Аркадзь Куляшоў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Аркадзь Куляшоў
Арка́дзь Алякса́ндравіч Куляшо́ў
А. Куляшоў на паштовай марцы Беларусі
А. Куляшоў на паштовай марцы Беларусі
Асабістыя зьвесткі
Псэўданімы Амсьціслаўцы (зь Ю. Таўбіным), Арк. Дуда, Аркадзь Дуда, Аркадзь Жытнёвы, Апанас, Казарлюга, Язэп Качкін (з З. Астапенкам ды Ю. Таўбіным), Мсьціслаўцы (з З. Астапенкам ды Ю. Таўбіным)[1]
Нарадзіўся 24 студзеня (6 лютага) 1914[2]
Саматэвічы, Клімавіцкі павет, Магілёўская губэрня
Памёр 4 лютага 1978(1978-02-04)[3] (64 гады)
Нясьвіж, Менская вобласьць
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці журналіст, перакладнік, пісьменьнік
Гады творчасьці 1926—1972
Кірунак сацыялістычны рэалізм
Жанр паэзія, сцэнар
Мова расейская мова і беларуская мова
Дэбют 1926 год
Значныя творы паэмы «Сьцяг брыгады» (1943), «Новае рэчышча» (1951)
Прэміі
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Леніна
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу
Ордэн Працоўнага Чырвонага Сьцягу

Дзяржаўныя прэміі СССР (1946, 1949), камсамола Беларусі (1968), дзяржаўная прэмія БССР імя Янкі Купалы (1970)

Узнагароды
Творы на сайце Knihi.com
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Куляшоў.

Арка́дзь Алякса́ндравіч Куляшо́ў (6 лютага [ст. ст. 24 студзеня] 1914, Саматэвічы — 4 лютага 1978, Нясьвіж) — беларускі савецкі паэт, народны паэт БССР (1968).

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і настаўніка ў вёсцы Саматэвічы Клімавіцкага павету, Магілёўскай губэрні (цяпер Касьцюковіцкі раён Магілёўскай вобласьці). Аляксандар Мікалаевіч, бацька Аркадзя Куляшова, пэўны час жыў у Маскве, калі быў маладым. Там ён сьпяваў у народным хоры. Маці Аркадзя Куляшова Кацярына Фамінічна Ратабыльская таксама сьпявала[1].

Яшчэ ў раньнім дзяцінстве бацькі пазнаёмілі Аркадзя з творамі Пушкіна, Лермантава, Някрасава. З чатырохгадовага ўзросту ён робіць першыя вершаваныя спробы. Так назьбіраў два сшыткі вершаў, якія аб’яднаў назвай «Собрание сочинений Кулешова-Несчастного». Сшыткі з раньнімі вершамі не захаваліся[4].

У першы клас пайшоў, калі яшчэ ня меў 4 гадоў[5]. Ад 1921 да 1928 году А. Куляшоў вучыўся ў Саматэвіцкай школе-сямігодцы.

У 1924 годзе бацькі Куляшова разьвяліся, і ён стаў самастойна жыць у сваёй хаце, працягваў вучобу ў школе. Прыглядала за ім старэнькая жанчына, якую ў паэме «Далёка да акіяна» ён называе Тадораўнай[6].

У 1928 годзе паступіў у Мсьціслаўскі пэдтэхнікум, дзе пазнаёміўся са Зьмітраком Астапенкам ды Юліем Таубіным. Незадоўга да дзяржаўных экзамэнаў пакінуў вучобу. Разам з Астапенкам і Таўбіным адпраўляецца ў падарожжа на Каўказ і ў Крым[7].

У 1930 годзе пераехаў у Менск, дзе ад 1931 году працягнуў навучаньне на першым курсе літаратурнага факультэту Беларускага вышэйшага пэдагагічнага інстытуту, дзе вучыўся да вясны 1933 году. Уваходзіў у БелАПП (Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменьнікаў). У лютым 1931 году ўваходзіў у творчую групу пры БелАПП, якая называлася «Ударны пост»[8].

У 1934 годзе прыняты ў Саюз беларускіх пісьменьнікаў. У 1934 годзе працаваў у рэдакцыі газэты «Чырвоная зьмена», з 1934 да 1936 году — на Беларускім радыё, літкансультантам пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў[9]. 27 студзеня 1936 у сям’і Аркадзя Куляшова ды Аксаны Фёдараўны Куляшовай (Вечар) нарадзілася дачка Валянціна[1].

Удзельнік нямецка-савецкай вайны (з 1941 да 1943 году на фронце[10] працаваў у армейскай газэце «Сьцяг Саветаў» («Знамя Советов»), з 1943 да 1945 году — у Беларускім штабе партызанскага руху).

Пасля вайны на працягу 1945—1946 гадоў быў рэдактарам газеты «Літаратура і Мастацтва», потым старшынём сцэнарнага аддзелу, і ўрэшце з 1958 да 1967 году галоўным рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм»[11].

Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 2—8-га скліканьняў (1947—1978). У 1961 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVI сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН.

Памёр у ноч на 4 лютага 1978 у санаторыі ў Нясьвіжы, пахаваны ў Менску на Ўсходніх могілках[1].

Творчасьць

Пачынае пісаць вершы на расейскай мове[5].

У 1925 годзе ў №2 газэты «Маладняк Каліншчыны» апублікаваная рэцэнзія на паэму М. Чарота «Босыя на вогнішчы»[12] з крыптонімам «А. К.». У №14 газэты «Малады араты» апублікаваны матэрыял «Камсамольцы за вучобаю» пад прозьвішчам «Куляшоў», але аўтарства гэтых публікацыяў спрэчнае.

Пачаў друкавацца ў 1926. 30 верасьня ў Клімавіцкай акруговай газэце «Наш працаўнік» пад псэўданімам Аркадзь Дуда быў апублікаваны верш «Ты мой брат». Твор зьяўляецца літаратурным дэбютам Куляшова. У рэспубліканскім друку першыя вершы зьявіліся ў 1927 г. у часопісе «Чырвоны сейбіт».

У траўні 1928 году ў Полымі №5 быў апублікаваны верш «Бывай…». Прататыпам вобразу Алесі была школьная сяброўка Куляшова Аляксандра Карыткіна (Белазорава), якая абудзіла ў падлетка пачуцьцё першага каханьня. Верш пакладзены на музыку І. Лучанком. У выкананьні ансамбля «Песьняры» музычны твор набыў шырокую вядомасьць пад назвай Алеся[13].

Восеньню 1930 году выйшаў першы зборнік вершаў «Росквіт зямлі»[14]. Рэдактарам першага зборніку Аркадзя Куляшова быў Міхась Чарот, які моцна пачысьціў зборнік ад найбольш узьнёслых вершаў. Гэта настолькі не спадабалася Куляшову, што на наступнай сваёй кнізе ён прыпісаў «Першая кніга паэзіі»[15].

Ёсьць меркаваньне, што на паэзію Аркадзя Куляшова зрабіў моцны ўплыў Міхаіл Лермантаў[16].

Суаўтар сцэнараў фільмаў «Чырвонае лісьце» (з Алесем Кучарам, пастаўлены ў 1958), «Першыя выпрабаваньні» (па трылёгіі Якуба Коласа «На ростанях», з Максімам Лужаніным, пастаўлены ў 1960—1961) і «Запомнім гэты дзень» (з М. Лужаніным, пастаўлены ў 1967).

Перакладчык клясычнай паэзіі з расейскай, украінскай ды іншых моваў. У яго перакладах выйшлі раман Густава Эрыксана «Валацужная Амэрыка» (1932[17]), паэма Аляксандра Пушкіна «Цыганы» (1937) і раман у вершах «Яўгеній Анегін» (1949), паэма Алексіса Парніса «Сказаньне пра Белаяніса» (1959[18]), «Выбраная паэзія» Міхаіла Лермантава (1969), паэма «Энеіда» Івана Катлярэўскага (1969), «Сьпеў аб Гаяваце» Г. Лангфэла (1969), зборнік вершаў Кайсына Куліева «Кніга зямлі» (1974), «Выбранае» Сяргея ЯсенінаРыгорам Барадуліным, 1976), асобныя творы Тараса Шаўчэнкі, Уладзімера Маякоўскага, Аляксандра Твардоўскага, М. Ісакоўскага, Аляксандра Пракоф’ева, Максіма Рыльскага, Андрэя Малышкі, Мікалая Нагнібеды, Расула Гамзатава ды інш.

Па матывах паэмы «Песьня аб разведчыках» у 1967 зьнятая тэлеопэра «Ранак» (музыка Генрыха Вагнэра). Выступаў зь літаратурна-крытычнымі артыкуламі[19]. Творы Аркадзя Куляшова перакладзеныя на 33 мовы сьвету, у тым ліку расейскую, украінскую, польскую, летувіскую ды латыскую.

Зборы твораў у 2-х (1957, 1964), 4-х (1966—1967), 5-ці тамах (1974—1977).

Бібліяграфія

Кнігі паэзіі

  • «Росквіт зямлі» (1930)
  • «Па песьню, па сонца!..» (1932)
  • «Медзі дождж» (1932)

Зборнікі

  • «Мы жывём на граніцы» (1938)
  • «Радзіме і правадыру» (1938)
  • «У зялёнай дуброве» (1940)
  • «Добры чалавек» (1941)
  • «На сотай вярсьце» (1945)
  • «Вершы» (1946)
  • «Паэмы» (1947)
  • «Выбраныя вершы і паэмы» (1948)
  • «Камуністы» (1949, на расейскай мове[20])
  • «Выбраныя творы» (1947, 1951)
  • «Новая кніга» (1964)
  • «Сасна і бяроза» (1970)
  • «Мая Беседзь» (1973)
  • «Хуткасьць» (1976)
  • «Крылы» (1985)
  • «Профілі» (1987)
  • «Маналёг» (1989, вершы і паэмы)

Паэмы

  • «Аманал» (1933)
  • «Габрун» (1935)
  • «Баранаў Васіль» (1941)
  • «Сьцяг брыгады» (1943)
  • «Прыгоды цымбал» (1945)
  • «Простыя людзі» (1949)
  • «Новае рэчышча» (1951, у 1949 годзе была апублікаваная на расейскай мове ў зборніку «Камуністы»[20])
  • «Грозная пушча» (1958)
  • «Далёка ад акіяна» (1972)
  • «Варшаўскі шлях» (1973, прысьвечаная Аляксандру Твардоўскаму)
  • «Хамуціус» (1975, пра лёс Кастуся Каліноўскага)

Узнагароды

Памяць

Імем Куляшова названыя Магілёўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, школы ў Менску і Саматэвічах. У в. Новыя Саматэвічы Касьцюковіцкага раёну Магілёўскай вобласьці знаходзіцца літаратурны музэй імя А. Куляшова. Іменем Аркадзя Куляшова названыя вуліцы ў Менску ды Магілёве. Мэмарыяльную дошку ўсталявалі ў Менску на доме, дзе ён жыў[21].

Ад 1979 году Саюз беларускіх пісьменьнікаў прысуджае літаратурную прэмію імя Аркадзя Куляшова . Пра А. Куляшова створаны дакумэнтальны фільм «Край крынічны» (1972). Песьня «Камсамольскі білет» з альбому Tanki гурту Neuro Dubel напісаная на словы Аркадзя Куляшова.

31 студзеня 2014 году Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарачэньне памятныя манэты «Аркадзь Куляшоў. 100 гадоў». Іх адчаканілі срэбранымі наміналам 10 рублёў, пробай стопку 925, вагой 16,81 граму і прамерам 37 мм. Такія самыя медна-нікелевыя манэты мелі намінал 1 рубель, вагу 15,5 граму і прамер 33 мм. Агулам на «Летувіскім манэтным двары» адчаканілі 2000 срэбраных манэтаў якасьцю «пруф» і 4000 медна-нікелевых якасьцю «пруф-лайк»[22].

Крыніцы

  1. ^ а б в г Куляшоў Аркадзь // Беларускія пісьменнікі: Бібліягр. слоўн. У 6т. / Пад рэд. А.В.Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1994. — Т. 3. — С. 459. — 585 с. — 5600 ас. — ISBN 5-85700-123-4
  2. ^ http://vershy.ru/category/arkadz-kulyasho%D1%9E
  3. ^ Arkadz Kuliašov // https://www.vle.lt/straipsnis/arkadz-kuliasov/
  4. ^ Голуб Т. Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова. С. 15-16
  5. ^ а б Голуб Т. Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова. С. 15
  6. ^ Голуб Т. Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова. С. 15, 17
  7. ^ Голуб Т. Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова. С. 21
  8. ^ Голуб Т. Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова. С. 26-27
  9. ^ Куляшоў Аркадзь // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
  10. ^ Аркадзь Куляшоў Дарогі / Уклад. В.Куляшовай ; Маст. А.І.Цароў. — Мн.: Маст. літ., 2003. — 317 с. — 2000 ас. — ISBN 985-02-0579-2
  11. ^ Кароткая біяграфія на старонцы «Беларускія літаратары»
  12. ^ Міхась Чарот Босыя на вогнішчы : паэма / з папярэднім артыкулам В. Кнорына "На пути к белорусской пролетарской поэзии". — Клімавічы: выданне Калінінскага акрпалітасветы, 1925. — 31 с. — 3000 ас. У кнізе таксама: Босыя на вогнішчы : крытычны нарыс / У. Ігнатоўскі.
  13. ^ Голуб Т. Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова. С. 19-20
  14. ^ Голуб Т. Летапіс жыцця і творчасці Аркадзя Куляшова. С. 25
  15. ^ Варлен Бечык Шлях да акіяна : кніга пра паэзію А. Куляшова. — Мінск: Мастацкая літаратура, 1981. — 268 с. — 4000 ас.
  16. ^ Мікола Арочка Пад высокай зоркай : Паэзія М.Ю.Лермантава ў творчым лёсе Аркадзя Куляшова / АН БССР,І-т літ.імя Янкі Купалы.. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — 48 с. — 1450 ас.
  17. ^ Густаў Эрыксон Валацужная Амерыка : Раман / Пер. з рус. мовы А.Куляшова.. — Мн.: Дзяржвыд Беларусі. ЛіМ,, 1932. — 183 с. — 5000 ас.
  18. ^ Парніс А. Сказанне пра Белаяніса: Паэма / З навагрэч. // Полымя. — 1959. — № 12.
  19. ^ Аркадий Кулешов // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г.П.Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9. — С. 17-18. — 560 с. — 10 000 ас.
  20. ^ а б Аркадий Кулешов Камуністы = Коммунисты : стихи ; Новое русло : поэма : авторизованный перевод с белорусского. — Москва: Советский писатель, 1949. — 122 с. — 25 000 ас.
  21. ^ В. Л. Бечык. Куляшоў Аркадзь Аляксандравіч // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. У 5 т. / Рэд. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1986. — Т. 3: Карчма — Найгрыш. — 751 с. — 9500 ас. С. 161—162
  22. ^ Уладзіслаў Кулецкі. Пісьменьнік і мастак — праз 100 гадоў разам // Зьвязда : газэта. — 1 лютага 2014. — № 19 (27629). — С. 4. — ISSN 1990-763x.

Вонкавыя спасылкі