Krakout

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Krakout
Загрузачны экран вэрсіі для ZX Spectrum
Загрузачны экран вэрсіі для ZX Spectrum
Загрузачны экран вэрсіі для ZX Spectrum
Дата выпуску 1987
Жанр ламаніна
Стваральнікі
Распрацоўнік Gremlin Graphics
Выдавец Gremlin Graphics
Праграмісты Эндзі Грын, Боб Тун, Грэг Голмс
Мастакі Тэры Лойд, Стыў Керы
Кампазытар Бэн Дагліш
Тэхнічныя дэталі
Плятформы Amstrad CPC, BBC Micro, Commodore 64, MSX, ZX Spectrum
Рэжым адзінаасобная гульня
Носьбіты касэта, дыскета
Кіраваньне клявіятура, джойстык

«Krakout» (па-беларуску: Крэка́ўт) — кампутарная гульня, створаная і выдадзеная ў 1987 року брытанскай кампаніяй «Gremlin Graphics» для хатніх кампутараў ZX Spectrum, Amstrad CPC, BBC Micro, Commodore 64 і MSX.

Гульнявы працэс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гульня «Krakout» ёсьць чарговай клянаванай вэрсіяй відэагульні «Breakout» 1976 року. Аноўная адметнасьць «Krakout» у тым, што ракетка разьмешчаная ня зьнізу, а зьлева або справа (на выбар гульца). Адпаведна на кульку ня ўзьдзейнічаюць сілы гравітацыі, яна рухаецца проста па інэрцыі. У мэню опцыяў можна абраць і ўсталяваць хуткасьць руху кулькі.

Гульцу прапанавана пераадолець сто розных узроўняў гульні, разьбіваючы кулькай рознакаляровыя цаглінкі. На ўзроўнях будуць трапляцца ўсемагчымыя «прыхадні», якія будуць усялякім чынам замінаць праходжаньню. Некаторыя цаглінкі разьбіваюцца ня зь першага разу, некаторыя немагчыма разьбіць увогуле. Існуе цэлы шэраг карысных бонусаў. Каб скарыстацца імі, неабходна трапіць кулькай у цаглінку зь літарай.

Успрыняцьце[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гульня атрымала зьмяшаныя ацэнкі: папулярны часопіс «CRASH» раскрытыкаваў «Krakout» за адсутнасьць суправаджальнай музыкі і даволі высокую складанасьць, паставіўшы адзнаку 46%. Іншы часопіс, «Computer Gamer», выставіў гульні 85 балаў са 100.

Працягі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2003 року беларуская кампанія «WE Group» выпусьціла рымэйк гульні «Krakout» для IBM-сумяшчальных пэрсанальных кампутараў.

У 2012 року выйшаў рымэйк гульні «Krakout» для мабільных прыстрояў пад кіраваньнем Android — Krakoid. У гульні выкарыстаны фізычны рухавічок «Box2D».

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]