild (2017)

Відэакліпы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • As Bas (2015)
  • Adde Duas (2016)
  • Kupala na Ivana (2017)
  • Varazheya (2018)
  • Serca Raskolata (2020)

Склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цяперашні склад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Уладзімер Ірдарат — вакал, дуды, дзіджырыду, раўшпфайфы, варган.
  • Надзея Ірдарат — вакал, дуды, колавая ліра, раўшпфайфы, клавішы.
  • Аляксей Палаўчэня — ударныя, пэркусія.
  • Аляксандра Аляксюк — віяланчэль.
  • Веніямін Шчарбакоў — ударныя, пэркусія.
  • Аляксандар Міхалёў — гітара.

Былыя ўдзельнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Віталь Буйвід — струнныя;
  • Павел Шмыга — ударныя;
  • Антон Шніп — струнныя, ударныя;
  • Валеры Прыёмка — ударныя;
  • Пятро Марчанка — струнныя;
  • Юлія Віцень — скрыпка;
  • Анастасія Філіпенка — віялянчэль.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ «Белый замок». День второй: концерт и файер-шоу / Belorussian News Photos
  2. ^ Зорны дэбют Irdorath — «Ad Astra» (+фота/+відэа/+слухаць) / Experty.by
  3. ^ Irdorath (BY) — Wedding on stage / Irdorath (BY) — Wedding on stage
  4. ^ Участники Festival-Mediaval VII / last.fm
  5. ^ Группа Irdorath превратила в хоррор детскую считалочку. Премьера клипа TUT / Tut.by
  6. ^ Алена Яковенко. (2018-04-27) Артисты за рубежом: советы бывалых (рас.). Белорусы и рынокПраверана 2020-04-09 г. Архіўная копія ад 2020-04-10 г.
  7. ^ Irdorath «Dreamcatcher»(+аудио) / Experty.by
  8. ^ Irdorath: «Беларусы былі, ёсьць і будуць!» / Тузін Гітоў
  9. ^ Irdorath «Dreamcatcher» Reissue / Discogs
  10. ^ Wave-Gotik-Treffen 2016 Live Report Series: Days II & III / Heathen Harvest Report
  11. ^ Irdorath «Wild» Review / Sonic Seducer Magazine
  12. ^ Презентация: Сингл «Kupala na Ivana» и видео на него от группы Irdorath / Euroradio
  13. ^ Fantasie-Folk: Live-Bilder von Irdorath beim Wacken Open Air 2017 / Regioactive
  14. ^ Музыканты Irdorath сняли мистическое видео «из дикого леса другой Беларуси». Получилось очень красиво / Onliner
  15. ^ Irdorath mit Corvus Corax in der Passionskirche / Laetitium
  16. ^ Irdorath Show / Spectaculum Mundi
  17. ^ Serca Raskolata. Премьера клипа фэнтези-фолк-группы Irdorath / Onliner
  18. ^ а б Jens Uthoff (2021-08-15) Repression gegen belarussische Band: Maschinengewehre gegen Dudelsäcke (ням.). Die Tageszeitung(pl)Праверана 2021-08-15 г.
  19. ^ Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні сямі новых палітвязняў (бел.). Вясна (2021-08-18).
  20. ^ Заява праваабарончых арганізацый Беларусі аб прызнанні 10 новых палітвязняў (бел.). Вясна (2021-08-10).

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]