TrueType

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Параўнаньне якасьці контурных і растравых шрыфтаў: зьлева — літара, атрыманая з контурнага шрыфту, справа — з растравага

TrueTypeстандарт контурных шрыфтаў, першапачаткова распрацаваны кампаніяй «Эпл Кампутар» напрыканцы 1980-х як альтэрнатыва шрыфтам Type 1 ад Adobe, якія ўжываліся ў сыстэме друку PostScript.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Эпл»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першапачаткова ў апэрацыйнай сыстэме кампутараў Apple Macintosh шрыфты захоўваліся ў выглядзе растраў, якія рыхтаваліся спэцыяльна для кожнага памеру шрыфту. Пры неабходнасьці ўжыць шрыфт іншага памеру апэрацыйная сыстэма выбірала бліжэйшы шрыфт і маштабавала яго да патрэбнага памеру. У выніку такое апэрацыі выявы літараў атрымліваліся няякаснымі, асабліва пры значным павелічэньні.

Шрыфты ж, якія выкарыстоўваліся ў папулярным прынтары Apple LaserWriter, заўсёды выглядалі выдатна пры любым павелічэнні, бо грунтаваліся на тэхналёгіі Adobe PostScript Type 1. Асноўная праблема была ў тым, што шрыфты Type 1 былі зашыфраваныя, што рабіла немагчымым рэдагаваньне існых альбо стварэньне новых шрыфтоў без ліцэнзіі Adobe. А атрымаць ліцэнзію Adobe было амаль немагчыма.

Замест набыцьця ліцэнзіі Adobe ў «Эпл» вырашылі стварыць свой шрыфтавы фармат, першапачаткова названы Bass, але потым больш выдомы пад назваю Royal. За год да выпуску сыстэма была перайменаваная – яна набыла назву TrueType. У траўні 1991 году выйшла новая Mac OS System 7, якая ўключала падтрымку TrueType і шэраг шрыфтоў, такіх як Times Roman, Helvetica, Courier. Шрыфты TrueType замянілі сабою растравыя шрыфты, якія выкарыстоўваліся ў папярэдніх вэрсіях Mac OS. Дзеля сумяшчальнасьці «Эпл» таксама выпусьціла пашырэньне для падтрымкі TrueType у System Software 6.

Асноўным недахопам тэхналёгіі TrueType зьяўлялася немагчымасьць ужыцьця шрыфтаў Type 1, бо сыстэмы TrueType і PostScript былі несумяшчальнымі паміж сабою. Да таго ж вельмі няшмат шрыфтаў былі зробленыя ў фармаце TrueType, таму большасьць карыстальнікаў настольных выдавецкіх сыстэм, для якіх, у асноўным, тэхналёгія TrueType і прызначалася, працягвалі карыстацца набытымі раней камэрцыйнымі шрыфтамі Type 1.

Часткаю пляну «Эпла» па аддаленьню ад Adobe стаўся продаж ліцензіі на TrueType карпарацыі «Майкрасофт» у абмен на ліцэнзію на адмысловы PostScript-сумяшчальны драйвэр прынтару, TrueImage, які «Эпл» плянаваў выкарыстоўваць у сваіх лазэрных прынтарах. Як высьветлілася пазьней, гэты драйвэр ніколі ня быў выкарыстаны «Эплам».

Адказам Adobe на пачатак распрацоўкі TrueType быў Adobe Type Manager – праграма, якая дазваляла карыстацца шрыфтамі Type 1 так, як шрыфтамі TrueType (пазьней выйшла вэрсія ATM для Windows 3.0). нягледзячы на тое, што ATM каштаваў грошай ($99 у красавіку 1990 году — у адрозьненьне ад TrueType, падтрымка якога была ўбудаваная у System 7), ён набыў папулярнасьць і стаў стандартам de facto ў настольным выдавецтве.

У верасьні 1989 году ў адказ на сумесную заяву «Эпла» і «Майкрасофта» аб новым шрыфтавым стандарце (тады ён яшчэ называўся Royal) Adobe апублікавала фармат шрыфтаў Type 1. Аднак, не публікаваліся зыходныя тэксты растарызатара й іншых неабходных праграмаў. Паводле аднаго з заснавальнікаў Adobe Джона Ўорнака, апублікаваць спэцыфікацыі PostScript Type 1 — гэта тое самае, што перадаць аўтазаводам сьпіс дэталяў Ferrari, прапануючы ім самім здагадацца, як сабраць зь іх аўтамабіль.

Пасьля такога ціску на TrueType «Эпл» аднавіў пагадненьні з Adobe аб выкарысканьні тэхналёгіі PostScript у сваіх прынтарах; стратэгічны манэўр Apple, аднак, прывёў да зьніжэньня адлічэньняў Adobe.

У 1994 годзе «Эпл» выпусьціў TrueType GX — складнік QuickDraw GX, які ўяўляў сабою пашырэньне стандарту TrueType. Аднак, нягледзячы на шэраг новых магчымасьцяў, тэхналёгія TrueType GX (а разам зь ёю й AAT — Advanced Apple Typography, падсыстэма Mac OS X) не набыла папулярнасьці. Чыньнікам гэтага сталася адсутнасьць сродкаў распрацоўкі новых шрыфтаў ды падтрымкі з боку іншых апэрацыйных сыстэмаў. У выніку тэхналёгія OpenType, якая не падтрымлівае пашырэньні «Эпл», стала стандартам.

«Майкрасофт»[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

«Майкрасофт» упершыню дадаў падтрымку TrueType у Windows 3.1 у 1991 годзе. У партнэрстве з карпарацыяй Monotype «Майкрасофт» распрацаваў базавы набор якасных шрыфтоў TrueType, якія былі аналягічнымі шрыфтам PostScript тагачаснага друкарскага абсталяваньня. Гэтыя шрыфты ідуць і з сучаснымі апэрацыйнымі сыстэмамі «Майкрасофт»: Times New Roman (аналяг Times Roman), Arial (аналяг Helvetica) і Courier New (аналяг Courier). Пад «аналягічнасьцю» разумеецца падобнасьць контураў сымбаляў шрыфтаў і, самае галоўнае, кожны сымбаль з гэтага набора мае такую самую шырыню, што й яго адпаведнік з PostScript. А гэта значыць, што гэтыя шрыфты могуць замяшчаць шрыфты PostScript у дакумэнтах без перафарматаваньня тэксту.

Шрыфты Monotype/Microsoft карыстаюцца тэхналёгіяй гінтынгу (па-ангельску: hint — «парада»), якая дазваляе карэктаваць контуры сымбаляў пры розных памерах шрыфтаў для паляпшэньня іх выгляду на розных дысплэях і прынтарах.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]