Вольга Дзёмкіна

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Вольга Васільеўна Дзёмкіна — беларуская мастачка дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Нарадзілася ў вёсцы Забаеньне Чашніцкага раёну. Скончыла Рэспубліканскую школу-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (1971), Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (1977), асьпірантуру Акадэміі мастацтваў (па мастацтве).

Працавала на Менскім вытворчым камбінаце (1979). У пачатку 1980-х бывала ў Зэльве ў Ларысы Геніюш, якую лічыць сваёй улюбёнай паэткай.[1]

У тэхніцы габэлену стварыла шэраг твораў на тэмы беларускай мінуўшчыны («Рэха» 1977, «Песьня з мінулых стагодзьдзяў» 1978, «Ветразь сьвету» 1986, «На строме часу» 1986, «Малітва» 1992), чарнобыльскай трагедыі («Чорная быліна пра ненароджаных дзяцей Палесься», прысьвечаная сястры Сьвятлане, якая сталася ахвярай чарнобыльскай трагедыі[2], «Крыніца часу», абедзьве 1989, «Узыходжаньне» 1990, «Зорка палын» 1991, «Таямніца сьвятла» 1995), космасу і сусьвету («Пакланіцеся зоркам» 1992, «Песьня вятроў» 1996). У работах «Дажынкі», «Гуканьне вясны», «Купальле», «Паганскія сымбалі», «Гімн лілеям» (усе 1990) — тактоўная спроба расшыфраваць знакавую сыстэму беларускіх арнамэнтаў. Стварыла сцэнарныя строі для ансамбляў «Песьняры», «Жалейка», «Зорачка», «Купалінка» і інш.

У 1997 выехала ў Францыю, дзе зладзіла больш за 15 пэрсанальных выставаў, атрымала залаты мэдаль Міжнароднай акадэміі мастацтва і літаратуры ў Парыжы і мэдаль Нацыянальнай асамблеі Францыі (агульная колькасць розных мэдалёў — 11). Нягледзячы на прапановы францускага боку, захоўвае беларускае грамадзянства.[3]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]