Тэтрыс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Клён Тэтрысу GNOMEtris

Тэтрыс (па-ангельску: Tetris) — лягічная кампутарная гульня, створаная савецкім праграмоўцам Аляксеем Пажытнавым 6 чэрвеня 1984 году. Ідэя гульні натхнёная гульнёй пэнтаміна.

У клясычным «Тэтрысе» выкарыстоўваюцца фігуры, састаўленыя з чатырох квадратных сэгмэнтаў. Усяго магчыма сем варыянтаў: квадрат; простакутнік; літара «Т»; дзьве літары «Г», правая і левая; дзьве літары «Z», правая і левая.

Фігуры падаюць зьверху да долу ў прастакутнай «шклянцы». На працягу падзеньня фігуры гулец можа перамяшчаць яе ўправа-ўлева, альбо паварочваць яе па гадзіньнікавай стрэлцы ці супраць. Фігура спыняецца, калі дасягне дна калодзежа, альбо яе руху ўніз будзе перашкаджаць іншая фігура. Калі сэгмэнты фігур цалкам запоўняць рад, ён «згарае», а на яго месца апускаюцца вышэйляжачыя рады. Мэта гульні: разьмяшчаючы фігуры найшчыльней, пратрымацца як мага болей часу. Гульня лічыцца скончанай, калі ў «шклянцы» не застанецца месца для чарговай фігуры.

Рэалізацыі «Тэтрысу» існуюць на болей за 200 плятформаў. Створаныя варыянты зь іншымі наборамі фігур. У некаторых рэалізацыях магчымы ўдзел некалькіх гульцоў.